ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Георгій Цімафеевіч) (1.6.1928, г. Адэса, Украіна — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Адэскую спецшколу ВПС (1946), Чугуеўскае ваенна-авіяц. вучылішча (1950), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). З 1963 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.7.1971 з У.М.Волкавым і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як камандзір). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля Дабравольскі і члены экіпажа загінулі. Правёў у космасе 23,8 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦАВЕ́Ц (Сяргей Іванавіч) (6.7.1909, в. Бараўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.9.1939),

двойчы Герой Сав. Саюза (22.2 і 29.8.1939). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1932), школу паветр. бою (1936). Лётчык-знішчальнік, камандзір авіязвяна, атрада, знішчальнага авіяпалка. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 (збіў больш за 30 самалётаў ворага), у 1939 баёў на р. Халхін-Гол (збіў 12 самалётаў праціўніка, у адным з баёў выратаваў камандзіра авіяпалка). Загінуў у авіякатастрофе каля пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У Мінску, Баранавічах, Балбасаве, в. Моўчадзь Баранавіцкага р-на яму пастаўлены помнікі.

С.І.Грыцавец.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАНЕ́ЎСКІ (Сігізмунд Аляксандравіч) (1902, С.-Пецярбург — 13.8.1937),

палярны лётчык, Герой Сав. Саюза (1934). Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Гродзенскай губ. Скончыў ваен. школу марскіх лётчыкаў у Севастопалі (1925). У Чырв. Арміі з 1918, удзельнік грамадз. вайны. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. Упершыню ажыццявіў пералёт з Севастопаля на Чукотку (1933) і беспасадачны пералёт з ЗША (г. Лос-Анджэлес) у Маскву (1936). Прапаў без вестак у час беспасадачнага пералёту Масква—Паўн. полюс—Нью-Йорк.

С.А.Леванеўскі.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Якаў Кірэевіч) (22.4.1922, в. Шарсцін Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 15.6.1985),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Тамбоўскую лётную школу (1942), школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі (1945, 1960). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Лётчык-штурмавік лейтэнант М. зрабіў 104 баявыя вылеты, удзельнічаў у 19 паветр. баях, асабіста збіў 3 самалёты, знішчыў шмат баявой тэхнікі і ўмацаванняў ворага. Да 1978 у грамадз. паветр. флоце. У 1960 у складзе экіпажа самалёта ТУ-104Е устанавіў 6 сусв. рэкордаў.

Я.К.Мінін.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСТО́ (Міхаіл Васілевіч) (21.9.1921, г. Магілёў — 16.3.1979),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), акадэміі Ваен.-паветр. (1954) і Генштаба (1961).

У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы 1943, баёў на Украіне, у Малдове, Румыніі, Польшчы, Германіі. Лётчык, камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяц. палка ст. лейтэнант Л. зрабіў 251 баявы вылет, правёў 49 паветр. баёў, збіў 20 самалётаў праціўніка. Да 1974 у Сав. Арміі.

М.В.Лусто.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НАЎ (Барыс Валянцінавіч) (н. 18.12.1934, г. Іркуцк, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 15—18.1.1969 з А.С.Елісеевым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Саюз-5», які ў час палёту састыкоўваўся з караблём «Саюз-4» (У.А.Шаталаў); 6.7—24.8.1976 з В.М.Жолабавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». У космасе правёў 52,3 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Валерый Фёдаравіч) (н. 2.8.1934, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1963, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1963). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1955), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 14—19.6.1963 здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-5» адначасова з палётам В.У.Церашковай на касм. караблі «Усход-6», 15—23.9.1976 з У.В.Аксёнавым — на касм. караблі «Саюз-22», 26.8—3.9.1978 з З.​Енам (касманаўт б. ГДР) — на караблі «Саюз-31» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-29». У космасе правёў 20,7 сут.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Уладзімір Міхайлавіч) (16.3.1927, Масква — 24.4.1967),

савецкі касманаўт. Лётчык-касманаўт СССР (1964), палкоўнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1964, 1967 пасмяротна). Скончыў Маскоўскую спец. школу ВПС (1945), Батайскае ваен. авіяц. вучылішча (1949), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 12—13.10.1964 з К.П.Феакціставым і Б.Б.Ягоравым упершыню ў свеце здзейсніў палёт у космас на шматмесным касм. караблі «Узыход» (як камандзір). Загінуў 24.4.1967 пры пасадцы ў час выпрабавання новага касм. карабля «Саюз-1» пасля сутачнага палёту вакол Зямлі. Правёў у космасе 2,13 сут. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЬКІН (Віктар Сямёнавіч) (1.12.1952, в. Ураеўка Акцябрскага р-на Курскай вобл., Расія — 24.7.1992),

расійскі ваен. лётчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1992). Скончыў Тамбоўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1974), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1985). 24.7.1992 падпалк. О. выконваў палёт у якасці інструктара экіпажа. Калі самалёт знаходзіўся над адным з раёнаў Гомеля, непадалёку ад якога размяшчалася нафтасховішча, на ім узнік пажар. О. прыняў рашэнне найхутчэй адвесці самалёт ад горада, потым даў каманду экіпажу пакінуць машыну. Экіпаж выратаваўся, О. не хапіла вышыні для катапультавання, і ён загінуў.

Літ.:

Руденко В.А. Гомель подумал... // Крылья Родины. 1993, № 5.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯКО́Ў (Валерый Уладзіміравіч) (н. 27.4.1942, г. Тула, Расія),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1989), Герой Расіі (1995). Лётчык-касманаўт СССР (1989). Д-р мед. н. Скончыў 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1965). З 1972 у атрадзе касманаўтаў. З 1992 нам. дырэктара Ін-та медыка-біял. праблем Рас. АН. Здзейсніў палёты (як урач-даследчык) у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) і асн. экспедыцый арбітальнай станцыі «Мір»; 29.8.1988—27.4.1989 (старт на КК «Саюз ТМ-6»), 8.1.1994—22.3.1995 (старт на КК «Саюз ТМ-8»), У космасе правёў 678,7 сут (2-і па працягласці вынік касм. палётаў; 2000).

У.​С.​Ларыёнаў.

І.Я.Палякоў.

т. 12, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)