СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],
1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.
2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.Антынг, Ф.О.Рунге (Германія), А.Бенуа, М.Дабужынскі, У.Маякоўскі, К.Сомаў, Ф.Талстой (Расія), М.Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.
3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),
італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл.Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.
Літ.:
Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;
Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫЯ САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎу Рэспубліцы Беларусь,
прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр.адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Адзіная сістэма М.с.д. складаецца з сельскіх, пасялковых, гар., раённых і абласных Саветаў. Існуюць 3 тэр. ўзроўні М.с.д.: першасны, базавы і абласны. Да першаснага тэр. ўзроўню адносяцца сельскія, пасялковыя, гар. (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветы, да базавага — гар. (гарадоў абл. падпарадкавання) Саветы, да абласнога — абл. Саветы. Мінскі гар. Савет валодае статусам базавага і абласнога. М.с.д. выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адм.-тэр. адзінак тэрмінам на 4 гады. Выбары дэпутатаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах на аснове ўсеаг., свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Апошнія выбары ў М.с.д. 23-га склікання адбыліся ў красавіку 1999 (выбрана 24 058 дэпутатаў).
У межах сваёй кампетэнцыі М.с.д. вырашаюць пытанні мясц. значэння, зыходзячы з агульнадзярж. інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, што пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзярж. органаў. Да выключнай іх кампетэнцыі адносяцца: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця, мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; назначэнне мясц. рэферэндумаў. М.с.д. з’яўляюцца юрыд. асобай, ажыццяўляюць дзейнасць праз сесіі, пастаянныя і часовыя камісіі, інш. органы Саветаў, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў. М.с.д. падсправаздачныя ў сваёй дзейнасці грамадзянам, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, і адказныя перад імі. На аснове дзеючага заканадаўства М.с.д. прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падведамнай ім тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРАТУ́РА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
адзіная цэнтралізаваная сістэма дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць пракурорскі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. органамі кіравання мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, юрыд. і службовымі асобамі, грамадзянамі. Сістэму органаў П.Р.Б. узначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. У сістэму ўваходзяць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам, пракуратуры абласцей і г. Мінска, раёнаў (гарадоў), ваен., транспартныя і інш. спецыялізаваныя пракуратуры. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. заканадаўчымі актамі. Органы П.Р.Б. ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы незалежна ад органаў дзярж. улады і кіравання. Пракурорскія работнікі не могуць займацца паліт. дзейнасцю.
На Беларусі пракуратура засн. пастановай ЦВКБССР ад 26.6.1922 з адначасовым прыняццем Палажэння аб пракурорскім наглядзе. Напачатку яна існавала на правах аддзела Наркамата юстыцыі і яе ўзначальваў нар. камісар юстыцыі, адказны перад Прэзідыумам ЦВКБССР і падсправаздачны яму. Са снеж. 1922 да 1936 ішоў працэс цэнтралізацыі органаў пракуратуры, ператварэння іх ва ўсесаюзны орган. Канстытуцыя СССР 1936 замацавала новую сістэму органаў пракуратуры, канкрэтызавала задачы і асновы дзейнасці пракурорскага нагляду. Канстытуцыя БССР 1937 аднавіла і ўдакладніла гэтыя палажэнні адносна да Пракуратуры БССР, якая стала састаўной часткай Пракуратуры СССР. З распадам СССР (1991) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную сістэму — П.Р.Б.
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Літвы (1975). Нар. пісьменнік Літвы (1978). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Першы зб. вершаў «Прашу слова» (1955). У паэме «Дваццатая вясна» (1956, Дзярж. прэмія Літвы 1957) жыццё літ. моладзі ў пасляваен. перыяд; паэма «Кроў і попел» (1960) пра трагічны лёс спаленай гітлераўцамі вёскі. Маральныя праблемы, жыццё і лёсы сучаснікаў у цэнтры аповесці «Сасна, якая смяялася» і «Публіцыстычнай паэмы» (абедзве 1961), зб-каў вершаў «Рукі, якія дзеляць хлеб» (1963), «Драўляныя масты» (1966), «Палымнеючы куст» (1968), «Ласкавае дакрананне жыцця» (1978), «Будзь і блаславі» (1980), «Адзіная зямля» (1984), «Вершы з дзённіка» (1993), «Крок» (1998) і інш.Драм. трылогія «Міндаўгас» (1968, Дзярж. прэмія Літвы 1969), «Сабор» (1971), «Мажвідас» (1977), зб. «Шэсць паэм» (1973) пра гіст. мінулае літ. народа. Аўтар драм. паэм «Паэма Праметэя» (1973), «Ікар» (паст. 1981), аповесці «Даўкантас» (1984), кн. эсэ «Дзённік, што не мае датаў» (1981), «Еднасць ракі, якая цячэ» (1995), паэзіі для дзяцей. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Г.Бураўкін, В.Вітка, А.Вольскі, С.Грахоўскі, Х.Жычка, А.Звонак, В.Лукша, Л.Луцкевіч, П.Марціновіч, У.Паўлаў, А.Разанаў, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, М.Танк, Н.Тулупава, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Трава і камень. Мн., 1981;
Дзённік, што не мае датаў // Братэрства, 83. Мн., 1983;
у кн.: Поціск рукі. Мн., 1991;
у кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1985;
Книга поэм. М., 1978;
Жизнь, сладкий июль. М., 1982.
Літ.:
Ланкутис Й. Поэтический мир Юстинаса Марцинкявичюса. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],
полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн.Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус.правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).
Літ.:
Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;
Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;
Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
А.А.Мельнікаў.
Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЕР ((Becher) Іаганес Роберт) (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел.пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш.бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Чаротам, К.Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.Бузук, С.Дзяргай, М.Дуброўскі, А.Зарыцкі, А.Звонак, А.Клышка, Я.Семяжон. Нац. прэмія імя І.В.Гётэ 1949, 1950.
Тв.:
Бел.пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;
[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Вяртанне да сябе. Мн., 1985;
Рус.пер. — Сонеты. М., 1960;
Стихотворения;
Прощание;
Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;
Избранное. М., 1974;
О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.
Літ.:
Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;
Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;
Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.Чарот і І.Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.
Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас.с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц.с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.І.Радчанка), Маскоўскага (А.А.Ванноўскі), Кіеўскага (П.Л.Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.А.Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.Л.Эйдэльман і М.А.Вігдорчык), трое ад Бунда (А.І.Крэмер, А.Мутнік, Ш.Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзінаяс.-д.арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.
Літ.:
Маркова Р.И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;
Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;
Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.