вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл.Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ Ў АТМАСФЕ́РЫ,
светлавыя з’явы, звязаныя з праходжаннем у зямной атмасферы прамянёў Сонца і інш. свяціл або штучных крыніц святла. Выкліканы пераламленнем (міражы, мігаценне зорак і інш.), рассеяннем, адбіццём, інтэрферэнцыяй і дыфракцыяй святла на малекулах паветра і слаях рознай шчыльнасці (блакітны колер неба, золак, змярканне), аэразолях — кроплях вады, крышталях лёду (гала, вянцы, вясёлка, глорыя). Назіранні за аптычнымі з’явамі ў атмасферы вядуцца на метэастанцыях. Па гэтых з’явах можна меркаваць аб стане некаторых слаёў атмасферы і выкарыстоўваць іх як мясцовыя прыкметы надвор’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛІ́Т (ад мана... + ...літ),
1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.
2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.
3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.
4) М. будаўнічы, гл. ў арт.Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
гідратэхнічныя збудаванні для засцярогі партовай акваторыі ад хваляў, плыняў, наносаў і лёду. Бываюць унутраныя (прадухіляюць утварэнне хваляў у акваторыі порта) і знешнія. Да агараджальных збудаванняў адносяцца молы і хваляломы (на морах, вадасховішчах, азёрах), лёдаахоўныя дамбы і ледарэзы (на рэках). Паміж берагам і агараджальнымі збудаваннямі або паміж суседнімі агараджальнымі збудаваннямі пакідаюць праход для суднаў. З боку мора (вадаёма) кожнае агараджальнае збудаванне мае пашыраную частку абцякальнай формы, якая будуецца звычайна на глыбіні не меншай за падводную вышыню разліковай хвалі. Пры праектаванні агараджальных збудаванняў улічваюць канфігурацыю берага і дна, напрамак вятроў, плыняў і наносаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg),
ледзяная гара, вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б.ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).
Утварэнне айсберга.Айсберг каля берагоў Грэнландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адкладанні лёду на паверхні збудаванняў, дрэвах, правадах, дарогах і інш. аб’ектах. Утвараецца ў выніку выпадзення вадкіх ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу. Адрозніваюць галалёд, зярністую і крышталічную шэрань, замёрзлае адкладанне мокрага снегу, складаныя адклады — з некалькіх слаёў розных відаў. На Беларусі за год колькасць сутак з абледзяненнем складае ў паніжаных месцах 20—28, на ўзвышшах да 40. Назіраецца з кастр. да крас., часцей за ўсё ў снеж. і студзені. Працягласць яго звычайна да 12 гадз. Самым працяглым на Беларусі было ў Навагрудку 28.12.1959—27.1.1960 (715 гадз). Небяспечная з’ява для работы транспарту, энергасістэм і інш. галін гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),
найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс.км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп.г. Аасія),
1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).
2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАПРАТЭІ́ДЫ, глікапратэіны,
складаныя бялкі, у якіх ёсць вугляводы. Прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах. Мал. маса 15 000—1 000 000. Колькасць вугляводаў у глікапратэідах вар’іруе ад долей працэнта да 80%. Да глікапратэідаў належаць многія бялкі крыві (цэрулаплазмін, трансферын, фібрынаген, імунаглабуліны і інш.), бялкі сакрэтаў слізістых залоз (муцыны), апорных тканак (мукоіды), некаторыя ферменты (панкрэатычная рыбануклеаза Б), гармоны (эрытрапаэцын, тырэатрапін), структурныя бялкі клетачных мембран. Глікапратэіды клетачнай абалонкі ўдзельнічаюць у іонным абмене клеткі, імуналагічных рэакцыях, у з’явах міжклетачнай адгезіі і г.д. У крыві і тканках антарктычных рыб выяўлены глікапратэіды-антыфрызы, якія перашкаджаюць утварэнню крышталёў лёду ў арганізме рыб пры т-ры ніжэй за 0 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.