ІНТРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. intro унутр + jacio кідаю, кладу),

1) у тэорыі пазнання — уведзенае Р.Авенарыусам паняцце пра недапушчальнасць, на яго думку, укладання ў свядомасць індывіда вобразаў успрымаемых аб’ектаў (ідэальнага), што вядзе да дуалізму. Гэтае паняцце ён выкарыстоўваў для крытыкі матэрыялізму, у процівагу якому вылучыў тэорыю «прынцыповай каардынацыі».

2) У псіхалогіі — уключэнне індывідам у свой унутр. свет поглядаў, матываў, установак і інш. людзей; аснова ідэнтыфікацыі. У псіхааналіз паняцце І. ўвёў Ш.​Ферэнцы і разглядаў яго як важны псіхал. механізм, што ўдзельнічае ў працэсе фарміравання «звыш-Я», сумлення і інш.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́БРЫЯ (Cantabria),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,3 тыс. км². Нас. 524 тыс. чал. (199. Адм. ц., прамысл. і трансп. вузел — г. Сантандэр. Большую ч. тэр. займаюць Кантабрыйскія горы. Важны прамысл. раён. Здабыча поліметал. і жал. руд. Выплаўка чыгуну і сталі. Металург., судна- і самалётабуд., электратэхн., хім., тэкст., харчасмакавая (пераважна рыбакансервавая, тытунёвая) прам-сць. Мяса-малочная жывёлагадоўля. У пасевах пераважае кукуруза і бабовыя. Гал. тэхн. культура — тытунь. Развіта агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРК (англ. Cork; ірл. Kopker),

горад на Пд Ірландыі. Горад з 1172. 127,3 тыс. ж. (1997). Марскі порт на р. Лі, каля яе ўпадзення ў зал. Корк Атлантычнага ак. Вузел чыгунак і аўтадарог.

Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць; машынабудаванне (у т. л. радыёэлектроннае, с.-г., суднабудаванне і суднарамонт; аўтазборачны з-д), харч., гумавая. тэкст., швейная, абутковая. Універсітэцкі каледж. Музеі; жывапісу і скульптуры, гар. гістарычны. Адзін са старэйшых у свеце яхт-клубаў (з 1720). Арх. помнікі 18—19 ст. Паблізу — металургічны з-д, здабыча прыроднага газу.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

уласцівая індывідууму частата палавых зносін. Узровень П.а. вызначаецца сукупнасцю саматычных, псіхічных і сац. працэсаў; у чалавека спалучаецца з духоўнымі адносінамі. Норма П.а. — паняцце варыябельнае, звязанае з палавой канстытуцыяй, маральнымі, сац.-эканам., узроставымі характарыстыкамі. Важны феномен П.а. — палавы акт; вызначаецца таксама абуджэннем лібіда, першай эякуляцыяй, інтэнсіўнасцю палавых эксцэсаў, працягласцю і ўзростам пачатку ўмоўнага фізіял. рытму, наяўнасцю і выразнасцю аргазму ў жанчыны. Узроўні П.а. ацэньваюцца па аб’ектыўных (працягласць палавога акта) і суб’ектыўных (напр., матывы палавога акта) паказчыках. У гарманічным шлюбным жыцці П.а. вызначаецца пераважна мужчынам.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГДЭБУРГ (Magdeburg),

горад на У Германіі. Адм. ц. зямлі Саксонія-Ангальт. 270,6 тыс. ж. (1994). Важны вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Эльба, паблізу перасячэння з ёй Сярэднегерм. канала і канала Эльба—Хафель. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, прыладабуд., эл.-тэхн., вытв-сць хім. абсталявання, металаапр., хім. (мінер. ўгнаенні, ядахімікаты), фармацэўтычная, лакафарбавая, гарбарна-абутковая, швейная, харчасмакавая. Мед. акадэмія. Культурна-гіст. музей. Б.ч. помнікаў архітэктуры разбурана ў 1945, адноўлены: раманская царква (11—13 ст.), гатычны сабор (13—16 ст.), барочная ратуша (17 ст.) і інш.

Упершыню згадваецца ў 805. З 968 цэнтр Магдэбургскага архіепіскапства (засн. Атонам I), важны пункт хрысціянізацыі і германізацыі палабскіх славян. У 1188 першы з еўрап. гарадоў атрымаў права на самакіраванне — Магдэбургскае права. Адыгрываў значную ролю ў Ганзе. У 1524 у М. праведзена Рэфармацыя. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 амаль поўнасцю разбураны (май 1631, аднаўляўся з 1646). З 1680 у Брандэнбургска-Прускай дзяржаве, яе найбуйнейшая крэпасць. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 адм. і буйны прамысл. цэнтр прускай прав. Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны (1945) стары горад разбураны на 90% (аднаўляўся з 1952). З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, у 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі (у 1952—90 адм. цэнтр аднайм. акругі). З 28.10.1990 адм. цэнтр зямлі ФРГ Саксонія-Ангальт.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Да арт. Магдэбург. Сабор.

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),

горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц. Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.

Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш. нац. культуры (у 1648 тут засн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ НІЛ, Бахр-эль-Аб’яд,

назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́Я (франц. allēe),

дарога ў парках, лесапарках, скверах, на бульварах, вуліцах, абапал абсаджаная дрэвамі або кустамі. Важны кампазіцыйны элемент паркавых ландшафтаў і азелянення нас. пунктаў, выконвае ахоўныя функцыі. Тыпы алей — прамыя ў рэгулярных і крывалінейныя ў пейзажных парках і садах.

Для алей часцей выкарыстоўваюць высакарослыя і шыракакронавыя пароды (дуб звычайны, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, граб звычайны, елка, вяз і інш.). Сярэдняя адлегласць паміж дрэвамі 5 м, паміж радамі 10 м. У прысадах часам ствараюць нішы для лавак, скульптуры малых арх. формаў.

Бярозавая алея ў Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі ў Мінску.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́ (Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РТМУНД (Dortmund),

горад на З Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Рэзідэнцыя Карла Вялікага, гар. прав. з 13 ст. 602 тыс. ж. (1994). Буйны трансп. вузел — усходнія «вароты» Рура. Порт на р. Эмшэр (прыток р. Рэйн); звязаны з Паўночным м. каналам Д.-Эмс. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна. Гал. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне (пераважна металургічнае, пад’ёмна-трансп. абсталяванне, станка- і лакаматывабудаванне, эл.-тэхн.), тэкст., хім. (вытв-сць угнаенняў і пластмас), харчасмакавая (найбуйнейшы ў Еўропе цэнтр вытв-сці піва). Ун-т. Музеі, у т. л. сярэдневяковага мастацтва ў замку Капенберг. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)