АЛЬБЕ́РТ ВЯЛІ́КІ (Albertus Magnus),
Альберт фон Бальштэт (Albert von Bollstädt; каля 1193, Лаўінген — 15.11.1280), нямецкі філосаф, тэолаг, прыродазнавец. Манах-дамініканец, епіскап Рэгенсбурга, папскі легат, арганізатар крыжовага паходу на тэр. Германіі. Вучыўся ў Падуі, Балонні. Выкладаў у Парыжы, Кёльне і інш.; настаўнік Фамы Аквінскага. Вывучаў анатомію, эмбрыялогію, батаніку, заалогію, хімію, касмалогію, оптыку. У сваіх творах даў энцыклапедычны агляд дасягненняў тагачаснай навукі. Увёў ва ўжытак сярэдневяковай філасофіі і навукі працы Арыстоцеля, якія выклаў і пракаменціраваў з пазіцый хрысціянскай тэалогіі. Сцвярджэнне пра стварэнне матэрыі і часу дало Альберту Вялікаму магчымасць узаконіць у рамках схаластыкі арыстоцелеву фізіку з яе вучэннем пра неперарыўнасць матэрыі як асновы змены. Поруч з сістэматызатарскай працай у галіне прыродазнаўства праводзіў уласныя даследаванні. Аўтар філас. прац («Сума тэалогіі» і інш.) і прыродазнаўчанавук. трактатаў. У 1931 кананізаваны каталіцкай царквой.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Віктар Уладзіміравіч) (12.1.1895, г. Зарайск, Расія — 4.10.1969),
рускі мовазнавец. Акад. АН СССР (1946). Д-р філал. н. (1940). Скончыў гіст.-філал. і археал. ін-ты ў Петраградзе (1918). Дырэктар Ін-та мовазнаўства (1950—54) і Ін-та рус. мовы (1958—68), адначасова акад.-сакратар Аддз. л-ры і мовы (1950—63) АН СССР. Даследчык агульнай тэорыі і метадалогіі мовазнаўства, найважнейшых галін навукі пра рус. мову. З яго імем звязана ўзнікненне і абгрунтаванне шэрагу новых галін філал. навукі: гісторыі літ. мовы, агульнамоўнай і індывідуальнай стылістыкі, тэорыі паэт. мовы, фразеалогіі як філал. дысцыпліны і інш. Аўтар працы «Руская мова (граматычнае вучэнне пра слова)» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1951). Рэдактар час. «Вопросы языкознания» (1952—69).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Библиогр. словарь. Мн., 1977. Т. 2. С. 89—129.
т. 4, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТЕРАТУ́РНАЯ ГАЗЕ́ТА»,
штотыднёвае расійскае літ.-мастацкае і грамадска-паліт. выданне. Выходзіць з 1929 у Маскве на рус. мове. Засн. як орган Саюза пісьменнікаў СССР; у 1942—44 наз. «Литература и искусство». У 1950—66 выходзіла 3 разы на тыдзень. Гал. рэдактарамі ў розны час былі: А.Суркоў, К.Сіманаў, С.Смірноў, А.Чакоўскі і інш. Асвятляе пытанні развіцця л-ры, мастацтва, навукі, культуры, а таксама палітыкі, сацыялогіі, эканомікі, падзеі міжнар. жыцця. Змяшчае літ.-крытычныя, публіцыстычныя артыкулы, нарысы, маст. творы, дыскусійныя матэрыялы вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі. На яе старонках надрукаваны творы, артыкулы, нарысы бел. пісьменнікаў, у т. л. Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, К.Крапівы, А.Куляшова, І.Мележа, М.Танка, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, Б.Сачанкі, А.Мальдзіса, І.Чыгрынава і інш.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА.
прырода знаўчыя навукі, комплекс навук аб прыродзе. Вывучае сутнасць з’яў прыроды, найб. агульныя законы яе развіцця, шляхі выкарыстання атрыманых ведаў у практычнай дзейнасці чалавека. Уключае навукі пра агульныя ўласцівасці і будову матэрыяльнага свету (фізіка, хімія), жывую прыроду (біялогія), касм. аб’екты (астраномія), геалогію, геафізіку, цыкл геагр. навук і інш. Развіваецца ў цеснай сувязі з развіццём грамадства. Як адлюстраванне прыроды ў чалавечай свядомасці П. прайшло шэраг этапаў, зазнала перыяды экстэнсіўнага і рэв. развіцця. У самаст. комплекс сістэм. даследаванняў вылучылася ў 2-й пал. 15 ст. Бесперапынна развіваецца і ўдасканальваецца ў працэсе пераўтварэння прыроды ў інтарэсах грамадства. Сярод метадаў, якімі карыстаецца П., вылучаюцца агульныя, прыдатныя да ўсяго П., асобныя — да аднаго з бакоў П. (эмпірычныя, тэарэтычныя, вытворча-практычныя) і прыватныя — метады асобных галін П.
