хваробы раслін, якія выклікаюцца неспараноснымі бактэрыямі з сямействаў мікабактэрый, псеўдаманадаў, бактэроідаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Многія вельмі шкодныя, асабліва ў паўд. раёнах зямнога шара. Прычыняюць страты с.-г. культурам: бульбе, памідорам, агуркам, капусце, буракам, бабовым, бавоўніку, тытуню, пладовым, вінаграду і інш. Пашкоджанні бываюць: агульныя (выклікаюць гібель усёй расліны або асобных яе частак — гамоз бавоўніку, сасудзісты бактэрыёз капусных), выяўляюцца на каранях (каранёвыя гнілі) або ў сасудзістай сістэме (гл.Сасудзістыя хваробы раслін); мясцовыя (захворванні асобных частак або органаў расліны — бактэрыяльная мокрая гніль агародніны, бактэрыёз агуркоў і дыні), выяўляюцца на парэнхімных тканках у форме апёкаў раслін, плямістасцяў раслін і мокрых гніляў: мяшанага характару (сасудзіста-парэнхіматозныя хваробы, напрыклад, бактэрыёз сланечніку). Асобнае месца займаюць бактэрыяльныя хваробы раслін, звязаныя з утварэннем пухлін (бактэрыяльны каранёвы рак пладовых). Бактэрыі пранікаюць у расліну праз вусцейкі лісця, вадзяныя поры, розныя раны. Перадача ўзбуджальнікаў магчыма з насеннем і пасадачным матэрыялам, расліннымі рэшткамі, кроплямі дажджу, паліўнымі водамі, насякомымі, нематодамі і інш. Меры барацьбы гл. ў арт.Хваробы сельскагаспадарчых раслін.
Літ.:
Бактериальные болезни растений. М., 1981;
Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),
сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.
Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТЭРАМІЦЭ́ТЫ (Gasteromycetes),
група парадкаў базідыяльных грыбоў. 11 парадкаў, 23 сям., 145 родаў, больш за 1000 відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў цёплых і ўмерана цёплых засушлівых раёнах (стэпах, паўпустынях і пустынях), ёсць трапічныя роды і віды, таксама касмапаліты. На Беларусі 5 парадкаў — нідулярыяльныя, дажджавіковыя, гіменагастральныя, склерадэрматальныя, фаляльныя, 23 роды (найб. вядомыя вясёлка, галавач, гняздоўка, дажджавік, порхаўка, зорачнік, тыгельчык несапраўдны дажджавік, міцэнаструм, гіменагастэр, каранёвец, кілішак, лангерманія), каля 60 відаў. У асноўным глебавыя сапратрофы і ксілатрофы, некаторыя мікарызаўтваральнікі, ёсць каранёвыя паразіты. Растуць у лясах на глебе і подсціле, рэштках драўніны, на лугах і палях. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.
Характэрныя прыкметы гастэраміцэтаў — замкнёнасць пладовых цел да поўнага выспявання базідыяспор. Пладовыя целы сядзячыя або на ножцы, розныя па форме (шара-, клубне-, груша-, яйца-, кубачка-, зоркападобныя і інш.), памерах (дыям. 1—70 см), масе (да 12,5 кг). Бываюць наземныя, паўпадземныя, падземныя. Пладовыя целы ўкрыты адна-, двух- або шматслаёвай абалонкай (перыдыем). Мякаць (глеба) у маладым узросце белая або шараватая, рыхлая, у пераважнай большасці відаў з камерамі, у якіх развіваюцца базідыі з базідыяспорамі, потым парашкападобная, слізкая ад аліўкавага да карычневага колеру, зрэдку застаецца шчыльнай. Сярод гастэраміцэтаў — ядомыя (маладыя галавачы, дажджавікі і інш.), ядавітыя (несапраўдны дажджавік), лек. (вясёлка) грыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБЫ́ (Mycota),
група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.
Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.
У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.
Літ.:
Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;
Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш.сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш.У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПЛІВАННЕ,
перасадка часткі (чаранка) або пупышкі расліны (прышчэпка) на інш. расліну (прышчэпу); спосаб вегетатыўнага размнажэння. Пры П. камбіі прышчэпы і прышчэпка павінны шчыльна сумяшчацца, потым яны зрастаюцца, утвараючы цэльны раслінны арганізм. Выкарыстоўваюць для размнажэння пладовых, ягадных, дэкар. раслін, зберажэння дрэў, кара якіх пашкоджана, стварэння карлікавых форм. Вядома да 400 спосабаў П.; найб. пашыраныя: акуліроўка (П. пупышкай), капуліроўка (пры аднолькавай таўшчыні прышчэпы і прышчэпка), П. ў расшчэп, за кару, у бакавы зарэз, мосцікам (калі прышчэпа таўсцейшая за чаранок) і інш.
