БАЛЬМО́НТ (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),
рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус.сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.Б.Шэлі (Поўн. зб.тв.), П.Кальдэрона, У.Уітмена, Э.По, П.Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ШЫН (сапр.Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч
(28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт.зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОНТРРЭФО́РМЫ»,
заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (10.7.1873, Масква — 14.7.1955),
прафесійны рэвалюцыянер, сав.дзярж. і парт. дзеяч. Д-ргіст.н. (1938). Брат М.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). У 1884—89 вучыўся ў Маскоўскім межавым ін-це; за рэв. дзейнасць выключаны і сасланы ў Курск, дзе скончыў каморніцкае вучылішча. З 1892 у Маскве, удзельнік марксісцкіх гурткоў і прапагандыст марксізму. З 1896 у эміграцыі, вучыўся ў Цюрыхскім ун-це, наладзіў сувязь з групай «Вызваленне працы», дастаўку ў Расію рэв. л-ры і друкарскіх станкоў, супрацоўнічаў у газ. «Нскра», адзін са стваральнікаў Цэнтр. б-кі і парт. архіва ў Жэневе, удзельнік падрыхтоўкі III з’езда РСДРП. У час рэвалюцыі 1905—07 у Пецярбургу, працаваў у бальшавіцкіх газетах. З 1908 заг. бальшавіцкага выд-ва «Жыццё і веды». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета, рэдактар бальшавіцкай газ. «Рабочий и солдат». У час Кастр.ўзбр. паўстання камендант раёна Смольны—Таўрычаскі палац, чл.К-та па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1917—21 кіраўнік спраў СНК РСФСР. З 1921 старшыня выд-ва «Жыццё і веды», супрацоўнік выд-ваў «Камуніст», РОСТА, стварыў і 9 гадоў узначальваў доследны саўгас «Лясныя паляны». З 1933 дырэктар Дзярж.літ. музея, з 1945 — Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АНСССР. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху ў Расіі, гісторыі рэлігіі і атэізму, л-ры, этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),
міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАТАЎ (сапр.Скрабін) Вячаслаў Міхайлавіч
(9.3. 1890, слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 8.11.1986),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат.Герой Сац. Працы (1943). Вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це (1911—12). Чл.КПСС з 1906, яе ЦК (1921—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1926—57). У Кастр. рэвалюцыю 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 старшыня Ніжагародскага губвыканкома, сакратар Данецкага губкома РКП(б), сакратар ЦК Кампартыі Украіны. З 1921 сакратар ЦКВКП(б). У 1930—41 старшыня СНКСССР. У 1941—57 1-ы нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў 1941—1945 нам. старшыні Дзярж.к-та абароны, у 1939—49 і 1953—56 міністр замежных спраў СССР. У сярэдзіне 1950-х г. выступіў супраць крытыкі культу асобы І.В.Сталіна. На чэрвеньскім (1957) пленуме ЦККПСС выведзены са складу Прэзідыума ЦК і ЦК, у 1962 выключаны з партыі (адноўлены ў 1984). З 1957 пасол СССР у Манголіі, у 1960—62 кіраўнік сав. прадстаўніцтва пры Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі. М. — адзін з арганізатараў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Ад імя сав. ўрада падпісаў сав.-герм. дагавор аб ненападзе ад 23.8.1939 (Пакт Рыбентропа—Молатава 1939), сав.-герм. дагавор аб дружбе і граніцы ад 28.9.1939, сакрэтныя пратаколы да іх. Удзельнік Маскоўскіх (1941, 1943, 1945) нарад, Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый кіраўнікоў саюзных дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ ((Mussolini) Беніта Амількар Андрэа) (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),
рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр.ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.Герцэнам і М.Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.
У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.