ГАЛАСУ́МЧАТЫЯ

(Hemiascomycetidae),

падклас сумчатых грыбоў. Уключае 4 парадкі: эндаміцэтальныя (Endomycetales), тафрынальныя (Taphrinales), протаміцэтальныя (Protomycetales) і аскасферальныя (Ascosphaerales), каля 350 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца каля 20 відаў з парадкаў тафрынальныя і эндаміцэтальныя.

Прымітыўныя грыбы, у якіх талом прадстаўлены адзіночнымі клеткамі, што пачкуюцца або дзеляцца (толькі некат. віды маюць слаба развіты міцэлій), пладовыя целы адсутнічаюць, сумкі са спорамі ўтвараюцца адзіночна ці слоем непасрэдна на клетках або міцэліі. Большасць галасумчатых — сапратрофы. Ёсць паразіты вышэйшых раслін, чалавека і жывёл, узбуджальнікі розных хвароб — гіпертрафіі і дэфармацыі пладоў, кучаравасці лісця, кішэнек, ведзьміных мётлаў, бластамікозаў, кандыдамікозаў. Да галасумчатых належаць дражджавыя грыбы (дрожджы), якія маюць вял. практычнае значэнне.

В.С.Гапіенка.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)