вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.
Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГАНСО́Н (Барыс Уладзіміравіч) (25.7.1893, Масква — 25.2.1973),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947), у 1958—62 яе прэзідэнт. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—18) у М.А.Касаткіна, К.А.Каровіна, С.В.Малюціна. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—31). Выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1937—61, праф. з 1939), Маск. маст. ін-це (з 1964). З 1962 гал. рэдактар энцыклапедыі «Мастацтва краін і народаў свету». Творчасці ўласцівы зварот да гіст. і сац. тэматыкі: «Рабфак ідзе» («Вузаўцы», 1928), «Допыт камуністаў» (1933), «На старым уральскім заводзе» («Урал дзямідаўскі», 1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Выступленне У.І.Леніна на 3-м з’ездзе камсамола» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951). Працаваў у жанры партрэта і кніжнай ілюстрацыі («Партрэт жонкі», 1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАБЫ́ЛА»,
«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел. Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,
узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,
выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).
Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял.выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ІПА БУ́ДУЧЫНЯ»,
штотыднёвая газета Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 8.12.1922 да 14.1.1923 у Вільні на бел. мове. Ставіла за мэту абуджэнне ў народзе веры ва ўласныя сілы, у перспектыву вызв. руху (перадавыя арт. «Будзьма сільнымі», «Па-за пагранічнымі капцамі», «Верым у будучыню»). Паведамляла пра поспех Блока нацыянальных меншасцяў на выбарах у 1922 у польскі сейм і сенат, стварэнне ў ім парламенцкай фракцыі Бел. пасольскага клуба, надрукавала праграмнае выступленне яго старшыні Б.Тарашкевіча. Узнімала пытанні асадніцтва, няшчаднай эксплуатацыі лясных багаццяў краю, пісала пра ганенні на бел. школу і прэсу. Важнае значэнне надавала барацьбе за мясц. самакіраванне, выбарам у гмінныя рады і пав. сеймікі, арганізацыі каап. руху, сац. страхавання. Змяшчала творы М.Гарэцкага, Я.Коласа, У.Дубоўкі, У.Жылкі, М.Запольскага, Л.Родзевіча, П.Верлена ў перакладзе М.Багдановіча. Выйшла 9 нумароў, з іх 2 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ,
ням.Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн.чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр.СССР. У Асвенціме дзейнічала падп.арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр.выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр.б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ ТРЭ́НЕР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным трэнерам-выкладчыкам па спорце, у т. л. тым, што працуюць са спартсменамі-інвалідамі не менш за 4 гады, за паспяховую вучэбна-трэніровачную і выхаваўчую работу па падрыхтоўцы выдатных спартсменаў і каманд; трэнерам нацыянальных (зборных) каманд Рэспублікі Беларусь, якія маюць стаж работы з гэтымі камандамі не менш за 4 гады, за падрыхтоўку і паспяховае выступленне гэтых каманд на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы; першым трэнерам спартсменаў, якія дасягнулі выдатных поспехаў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы, і тым, што працуюць з гэтымі спартсменамі не менш за 2 гады, пачынаючы з вучэбна-трэніровачнага этапу; трэнерам спарт. школ і арг-цый, што раней прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы перададзеных у вышэйшае звяно спартсменаў, пры ўмове работы з імі не менш за 4 гады. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.