тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМЯНКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Уладзіміравіч; н. 25.2.1957, в. Бялынкавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1980). У 1974—75 працаваў у касцюковіцкай раённай газеце, у 1980—82 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». з 1999 яго гал. рэдактар, у 1982—99 у час. «Полымя». Друкуецца з 1974. Аўтар паэт. зб-каў «Белы камень» (1983), «Чытаю зоры» (1998, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі), «Планіда» (1994), «Вершы» (1997, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1998), «Журавель над студняй» (1998), «Я не памру, пакуль люблю» (2000), у якіх асэнсаванне гіст. мінулага народа, паэтызацыя роднай зямлі, філас. заглыбленасць, тэма кахання. Піша нарысы, эсэ, вершы, казкі для дзяцей (кн. «Заўзятары», 1993; «Ласуны-веселуны», 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джозеф) (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),
англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАЎ КА́МЕНЬ,
манументальны помнік эпіграфікі 12 ст., каля в. Дзятлава Аршанскага р-на, за 18 км ад Оршы. Адкрыты і даследаваны ў 1792. Валун выш. да 3 м з высечаным 6-канцовым крыжам (выш. 160 см) і надпісам на стараж.-рус. мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Выш.літар. 15 см. Крыж і надпіс высечаны ў 1171 паводле загаду друцкага кн. Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—71 у спадзяванні на ўраджай. Пазней над Р.к. была пабудавана капліца. Падобны да Барысавых камянёў. Не збярогся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,
канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г.Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ПО́ЯС,
вобласць каляземнай (каляпланетнай) прасторы з інтэнсіўнымі патокамі энергічных зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, іонаў).
Адкрыты ў 1958—60 пры даследаванні касмічных прамянёўШСЗ. Зараджаныя часціцы ў Р.п. пад дзеяннем магнітнага поля планеты рухаюцца па складаных траекторыях з Паўн. паўшар’я ў Паўд. і наадварот. У Зямлі адрозніваюць унутраны і знешні Р.п. Унутраны мае макс. шчыльнасць часціц (пераважна пратонаў) над экватарам на вышыні 3—4 тыс.км, знешні электронны Р.п. — на вышыні каля 22 тыс.км. Заўважана сувязь часовых варыяцый інтэнсіўнасці часціц знешняга Р.п. Зямлі з магн. бурамі. Магутныя Р.п. маюць Юпітэр і Сатурн. Вывучэнне Р.п. важнае для ацэнкі ступені небяспекі пры палётах касм. лятальных апаратаў. Гл. таксама Магнітасфера, Сонечны вецер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАІ́СТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Stratocumulus (Sc)],
воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў. Вертык. магутнасць невялікая, размешчаны на выш. да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў інш. тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.