БІЗЭ́ ((Bizet) Жорж) (сапр. імя Аляксандр Сезар Леапольд, пры хрышчэнні Жорж; 25.10.1838, Парыж — 3.6.1875),
французскі кампазітар, піяніст. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857, вучыўся ў А.Мармантэля, П.Цымермана, Ф.Галеві, Ш.Гуно). У 1857 за кантату «Клавіс і Клацільда» атрымаў вял. Рымскую прэмію, у 1858—60 жыў у Італіі. Адмовіўшыся ад канцэртнай дзейнасці, займаўся кампазітарскай творчасцю. Напісаў каля 20 опер (многія не закончаны), у т. л. «Дон Пракопіо» (1858—59, паст. 1906), «Іван Грозны» (1865, не закончана, паст. 1946), З аперэты, у т. л. «Доктар Міракль» (1857), музыку да драм. спектакляў. Найб. блізкія яму былі сюжэты з элементамі псіхал. драмы, вострымі канфліктамі. Раннія оперы Бізэ «Шукальнікі жэмчугу» (1863), «Перцкая прыгажуня» (паводле В.Скота, 1866, паст. 1867) развіваюць традыцыі франц. лірычнай оперы, вылучаюцца меладычным багаццем, маляўнічасцю аркестроўкі, зручным для спеваў выкладаннем вак. партый. У іх выявілася імкненне кампазітара да народнасці, жыццёвай праўды. Рэаліст. тэндэнцыі больш яскравыя ў оперы «Джаміле» (паводле паэмы А.Мюсэ «Намуна», 1871, паст. 1872) і музыцы да драмы А.Дадэ «Арлезіянка» (1872). Ён амаль не карыстаўся цытатамі, але, засвоіўшы рытма-інтанац. асаблівасці нар. напеваў, дакладна ўзнаўляў у іх характар усх. і правансальскай музыкі. Вял. папулярнасць набылі 2 аркестравыя сюіты з музыкі да «Арлезіянкі» (1-я належыць Бізэ, 1872, 2-я — Э.Гіро, 1885) — яркі ўклад у сусв.сімф. музыку. Найб. значны твор Бізэ — опера «Кармэн» (паводле П.Мерымэ, 1875) — адна з вяршыняў опернага мастацтва 19 ст. Аўтар арк. твораў, у т. л. сімфоніі-кантаты «Васка да Гама» (1859—60), сімфоніі «Рым» (1871), фп. п’ес, рамансаў, песень і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Письма. 2 изд. М., 1988.
Літ.:
Брук М. Бизе. М., 1938;
Хохловкина А. Жорж Бизе. М., 1959;
Robert F. Georges Bizet: L’homme et son oeuvre. [Paris, 1965].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).
2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб.стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.Ф.Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.Я.Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.М.Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.П.Навіцкага, 1871—72).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́НСКІ (Вісарыён Рыгоравіч) (11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),
рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.У.Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.І.Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.А.Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.А.Някрасава і І.І.Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.С.Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.Лермантава», «Раздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1953—59;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1976—82.
