КУПА́ЛАЎСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Лагойскім і Мінскім р-нах. Засн. ў 2000 для аховы унікальных прыродных комплексаў з папуляцыямі рэдкіх відаў раслін, таксама для адраджэння прыроднага асяроддзя гісторыка-культ. аб’ектаў (радзімы Я.Купалы). Пл. 3834 га. Тэрыторыя з вял. перападам вышынь (236—342 м) і яруснасцю рэльефаў. Глебы дзярнова-падзолістыя, бурыя лясныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і інш. Пад лясамі 80% тэр.: пераважна яловыя, таксама хваёвыя (10%). У флоры 568 відаў сасудзістых раслін, з іх у Чырв. кнізе купальнік горны, баранец звычайны, званочак шыракалісты, пярэсна еўрапейская, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы і інш. У фауне 119 відаў наземных пазваночных жывёл, з якіх у Чырв. кнізе пустальга звычайная, зялёны дзяцел і інш.
П.І.Лабанок.
т. 18, кн. 1, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)