АА́ЗІС

(грэч. oasis ад назвы егіп. г. Аасія),

1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).

2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)