Літ.:
Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас.сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НДЭЛЬ ((Händel) Георг Фрыдрых) (23.2.1685, г. Гале, Германія — 14.4.1759),
ням. і англ. кампазітар, арганіст, дырыжор. Музыку вывучаў у Гале. У 1702 вучыўся ў ун-це і працаваў арганістам у гальскім саборы. З 1703 скрыпач, клавесініст і кампазітар Гамбургскай оперы. У 1706—10 удасканальваўся ў Італіі, выступаў як віртуоз-арганіст, клавесініст. У 1710—16 прыдворны капельмайстар у Гановеры (Германія). З 1712 жыў пераважна ў Лондане, з 1720 узначальваў Каралеўскую акадэмію музыкі. Пастаноўкі опер «Агрыпіна» (1709, Венецыя) і «Рынальда» (1711, Лондан) замацавалі за ім славу аднаго з буйнейшых оперных кампазітараў Еўропы. З канца 1730-х г. пісаў пераважна араторыі (найб. вядомыя «Ізраіль у Егіпце», 1739; «Месія», 1742; «Іуда Макавей», 1747). Працуючы над апошняй араторыяй «Іеўфай» (1752), страціў зрок, аднак да апошніх дзён рыхтаваў свае творы да друку. Гендэль стварыў новы тып вак.-інстр. твораў, якія спалучаюць у сабе маштабнасць (магутныя хары) і строгую архітэктанічнасць. Яго творам уласцівы манум.-гераічны стыль, аптымістычны, жыццесцвярджальны пачатак, які гарманічна аб’ядноўвае ў адно цэлае героіку, эпіку, лірыку, трагедыйнасць, пастаральнасць. Як драматург ён імкнуўся да стварэння муз. драмы ў рамках оперы і араторыі, шляхам кантрастнага супастаўлення драматургічных пластоў дасягаў напружанага развіцця дзеяння. Мастак эпохі Асветніцтва, Гендэль абагульніў дасягненні муз. барока, прадвызначыў шляхі да муз. класіцызму. Яго творчасць значна паўплывала на І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінку, а араторыі паслужылі ўзорамі для рэфарматарскіх опер К.В.Глюка. У розных краінах засн. Гендэлеўскія т-вы. У 1986 у г. Карлсруэ створана Міжнар. Гендэлеўская акадэмія. Сярод твораў: 46 опер, у т. л. «Зменлівасць царскага лёсу, або Альміра, каралева Кастыльская» (1705), «Амадыс» (1715), «Радаміст» (1720), «Юлій Цэзар», «Тамерлан» (абедзве 1724), «Радэлінда» (1725), «Адмет» (1727), «Партэнопа» (1730), «Пор» (1731), «Аэцый» (1732), «Раланд» (1733), «Арыядант», «Альцына» (абедзве 1735), «Ксеркс» (1738), «Дэідамія» (1741); 32 араторыі, у т. л. «Трыумф Часу і Праўды» (1707), «Ацыс і Галатэя» (1732), «Эсфір» (1720), «Гафалія» («Аталія», 1733), «Саул» (1739), «Самсон» (1743), «Тэадора» (1750); каля 100 кантат (1707—09, 1740—59); царкоўная музыка, у т. л. Te Deum (5), антэмы, псалмы; аркестравая музыка: 18 Concerti grossi; для інструментаў з арк., у т. л. 20 арганных, 3 для габоя, для валторны; уверцюры, сюіты для выканання на вольным паветры («Музыка феерверка», 1749, і інш.); трыо-санаты, санаты для клавіра; вак. дуэты і тэрцэты; песні, арыі; музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ. тв.: Werke. Bd. 1—100. Leipzig, 1858—94.
Літ.:
Роллан Р. Гендель // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр.М., 1987. Вып. 2;
Проблемы музыкального стиля И.С.Баха, Г.Ф.Генделя. М., 1985;
Chrysander F. G.F.Händel. Bd. 1—3. 2. Aufl. Leipzig, 1919;
Lang P.H. G.F.Handel. New York, 1966;
Siegmund-Schultze W. G.F.Händel. 4. Aufl. Leipzig, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГ, багі,
у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл.Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАВІКІ́,
прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас.рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв.рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац.праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.
Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАВА МЯЦЕ́Ж 1917,
карнілаўшчына, узброенае выступленне рас.вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.Ф.Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.М.Крымава і Дз.П.Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм.ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-тнар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам. — ген. М.В.Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.С.Лукомскі, І.П.Раманоўскі, С.А.Маркаў, І.Г.Эрдэлі, А.І.Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.
Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв.к-тЗах. фронту (старшыня — эсэр А.М.Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.І.Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.В.Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен. камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.
Літ.:
Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;
Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст.праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: 36. арт.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,
расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.М.Мураўёў, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, С.І., М.І.Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».
«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.М.Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.А.Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.
29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.
Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.І.Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва«Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.І.Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.
Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.
Літ.:
Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;
Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;
Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Бугаёў Дз. Зброяй сатыры, зброяй праўдыМн., 1971;
Лаўшук С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986;
Сабалеўскі А. Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1989;