БУЛГА́КАЎ (Міхаіл Афанасьевіч) (15.5.1891, Кіеў — 10.3.1940),

рускі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб. сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.​Жук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Мн., 1989—90;

Записки на манжетах. М., 1988.

Літ.:

Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;

Мягков Б. Булгаковская Москва. М., 1993.

М.А.Булгакаў.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНА-ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст. значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.

На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.​Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.​Бембель, У.​Рытар, Р.​Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.​Глебаў і інш.), Нац. акад. т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.​Селіханаў, В.​Папоў), Нац. маст. музей (Бембель, П.​Белавусаў, С.​Адашкевіч, М.​Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.​Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.​Купалы (А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.​Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.​Ларчанка, А.​Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.​Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж. т-ра муз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.​Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.​Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.​Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.​Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл. драм. т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.​Гаравая), «Русалка» (Л.​Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.​Фінскі), «Сабака для палявання» (П.​Лук, В.​Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.​Б.​Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.
Да арт. Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э. рым. імператарам Феадосіем I.

2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар. спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл. табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).

Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.

Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.

Літ.:

Олимпийская энциклопедия. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Алімпійскія гульні
Алімпіяды Год правядзення Месца правядзення Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I 1896 Афіны 13
II 1900 Парыж 21
III 1904 Сент-Луіс 12
IV 1908 Лондан 22
V 1912 Стакгольм 28
VI 1916 Берлін*
VII 1920 Антверпен 29
VIII 1924 Парыж 44
IX 1928 Амстэрдам 46
X 1932 Лос-Анджэлес 38
XI 1936 Берлін 49
XII 1940 Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII 1944 Лондан*
XIV 1948 Лондан 58
XV 1952 Хельсінкі 69
XVI 1956 Мельбурн 67
XVII 1960 Рым 84
XVIII 1964 Токіо 94
XIX 1968 Мехіко 113
XX 1972 Мюнхен 122
XXI 1976 Манрэаль 88
XXII 1980 Масква** 81
XXIII 1984 Лос-Анджэлес 140
XXIV 1988 Сеул 160
XXV 1992 Барселона 172
XXVI 1996 Атланта

* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.

Да арт. Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.
Да арт. Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.
Да арт. Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).
Да арт. Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).
Да арт. Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.​Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).

т. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДНІЦКІ ФІ́ЛЬМ,

сістэма жанраў кіно, заснаваных на напружаным сюжэце, нечаканых паваротах падзей, розных прыгодах герояў пры раскрыцці таямніцы, пошуках скарбаў, невядомых зямель, пераадольванні катастроф, барацьбе са злачынцамі і інш. Сфарміраваўся пад уплывам прыгодніцкай літаратуры. У залежнасці ад ідэйнай накіраванасці, гіст., геагр., прасторавых умоў падзяляецца на фільмы падарожжаў (гіст. і сучасныя), вестэрн, трылер, ваен., шпіёнскі, крымінальны, дэтэктыўны фільм, навукова-фантастычны фільм, фэнтэзі, парадыйны фільм. Герой П.ф. павінен валодаць пэўнымі фізічнымі і маральнымі якасцямі, загартаваным характарам, нязломнай воляй, у фантаст. сюжэтах — надзвычайнымі магчымасцямі.

