ДАМАШЭ́ВІЧ Уладзімір Максімавіч

(17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей — жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абуджэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У.Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950—60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. — людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І.Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е.Путраманта «Верасень» (з Я.Міско), апавяданні К.Федзіна, Ю.Нагібіна, У.Салаухіна і інш.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1977;

Выбр. творы. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С. У пошуках гераічнага і незвычайнага // Полымя. 1960. № 8;

Ярош М. Творчы неспакой пісьменніка // Там жа. 1963. № 12;

Няхай М. Пара творчай сталасці // Бел. літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983.

І.У.Саламевіч.

У.М.Дамашэвіч.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)