В.С.Аношка.
т. 13, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДАЛО́ГІЯ,
1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.
2) Вучэнне пра метады навук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.Кантам, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінгам, Г.Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.
Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995.
С.А.Яцкевіч.
т. 10, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,
пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт. Аўтарскае права).
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРНЕ ((Börne) Людвіг) (6.5.1786, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 12.2.1837),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі. Д-р філасофіі (1808). У 1818—21 выдаваў час. «Die Wage. Blätter für Bürgerleben, Wissenschaft und Kultur» («Вагі. Часопіс грамадскага жыцця, навукі і мастацтва»); у 1836 наладзіў яго выданне на франц. мове («La balance»). У артыкулах і памфлетах выступаў з крытыкай ням. філістэрства, патрабаваннямі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, свабоды слова і друку, верацярпімасці. У памфлеце «Манаграфія нямецкага паштовага смаўжа. Матэрыялы да натуральнай гісторыі малюскаў і ракападобных» (1821) высмеяў ляноту і пакорлівасць ням. абывацеля. Вяршыня публіцыстыкі — «Парыжскія пісьмы» (1832—34), у якіх стварыў шырокую панараму жыцця паслярэв. Францыі. Памфлет «Менцэль-французаед» (1837) скіраваны супраць ксенафобіі і шавінізму.
Тв.:
Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. СПб., 1896.
Літ.:
Тронская М.Л. Берне // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІЯ ПРЭ́МІІ,
у 1925—91 у СССР вышэйшыя ўзнагароды за дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, публіцыстыкі, журналістыкі, мастацтва і архітэктуры. Засн. ў 1925 як прэміі імя У.І.Леніна (у 1935—57 не прысуджаліся). Прысуджаліся к-тамі па Ленінскіх і Дзярж. прэміях СССР пры Савеце Міністраў СССР 1 раз у 2 гады. Асобам, якія атрымлівалі Л.п., прысвойвалася званне «Лаўрэат Ленінскай прэміі», уручаліся дыплом, ганаровы знак і пасведчанне.
Лаўрэаты Л.п. ў Беларусі. У галіне навукі і тэхнікі: 1957. А.К.Красін; 1962. М.Я.Мацапура; 1965. В.С.Нямчынаў, Р.І.Салаухін; 1966. М.А.Ельяшэвіч; 1978. У.П.Платонаў. У галіне літаратуры: 1962. П.У. Броўка; 1972. І.П.Мележ; 1978. М.Танк (Я.І.Скурко); 1986. В.У.Быкаў. У галіне мастацтва і архітэктуры: 1970. Ю.М.Градаў, В.П.Занковіч, Л.М.Левін, С.І.Селіханаў.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
плынь у філасофіі і метадалогіі навукі, якая сфарміравалася ў Францыі і Швейцарыі ў 1930-я г. Прадстаўлена «Саюзам рацыяналістаў» (А.Ражэ, П.Ланжэвэн) і «Саюзам логікі, метадалогіі і філасофіі навукі» (Г.Башлар, Ф.Гансет, Ж.Дэтуш і інш.); прыхільнікамі Н. былі таксама Ж.Піяжэ і Н.Мулуд, Ж.Ульмо і інш. Неарацыяналісты вырашаюць праблему станаўлення і развіцця тэарэт. ведаў, пераважна прыродазнаўчых. Іх не задавальнялі апрыёрныя, застылыя схемы абгрунтавання ведаў, характэрныя для класічнага рацыяналізму, бездапаможнасць якога пацвердзілася «крызісам» прыродазнаўства. Прадстаўнікі Н. зрабілі стаўку на «абноўленае» рацыянальнае асэнсаванне карціны свету. Навука прадстаўлена ў Н. як сапраўдны сінтэз метафізічных процілегласцей (Башлар). Некаторыя дыялектычныя палажэнні, здагадкі не пераадолелі агульнага эклектычнага характару тэарэт. пабудоў Н.
Літ.:
Башляр Г. Новый рационализм: Пер. с фр. М., 1987;
Визгин В.П. Эпистемология Гастона Башляра и история науки. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 11, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІ́НІ ((Orbini) Маўра) (?—1614),
далмацінскі гісторык, родапачынальнік паўднёваслав. гіст. навукі. У кн. «Славянскае царства» (1601, на італьян. мове) спрабаваў даць гісторыю ўсіх слав. народаў, паказаць іх адзінства; прапанаваў тэорыю скандынаўскага паходжання славян, памылкова далучаў да славян многія неслав. народы. У сваім творы змясціў пераклад сербскай хронікі 12 ст.
т. 1, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)