ЦЭНТРАЛЬНАЛЯСНЫ́ ЗАПАВЕ́ДНІК біясферны.

У Цвярской вобл. (Расія), на ПдЗ Валдайскага ўзвышша, на водападзеле рэк Волга і Зах. Дзвіна. Засн. ў 1931 для захавання і вывучэння прыроднага комплексу яловых лясоў і вярховых сфагнавых балот лясной зоны, Пл. 42,3 тыс. га. Рэльеф слабаўзгорысты. Глебы падзолістыя, слабападзолістыя, балотныя. Пераважаюць яловыя і ялова-шыракалістыя лясы. У рачных поймах насаджэнні чорнай вольхі. Сфагнавыя балоты займаюць 18% тэр. У флоры 546 відаў раслін, у Чырв. кнізе чаравічак сапраўдны і луннік ажываючы. У Ц.з. праходзіць паўд. мяжа арэала бярозы карлікавай. У фауне — буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, казуля, дзік, бабёр, куніца, выдра, норка еўрапейская, ласка, ліс, палятуха і інш.; 195 відаў птушак, у Чырв. кнізе беркут, чорны бусел.

т. 17, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ХНАЎСКІ біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Засн. ў 2001 у мэтах аховы ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 221 га. Рэльеф сярэднеўзгорысты з хваёвымі лясамі на дзярнова-слабападзолістых глебах, ёсць марэнныя ўзгоркі з бярозавымі лясамі. У флоры 315 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. 6 відаў ахоўных: купальнік чорны, пылкагалоўнік даўгалісты, баранец звычайны, лілея кучаравая, чына горная, пярэсна еўрапейская. У фауне 5 відаў амфібій, 5 — рэптылій, 78 — птушак (у т. л. каршачок і касманогі сыч), 14 — млекакормячых (у т. л. казуля, дзік, лясны тхор, янотападобны сабака, лясная куніца, гарнастай і інш.).

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗЬКО́ Рыгор Рыгоравіч (н. 28.5.1948, в. Вулька 1-я Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (2003). Скончыў БДУ (1973). З 1973 працуе ў Гомельскім ун-це (у 1984—98 заг., з 2002 праф. кафедры ўсеаг. гісторыі). Даследуе палітыку Польшчы ў 1918—39, польска-бел. адносіны ў міжваен. перыяд, бел. праблемы ў польска-сав. адносінах. Аўтар кніг «Перад патопам: Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939)», «Навейшая гісторыя краін Еўропы і Амерыкі 1945—1999 гг.» (абедзве 2000), адзін з аўтараў шэрагу навуч. дапаможнікаў і падручнікаў па сусв. гісторыі навейшага часу.

Тв.:

Беларусь у еўрапейскай палітыцы, 1918—1925 гт.: Нарысы. Гомель, 2003 (разам з А.​М.​Кротавым, М.​М.​Мязгой).

т. 18, кн. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана; 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),

еўрапейская назва паўд.-афр. народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав. Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн. чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСА́ДЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛЕ́ПСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́ВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 для захавання ў натуральным стане унікальнага балотна-ляснога ландшафтнага комплексу поўдня Бел. Паазер’я з папуляцыямі гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 369 га. Рэльеф узгорысты. Лясы займаюць 82,5% тэр.: бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, арляковыя з дамешкамі хвоі, дубу, клёну, ліпы, ясеню; хвойнікі імшыстыя; чорнаалешнікі; кустоўе з ляшчыны, крушыны, ядлоўцу, каліны, чаромхі, брызгліны бародаўчатай, мяккай і лямцавай, барбарысу звычайнага, цёрну крывава-чырвонага, вярбы попельнай і чарнеючай. На сухадольных і вільготных лугах віды, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асака воласападобная і птушканожкавая, ятрышнік дрэмлік, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, пустапялёснік зялёны, ядрушка даўгарогая, пальчатакарэннік балтыйскі, тайнік яйцападобны; у хвойніках — купальнік горны, гайнік цёмна-чырвоны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫ́НКАВЫЯ, сцынкі (Scincidae),

сямейства яшчарак інфраатр. сцынкападобных кл. паўзуноў. Больш за 90 родаў, каля 1200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я, асабліва ў межах Аўстралійскай біягеагр. вобл. Вядуць наземны, рыючы і паўдрэвавы лад жыцця, некат. віды паўводныя. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 65 см. Цела падоўжнае, да змеепадобнага; укрыта гладкай або рабрыстай налягаючай луской, пад якой размешчаны касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Хвост ломкі. У рыючых форм канечнасці часткова або канчаткова страчаны, вочы звычайна адсутнічаюць. Кормяцца пераважна насякомымі, буйныя С. — і пазваночнымі; некат. расліннаедныя. Большасць відаў адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя і жывародныя.

Э.​Р.​Самусенка.

Сцынкавыя: 1 — сцынк далёкаўсходні; 2 — галавочка еўрапейская; 3 — сцынк пясчаны; 4 — сцынк шчытковы; 5 — сцынк калючы.

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛАЎСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Лагойскім і Мінскім р-нах. Засн. ў 2000 для аховы унікальных прыродных комплексаў з папуляцыямі рэдкіх відаў раслін, таксама для адраджэння прыроднага асяроддзя гісторыка-культ. аб’ектаў (радзімы Я.​Купалы). Пл. 3834 га. Тэрыторыя з вял. перападам вышынь (236—342 м) і яруснасцю рэльефаў. Глебы дзярнова-падзолістыя, бурыя лясныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і інш. Пад лясамі 80% тэр.: пераважна яловыя, таксама хваёвыя (10%). У флоры 568 відаў сасудзістых раслін, з іх у Чырв. кнізе купальнік горны, баранец звычайны, званочак шыракалісты, пярэсна еўрапейская, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы і інш. У фауне 119 відаў наземных пазваночных жывёл, з якіх у Чырв. кнізе пустальга звычайная, зялёны дзяцел і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)