пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст.наз.земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л.Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,
войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс.укр. казакоў на чале з гетманам П.К.Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч.Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЯна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.
палітычная партыя ў Зах. Беларусі ў 1922—25. Утварылася як левае крыло Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). Заснавальнік С.А.Рак-Міхайлоўскі. Напачатку БПНС не проціпастаўляла сябе сацыял-дэмакратам. Разам з БСДП, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй удзельнічала ў рабоце Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і распрацоўцы выбарчай платформы. На выбарах у ліст. 1922 Рак-Міхайлоўскі выбраны паслом у польскі сейм. Пазней да БПНС далучыліся паслы П.П.Валошын, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, якія пад уплывам КПЗБ і КП(б)Б выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і 24.6.1925 утварылі самаст. фракцыю ў сейме — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў канцы 1925 разам з камуністамі пачалі ствараць аднайм. масавую арг-цыю. З гэтага часу БПНС злілася з КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛІК (Язэп Емяльянавіч) (6.4.1893, в. Калодчына Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1937),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыўшы Барунскую настаўніцкую семінарыю (1914), настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай бел. гімназіі імя Ф.Скарыны (1922), удзельнічаў у рабоце Т-вабел. школы. З 1925 чл.Беларускай сялянска-работніцкай грамады, з 1930 чл.КПЗБ. У 1928 абраны дэпутатам у польскі сейм. Адзін са стваральнікаў і старшыня рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». У жн. 1930 арыштаваны польск. ўладамі як «дзяржаўны злачынца» і прыгавораны да 9,5 года зняволення. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Мінску заг. сектара Нар. камісарыята асветы БССР. У 1933 рэпрэсіраваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 21.11.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШНАКІ́,
члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-пад тур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,
створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах.ч.Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс.км.2, нас. ў 1815 каля 776 тыс.чал., у 1871 — больш за 1,5 млн.чал. Цэнтр — г.Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл.«Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ДКАЎСКІ, Сладкоўскі (Sladkovsky) Карал (22.6.1823, Прага — 4.3.1880), чэшскі паліт. дзеяч. Д-р права (1866). Скончыў Пражскі ун-т (1848). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі адзін з лідэраў радыкальных дэмакратаў і кіраўнікоў Пражскага паўстання 1848, удзельнік 1-га Усеслав. з’езда (чэрв. 1848, Прага). Вясной 1849 за ўдзел у падрыхтоўцы новага паўстання арыштаваны і прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю, замененага на 20 год зняволення. У 1857 памілаваны. З 1862 дэп.чэш. сейма, з 1867 і чл. яго земскага к-та. 22.8.1868 у знак пратэсту супраць аўстра-венг. пагаднення і канстытуцыі 1867 выйшаў з сейма і к-та. У 1875 зноў выбраны ў сейм. Адзін з лідэраў младачэхаў, прыхільнік пераўтварэння двухадзінай Аўстра-Венгрыі ў трохадзіную Аўстра-Венгра-Чэшскую манархію. Садзейнічаў стварэнню чэш.нац. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўдзельнае княства ВКЛ з цэнтрам у г. Капыль. Утворана ў 1395. У канцы 14—1-й пал. 15 ст. княства наз. таксама Капыльска-Слуцкім ці Слуцка-Капыльскім, з 2-й пал. 15 ст. — Слуцкім, бо ў сярэдзіне 15 ст. Алелькавічы перанеслі сваю сталіцу ў г. Слуцк. У 1494 тэр. княства ўключала г. Капыль з яго дварамі (цэнтрамі маёнткаў) і дварцамі (цэнтрамі невял. маёнткаў) — Байлаўцы (Баелаўцы), Сыраватчычы, Старыца, Скеп’ева, Старое Сяло; пазней згадваецца мяст. Цімкавічы. Такі адм. ўклад захоўваўся да 1791, і К.к. было адной з адм.-тэр. адзінак Слуцкага княства са сваім намеснікам, або губернатарам. У 1791 сейм Рэчы Паспалітай скасаваў К.к. (разам са Слуцкім) і ўтварыў на іх тэр. Случарэцкі пав., але памешчыцкая адміністрацыя К.к. ў княжацкай адміністрацыі Радзівілаў, а потым Вітгенштэйна захоўвалася яшчэ ў 1-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),
галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.Г.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні яго бел. маёнткі канфіскаваны.