БЕ́ЛЬСКА-БЯ́ЛА
(Bielska-Biała),
горад на Пд Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Бельскага ваяводства. 185 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел. Важны цэнтр тэкст. (шарсцяной, ільняной), аўтамабілебуд. (малалітражныя аўтамабілі «Фіят»), самалётабуд. (планеры), электратэхн. прам-сці. Тэкст. машынабудаванне. Харч., швейныя, папераробныя прадпрыемствы. Студыя мультыплікацыйных фільмаў. Турызм. 2 т-ры, 2 музеі. Помнікі архітэктуры: замак 15—18 ст., касцёлы і комплекс жылых мураваных дамоў 17—18 ст.
Утвораны ў 1951 пасля зліцця гарадоў Бельска і Бяла. Бельска мела гар. правы з канца 13 ст. З 1327 пад уладай Чэхіі. З 15 ст. развіваецца суконная вытв-сць. З 1920 у складзе Польшчы. Бяла атрымала гар. правы ў 1723. З 1772 у складзе Аўстрыі. З 1918 у межах Польшчы.
т. 3, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)