Пры П. ў расшчэп прышчэпу зразаюць пад пянёк, робяць расшчэп, у які ўстаўляюць з процілеглых бакоў па чаранку (сочаць, каб супадалі камбіяльныя слаі). П. за кару робяць у перыяд веснавога актыўнага руху сокаў, калі адстае кара. На прышчэпе робяць вертыкальны разрэз кары і аддзяляюць яе краі ад драўніны. На ніжнім канцы прышчэпка робяць касы зрэз і ўстаўляюць яго ўнутр разрэзу кары прышчэпы. Пры П. ў бакавы зарэз дасягаецца больш трывалае замацаванне прышчэпы з прышчэпкам. Зразаюць надземную ч. прышчэпы, робяць касы (пад вуглом 20—25°) зарэз. На ніжняй ч. прышчэпка з процілеглых бакоў робяць 2 зрэзы і ўстаўляюць яго ў разрэз на прышчэпе, пры гэтым сумяшчаюць камбіяльныя слаі. П. мосцікам выкарыстоўваецца для лячэння пашкоджаных штамбаў. На ствале вышэй і ніжэй пашкоджанага ўчастка робяць Т-падобныя разрэзы кары. На чаранках (павінны быць крыху даўжэйшыя за адлегласць паміж разрэзамі) выдаляюць пупышкі, робяць канцавыя касыя зрэзы ў адной плоскасці. Устаўляюць у разрэзы ніжнія канцы чаранкоў, замацоўваюць, потым дугападобна выгінаюць чаранкі і ўстаўляюць у разрэзы іх верхнія канцы.
клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.
Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.
А.М.Капіч.
Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,
пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.
Літ.:
Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;
Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНО́МІЯ (ад агра... + грэч. nomos закон),
комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.
Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.Ц.Болатаву, І.М.Комаву, А.Тэеру, Ю.Лібіху, В.В.Дакучаеву, В.Р.Вільямсу, К.А.Ціміразеву, Дз.М.Пранішнікаву, І.У.Мічурыну, М.І.Вавілаву, бел. вучоным А.В.Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.А.Сцебуту, М.В.Рытаву, В.С.Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш.с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.
Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г.н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г.ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, І.С.Лупіновіч, Ц.М.Годнеў, В.І.Шэмпель, В.Ф.Купрэвіч, П.П.Рагавой, М.А.Дарожкін, С.Г.Скарапанаў, П.І.Альсмік, М.Дз.Мухін, Т.Н.Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.
Літ.:
Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;
Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІНАВО́ДСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем культурных раслін для вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлю — кармамі, многія галіны прам-сці (харч., камбікормавую, тэкст., фармацэўтычную і інш.) — сыравінай расліннага паходжання. Уключае паляводства (вырошчванне збожжавых культур, тэхнічных культур, кармавых культур, кармавых траў, бульбаводства, насенняводства), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства, лесаводства. Існуе больш за 20 тыс. раслін, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць. Важнейшае гаспадарчае значэнне маюць 640, з іх 90 адносяцца да палявых культур. Аснова Р. і ўсёй с.-г. вытворчасці — збожжавая гаспадарка. Пад збожжавымі культурамі занята больш за пал. апрацаваных зямель свету. Рэгіёны іх распаўсюджання прыкладна супадаюць з асн. рэгіёнамі размяшчэння насельніцтва. У 1998 сусв.вытв-сць збожжа склала 2111 млн.т; яго вядучыя вытворцы — Кітай (21,4% валавога збору), ЗША (16,6%) і Індыя (11,1%). Найважн. збожжавыя культуры — пшаніца, рыс і кукуруза. Па плошчы пшаніца займае 1-е месца сярод с.-г. культур. Яе вырошчваюць больш за 70 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі і інш. У 1998 у свеце сабрана 589 млн.