Першы П.ф. — славуты вестэрн і гангстэрскі фільм «Вялікае абрабаванне цягніка» (1903, рэж. Э.​С.​Портэр, ЗША). З 1920-х г. у ЗША пашырыліся гангстэрскія фільмы, у Зах. Еўропе — «фільмы плашча і шпагі» (у т. л. пра мушкецёраў з аднайм. рамана А.​Дзюма, шматлікія варыяцыі прыгод «высакародных ліхадзеяў» Зора, Робін Гуда і інш.). З 1960-х г. у еўрап. і амер. кіно развіваюцца традыц. і абноўленыя мадыфікацыі гангстэрскіх фільмаў («Боні і Клайд», 1967, рэж. А.​Пен; «Хросны бацька», 1972, рэж. Ф.​Копала; «Аднойчы ў Амерыцы», 1984, рэж. С.​Леоне), акультныя («Дзіця Розмары», 1968, рэж. Р.​Паланскі; «Выганяючы д’ябла», 1973, рэж. У.​Фрыдкін), катастроф і жахаў («Прыгоды Пасейдона», 1972, рэж. Р.​Нім; «Аэрапорт-75», 1974, рэж. Дж.​Смайт; «Парк юрскага перыяду», 1993, рэж. С.​Спілберг), на ваен. тэму («Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу», 1963, рэж. С.​Кубрык; «Зялёныя берэты», 1968, рэж. Дж.​Уэйн; «Жалезны крыж», 1977, рэж. С.​Пекінпа; «Паляўнічы на аленяў», 1978, рэж. М.​Чыміна; «Апакаліпсіс сёння», 1979, рэж. Копала), філасофска-фантаст. (серыял «Зорныя войны», з 1977, рэж. Дж-Дукас; «Неба над Берлінам», 1987, рэж. В.​Вендэрс; «Пяты элемент», 1998, рэж. Л.​Бесон) фільмы. У канцы 1980—90-х г. вызначыўся постмадэрнісцкі кірунак П.ф.: «Повар, злодзей, яго жонка і каханак» (1989, рэж. П.​Грынуэй), «Крымінальная чытаніна* (1994, рэж. К.​Таранціна), «Рассякаючы хвалі» (1996, рэж. С.​Ларс фон Трыер), «Шырока заплюшчаныя вочы» (1999, рэж. Кубрык) і інш. У рас. кінематографе 1920-х г. элементы П.ф. спалучаліся з ідэйнай рэв. скіраванасцю («Чырвоныя д’ябаляты», 1923, рэж. І.​Перэстыяні; «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», рэж. Л.​Куляшоў; «Прыгоды Акцябрыны», рэж. Р.​Козінцаў і Л.​Траўберг; «Аэліта», рэж. Я.​Пратазанаў; усе 1924). У 1930-я г. адымаліся фільмы пра навук. экспедыцыі («Залатое возера», 1935, рэж. У.​Шнейдэраў; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.​Герасімаў), падарожжы («Дзеці капітана Гранта», 1936; «Востраў скарбаў», 1938, рэж. абодвух У.​Вайншток), шпіёнскія фільмы («Джульбарс», 1936, рэж. У.​Шнейдэраў), з 1940-х г.ваен. («Сакратар райкома», 1942, рэж. І.​Пыр’еў; «Смелыя людзі», 1950, рэж. К.​Юдзін; «А досвіткі тут ціхія...», 1972, рэж. С.​Растоцкі; тэлесерыял «Семнаццаць імгненняў вясны», 1973, рэж. Т.​Ліёзнава; карціны пра міжнар. адносіны («Сакрэтная місія», рэж. М.​Ром, 1950; «Мёртвы сезон», 1968, рэж. С.​Куліш), рэв. тэматыкі («Няўлоўныя мсціўцы», 1967, рэж. Э.​Кеасаян; «Белае сонца пустыні», 1969, рэж. У.​Матыль; «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974, рэж. М.​Міхалкоў). Сярод лепшых П.ф. 1970—90-х г.: фантастычна-філас. прытчы «Салярыс» (1972), «Сталкер» (1980, абодва рэж. А.​Таркоўскі), таксама фільмы пра тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы: «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1975, рэж. М.​Швейцэр), «Экіпаж» (1980, рэж. А.​Міта) і інш.

У бел. кінематографе жанр П.ф. развіваецца з 2-й пал. 1920-х г. («Лясная быль», 1926, рэж. Ю.​Тарыч; «Кастусь Каліноўскі», 1928, рэж. У.​Гардзін). У 1930-я г. структурныя прыкметы П.ф. выявіліся ў фільмах-экранізацыях «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.​Файнцымер), «Салавей» (1937, рэж. Э.​Аршанскі), карцінах пра «ворагаў народа», шпіёнаў, дыверсантаў: «Вораг ля парога» (1931, рэж. Л.​Анцы-Палоўскі), «Дачка Радзімы» (1938, рэж. У.​Корш-Саблін) і інш. З 2-й пал. 1940-х г. пераважалі П.ф. пра рэвалюцыю і гіст. — «Чырвонае лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), ваен. тэматыкі — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін, Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.​Фігуроўскі), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Б.​Сцяпанаў), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.​Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.​Князеў), «У жніўні 44-га» (2000, рэж. М.​Пташук), тэлевізійныя «Руіны страляюць» (1971—72, рэж. В.​Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.​Шульман), «Дзяржаўная граніца» (1980—84). У 1980—90-я г. пашырыліся гісторыка-прыгодніцкія экранізацыі з элементамі дэтэктыва («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, рэж. В.​Рубінчык; «Чорны замак Альшанскі», 1983, рэж. Пташук; «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», 1994, рэж. В.​Тураў), дэтэктывы і трылеры («Уік-энд з забойцам», 1992, рэж. Ю.​Марухін; «Сын за бацьку», 1995, рэж. М.​Яроменка; «Бег ад смерці», 1996, рэж. У.​Дзяругін; «Рэйнджэр з атамнай зоны», 1999, рэж. В.​Нікіфараў), фантаст. фільмы («Адступнік», 1986—87, рэж. Рубінчык; «Кашкадаў Сільвер», 1989, «Анамалія», 1993, рэж. абодвух Ю.​Ялхоў). У жанры П.ф. зняты шэраг фільмаў для дзяцей (гл. ў арт. Дзіцячае кіно), у т. л. «Палескія рабінзоны» (1934, І.​Бахар, П.​Малчанаў), «Корцік» (3 серыі, 1973), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1974, рэж. абодвух М.​Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974. рэж. Рубінчык) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)