НЕАРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
плынь у філасофіі і метадалогіі навукі, якая сфарміравалася ў Францыі і Швейцарыі ў 1930-я г. Прадстаўлена «Саюзам рацыяналістаў» (А.Ражэ, П.Ланжэвэн) і «Саюзам логікі, метадалогіі і філасофіі навукі» (Г.Башлар, Ф.Гансет, Ж.Дэтуш і інш.); прыхільнікамі Н. былі таксама Ж.Піяжэ і Н.Мулуд, Ж.Ульмо і інш. Неарацыяналісты вырашаюць праблему станаўлення і развіцця тэарэт. ведаў, пераважна прыродазнаўчых. Іх не задавальнялі апрыёрныя, застылыя схемы абгрунтавання ведаў, характэрныя для класічнага рацыяналізму, бездапаможнасць якога пацвердзілася «крызісам» прыродазнаўства. Прадстаўнікі Н. зрабілі стаўку на «абноўленае» рацыянальнае асэнсаванне карціны свету. Навука прадстаўлена ў Н. як сапраўдны сінтэз метафізічных процілегласцей (Башлар). Некаторыя дыялектычныя палажэнні, здагадкі не пераадолелі агульнага эклектычнага характару тэарэт. пабудоў Н.
Літ.:
Башляр Г. Новый рационализм: Пер. с фр. М., 1987;
Визгин В.П. Эпистемология Гастона Башляра и история науки. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 11, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)