СПРО́ГІС Іван Якаўлевіч (2.7.1833, хутар Штокмансгоф, Латвія — 1918),
гісторык, архівіст. Скончыў рыжскія духоўныя вучылішча і семінарыю (1861), з Пецярбургскай духоўнай акадэміі выключаны ў 1863 за ўдзел у студэнцкіх «беспарадках». Працаваў у Пецярбургскай публічнай б-цы (1863), настаўнікам у Віленскай навуч. акрузе з даручэннем упарадкаваць кнігі Віленскай публічнай б-кі. З 1865 пам. архіварыуса, у 1879—1915 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, адначасова ў 1870—1915 чл. Віленскай археаграфічнай камісіі. Разам з М.І.Рарбачэўскім, П.А.Гільтэбрантам і інш. падрыхтаваў шэраг тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», склаў паказальнікі да многіх тамоў «Актаў» і да 1—13-га «Археаграфічнага зборніка дакументаў». Распрацаваў навукова-даведачны апарат па дакументах архіва. Пачатая ім праца па складанні вопісу актавых кніг архіва няскончана.
Тв.:
Географический словарь древней Жомойтской земли XVI ст. Вильна, 1888;
Виленские архивы... Вильна, 1902.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
М.Ф.Шумейка.
т. 15, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)