ПРЫЛЕ́ПСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)