т пшаніцы. Вядучыя вытворцы — Кітай, ЗША і Індыя (больш за 40% сусв. вытворчасці). Рыс вырошчваюць на меншых плошчах, але па валавым зборы ён амаль не ўступае пшаніцы, таму што ў некат. рэгіёнах прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць 2—3 ураджаі за год. Асн. рысасеяльныя краіны — Кітай, Індыя, Інданезія, Бангладэш, Пакістан. Буйнейшыя вытворцы кукурузы — ЗША і Кітай. Сярод тэхн. культур найб. значэнне маюць валакністыя (бавоўнік, лён, джут, кенаф, каноплі і інш.), цукровыя (цукр. трыснёг, цукр. буракі, цукр. і вінная пальмы), алейныя (сланечнік, рапс, арахіс, клешчавіна, какосавая і алейная пальмы, масліна і інш.), эфіраалейныя (мята, герань, базілік, ружа, лаванда і інш.), а таксама каўчуканосныя, дубільныя, фарбавальныя, лекавыя, наркатычныя і інш.Найважн. валакністая тэхн. культура — бавоўнік, асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Пакістан. Ва ўмераных шыротах вырошчваюць лён-даўгунец (Кітай, Францыя, Беларусь). Асн.цукр. культуры — цукр. трыснёг і цукр. буракі. У 1999 у свеце атрымана больш за 133 млн.т цукру (у т. л. каля 60% з цукр. трыснягу). Буйнейшыя вытворцы — Бразілія і Індыя (разам даюць каля 30% сусв. вытв-сці). Бульба — універсальная культура, мае харч., тэхн. і кармавое значэнне. Сусв.вытв-сць 296 млн.т (1998), гал. вытворцы Кітай і Расія, адпаведна 16% і 10,6% агульнай вытворчасці. Значнае месца ў Р. займаюць агародніцтва, пладаводства і вінаградарства. У 1998 сусветная вытв-сць агароднінных і бахчавых культур склала 606 млн.т. Буйнейшы вытворца — Кітай (137 млн.т). Найб. развіта вытв-сцьпладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Б.ч. вінаграднікаў на Пд і ЗЗах. Еўропы (Італія, Іспанія, Францыя) і ў Паўн. Афрыцы.
На Беларусі Р. ў значнай ступені падначалена патрэбам жывёлагадоўлі. У 1990-я г. на Беларусі адбыліся значныя змены ў структуры пасеваў с.-г. культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (гл.табл.). Скарацілася доля збожжавых і зернебабовых культур. У складзе гэтай групы паменшылася ўдз. в. жыта, ячменю, аўса; павялічылася доля азімай і яравой пшаніцы. З тэхн. культур павялічылася доля рапсу, паменшылася доля лёну-даўгунцу, доля цукр. буракоў засталася нязменнай. Больш як у 2 разы павялічыліся пасевы агароднінных культур. Вырасла доля кармавых культур з-за павелічэння ўдз. в. шматгадовых і аднагадовых траў. У калгасах і саўгасах за апошняе дзесяцігоддзе скараціліся плошчы асн.с.-г. культур, у т. л. бульбы амаль у 3 разы. У гаспадарках насельніцтва, наадварот, назіраецца іх рост, у т. л. пад збожжавымі, бульбай, агароднінай і кармавымі. Больш за 80% валавых збораў бульбы, агародніны, пладоў і ягад вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках: насельніцтва ўсё больш пераходзіць на самазабеспячэнне гэтай прадукцыяй. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — асн. вытворцы збожжа, ільновалакна і цукр. буракоў. У размяшчэнні галін Р. найб. змены адбыліся на ПдУ рэспублікі, што абумоўлена вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або спынена вырошчванне лёну-даўгунцу, грэчкі, бабовых, агароднінных культур. Некат. розніца адзначаецца паміж развіццём Р. на З і У рэспублікі. На З (Брэсцкая, Гродзенская і зах. раёны Мінскай вобл.) прыродны, працоўны і вытв. патэнцыял лепшы, чым на У, таму эфектыўнасць Р. там больш высокая.
2) Навука аб культ. раслінах і іх вырошчванні. Гал. задача — вывучэнне біял. асноў і распрацоўка найб. дасканалых спосабаў вырошчвання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур пры найлепшай якасці прадукцыі. Р. цесна звязана з генетыкай, селекцыяй, фізіялогіяй раслін, аграхіміяй, біяхіміяй, земляробствам. Асн. метады даследавання — вегетацыйны, палявы, лабараторна-палявы і вытворчы.
Т.Л.Казакова.
Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур на Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый; тыс.га)
1985
1990
1995
1999
Уся пасяўная плошча
6241
6126
6150
6123
Збожжавыя і зернебабовыя
2816
2645
2692
2513
у т. л. жыта
1015
917
969
641
пшаніца
195
140
177
411
ячмень
918
1030
1033
811
авёс
380
360
335
293
грэчка
38
18
18
23
зернебабовыя
270
172
119
238
Тэхнічныя культуры
266
248
205
277
у т. л. лён
200
149
98
76
цукр. буракі
59
46
55
55
рапс
3
49
48
136
Бульба
708
638
725
661
Агародніна
47
41
77
93
Кармавыя культуры
2404
2554
2451
2578
Да арт.Раслінаводства: 1 — жытнёвы палетак; 2 — ільняное поле.