род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часамгеагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),
раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн.г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ВО́ЙСКА,
цяжкаўзброеная конніца, якая з’яўлялася гал. сілай феад. армій Зах. і Цэнтр. Еўропы ў 11—14 ст. Р.в. складалі рыцары з дробнамаянтковых і сярэдніх феадалаў, іх узбр. слугі — конныя і пешыя лучнікі, капейшчыкі (пікінёры) і пажы. Узбраенне: меч, цяжкае кап’ё (піка), а часамсякера на доўгім дзяржанні, булава або паліца; у якасці засцерагальнага ўзбраення — латы. Ніжэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай Р.в. было кап’ё, у якое ўваходзілі рыцар, збраяносец, конныя і пешыя лучнікі і пажы; вышэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай — сцяг (уключаў 25—80 коп’яў). Бой Р.в. зводзіўся гал. чынам да адзінаборства рыцараў. Найб. развіцця Р.в. дасягнула ў 11—13 ст. (гл.Крыжовыя паходы). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р.в. паступова страціла сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАУ́Л (Haloxylon),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).
Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.
Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНСАВІ́НА [Sansovino; сапр.Таці
(Tatti)] Якапа (2.7.1486, г. Фларэнцыя, Італія — 27.11.1570),
італьянскі архітэктар і скульптар Высокага і Позняга Адраджэння. Вучыўся ў А.Сансавіна (узяў яго прозвішча) у Фларэнцыі. Працаваў у Рыме (1503—10 і 1518—27), Фларэнцыі (1510—18), Венецыі і Падуі (з 1529 гал. архітэктар Венецыянскай рэспублікі). Яго арх. творы ў Венецыі (палацца Корнер, з 1532, б-ка Сан-Марка, 1536—54; манетны двор, з 1536) адметныя пластычнай выразнасцю строгіх класічных форм, багаццем скульпт., а часам і жывапіснага ўбрання, тонка падначаленага тэктоніцы будынка. У скульптуры жывапісная гульня святлаценю спалучаецца з вытанчанай экспрэсіяй вобразаў («Вакх», 1518; 4 статуі на фасадзе Ладжэты ў Венецыі, 1540—45).
Я.Сансавіна. Бібліятэка Сан-Марка ў г. Венецыя. 1536—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТНІК (Juncus),
род кветкавых раслін сям. сітнікавых. Больш за 250 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і халодных абласцях, некат. — у высакагор’ях тропікаў і субтропікаў. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя С.: ніткападобны (J. filiformis), разгалісты (J. effusus), рапухавы (J. bufonius), скучаны (J. conglomeratus), сплюшчаны (J. compressus), членісты (J. articulatus). Трапляюцца на балотах, па берагах вадаёмаў.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. ад 2—3 да 80—90 см. Сцёблы шматлікія, цыліндрычныя. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае — з цыліндрычнай голай пласцінкай, часам усё лісце лускападобнае. Кветкі бураватыя ці зеленаватыя, адзінкавыя або сабраныя ў пучкі. Плод — каробачка. Сцёблы некат. відаў выкарыстоўваюць для пляцення вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л (грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,
сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.