вылучэнне (паглынанне) цеплыні пры праходжанні пастаяннага эл. току праз кантакт (спай) двух розных праваднікоў ці паўправаднікоў: Адкрыты франц. фізікам і метэаролагам Ж.Пельцье (1834). П.з. адваротная Зеебека з’яве.
Вылучэнне цеплыні змяняецца паглынаннем пры змене напрамку току. Колькасць вылучанай (паглынутай) цеплыні за час t прапарцыянальная сіле току I, што праходзіць праз спай: Q = ПIt, дзе П — каэфіцыент Пельцье, залежны ад рэчыва праваднікоў (найб. у паўправаднікоў) і т-ры. П.з. выкарыстоўваецца для стварэння ахаладжальных і награвальных паўправадніковых прылад. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСЬ, віціліга (лац. vitiligo хвароба скуры, лішай),
набытая хвароба скуры чалавека, якая выяўляецца дысхраміяй (дэпігментаваныя плямы розных памераў і формы). Узнікненню П. садзейнічаюць нервова-эндакрынныя парушэнні, хранічныя запаленчыя захворванні ўнутр. органаў, інтаксікацыя са зніжэннем забяспечанасці арганізма меддзю, цынкам і інш. Складае 3—4% ад усіх дэрматозаў. Прыкметы: асобныя ці множныя плямы колеру алебастру або слановай косці, схільныя да павелічэння, пры пашыраных формах скура набывае снежна-белы колер, валасы на плямах абясколерваюцца. П. можа спалучацца са склерадэрміяй, колападобным аблысеннем і інш. Лячэнне комплекснае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розныхсістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл. вырабаў і матэрыялаў.
Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган.к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ,
сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметырозных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет.рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛСПІРТАВЫ́Я ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з водных раствораў полівінілавага спірту. Асн.гандл. назвы: вінол, віналон, вінілон, куралон, м’юлон.
Моцныя, зноса- і атмасфераўстойлівыя, гіграскапічныя, мала электрызуюцца, хімічна стойкія, добра афарбоўваюцца. маюць добрую адгезію да пластыкаў і гумы. Для надання водаўстойлівасці П.в. ацэталіруюць (гл.Ацэталі) пераважна фармальдэгідам ці бензальдэгідам. Выкарыстоўваюць для вырабу розных тканін (адзежных, бялізнавых, кашульных) і трыкатажу, канатаў, рыбалоўных сетак, арміравання пластыкаў, водарастваральныя (не ацэталіраваныя) — як сувязнае ў вытв-сці паперы, кардону, нятканых матэрыялаў, дапаможны (растваральны) кампанент пры вырабе гіпюру і інш. ажурных тканін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РНЫЯ СМО́ЛЫ,
складаныя поліэфіры, здольныя ў выніку ацвярдзення ператварацца ў нерастваральныя і няплаўкія палімеры. Найб. пашыраны ненасычаныя П.о. — растворы (50—70%-ныя) складаных эфіраў — прадуктаў полікандэнсацыі малеінавай ці фумаравай кіслот з гліколямі, у ненасычаных манамерах (напр., стырол, метылметакрылат, вінілталуол) — растваральніках поліэфіраў.
Ацвярдзенне П.с. адбываецца ў выніку суполімерызацыі поліэфіру і растваральніку (гл.Ацвярдзенне палімераў, Ацвярджальнікі), прыводзіць да ўтварэння трывалых, вода-, кіслота-, масла-, бензінаўстойлівых матэрыялаў з добрай адгезіяй да розных паверхняў і выдатнымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў (гл: Поліэфірныя лакі), кляёў, замазак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ХВА,
1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.
2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).
3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПІЛЕ́Н, прапэн,
ненасычаны аліфатычны вуглевадарод, CH2=CHCH3. Бясколерны газ са слабым пахам, tкіп — 47,7 °C. Сумесі з паветрам (2—11,1% П. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, мала — у вадзе. Полімерызацыяй П. атрымліваюць поліпрапілен. У прам-сці П. атрымліваюць пры піролізе вуглевадародаў (напр., прапану) і крэкінгу розных відаў нафтавай сыравіны. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, каўчукоў (гл.Этылен-прапіленавыя каўчукі), акрыланітрылу, гліцэрыны, прысадак, мыйных сродкаў (тры- і тэтрамеры П.), высокаактанавых кампанентаў маторнага паліва, растваральнікаў і інш. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 30 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ХНА (Аляксей Радзівонавіч) (2.5.1939, в. Дзвіжкі Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 6.2.1984),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і графіцы. Сярод твораў: «Маці і дзіця» (1966), «Сельскі матыў» (1969), «Юнацтва», «Зімовая казка» (абодва 1970), «Новы мікрараён Мінска» (1971), «Зямля» (1975), «У майстэрні» (1977), «Старое дрэва», «Вячэрні горад» (абодва 1979), «Дыханне зямлі» (1980), «Вулачкі старога Мінска» (1982), «Купалава слова», «Асеннія фарбы» (абодва 1983), «Астрашыцкія матывы» (1984), шматлікія партрэты. Творам характэрны падкрэслена лінеарны пачатак, насычанасць колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ СО́НЦА,
выпрамяненне розных слаёў Сонца ў радыёдыяпазоне. Адрозніваюць: радыёвыпрамяненне спакойнага Сонца (амаль не мяняецца з цягам часу; абумоўлена цеплавым выпрамяненнем электронаў у эл. полі іонаў няўзбуранай атмасферы Сонца), выпрамяненне актыўных абласцей у атмасферы над сонечнымі плямамі (павольна мяняецца з цягам часу, мае таксама цеплавы характар), спарадычнае Р.С., звязанае з ваганнямі плазмы пры праходжаннях праз яе касм. прамянёў у час храмасферных успышак. У сонечнай кароне адбываецца моцнае паглынанне і пераламленне радыёхваль — на метровых хвалях яркасная т-ра кароны дасягае мільёна кельвінаў, на больш кароткіх хвалях яна значна меншая.