ПЕСТАЛО́ЦІ ((Pestalozzi) Іаган Генрых) (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),
Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкіпач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.Дз.Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял.значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.
Літ.:
Пинкевич А.П. И.Г.Песталоцци. М., 1933;
Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г.Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг.значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.М.Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА-ПЯЧО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах. мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология;
Новые исслед. М., 1988;
Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;
Псков, 1994.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАЦЬЕ́ (Poitiers),
горад на З Францыі, на р. Клен (бас. Луары). Адм. ц. дэпартамента В’ена і гал. горад гіст.вобл.Пуату. Каля 120 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., хім., гарбарная, харчовая. Ун-т (1432). Музеі. Руіны рым. амфітэатра, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т. л. раманскі сабор Сен-Жан са славутымі рэльефамі і саркафагамі Меравінгаў.
У старажытнасці гал. цэнтр плямён піктонаў і значны камунікацыйны вузел рым. Галіі. У 507 франкскі кароль Хлодвіг I паблізу П. разбіў вестготаў. З 6 ст. важны гасп., культ. і рэліг.цэнтр. У 732 франкскае войска на чале з Карлам Мартэлам разбіла каля П. арабаў, якія ўварваліся ў Францыю з Іспаніі, і спыніла прасоўванне іх у Еўропу. У 9—18 ст. П. — гал. горад графства і правінцыі Пуату. У 9 ст. яго шмат разоў руйнавалі нарманы. У выніку шлюбу (1152) паміж Элеанорай Аквітанскай і Генрыхам Плантагенетам П. адышоў да Англіі. У 12 ст. горад атрымаў самакіраванне. У 1204 вернуты Францыі. У 1356 каля П. ў час Стогадовай вайны 1337—1453англ. войска прынца Эдуарда Уэльскага (Чорнага прынца) перамагло франц. рыцарскае апалчэнне караля Іаана II Добрага, што выклікала Парыжскае паўстанне 1357—58 і Жакерыю. Пасля падзелу правінцыі Пуату на дэпартаменты (1790) горад страціў б.значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.
Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, П.Лафарг, К.Маркс, Ф.Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.Салаўёў, М.Лоскі, М.Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.
Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.Пацей, І.Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.Бандзевіч, А.Белабоцкі, Ф.Богуш, Б.Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.Пачобут-Адляніцкі, Я.Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.Луцкевіч, І.Канчэўскі, У.Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.А.Алексютовіча, А.А.Біралы, К.П.Буслава, Э.К.Дарашэвіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.М.Лушчыцкі, Н.М.Махнач, А.С.Майхровіч, В.І.Яфрэмава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА,
гістарычная дысцыпліна, якая распрацоўвае тэорыю, гісторыю і методыку вывучэння гіст. крыніц (пісьмовых, рэчавых, этнагр., моўных, фалькл. кінафотадакументаў і фонадакументаў). Аб’ект К. — сукупнасць гіст. крыніц, прадмет — вывучэнне гэтых крыніц, іх формы, зместу, магчымых метадаў атрымання з іх гіст. інфармацыі і ўдасканаленне гэтых метадаў. Гісторыя К. разглядае пытанні тэорыі, методыкі і практыкі вывучэння і выкладання К. ў развіцці і на сучасным этапе. Тэорыя К. распрацоўвае пытанні прыроды крыніцы і іх уласцівасцей, адмежаванне ад сумежных дысцыплін (гіст. навукі, музеязнаўства, архівазнаўства, бібліяграфіі гістарычнай, інфарматыкі, археаграфіі), выкарыстанне, сістэматызацыю і класіфікацыю крыніц. У задачы тэорыі К. ўваходзіць даследаванне крыніц у эўрыстычным (тыпалогія крыніц, арыентаванне ў іх пошуку) і методыка-аналітычным (распрацоўка метадаў крытыкі крыніц) кірунках. Класіфікацыя крыніц распрацоўваецца для выяўлення аб’ектыўных уласцівасцей іх вял. груп паводле паходжання ў рамках гіст. перыядаў. Паводле відаў, метадаў і форм адлюстравання рэчаіснасці вылучаюць 4 катэгорыі крыніц: рэчавыя, пісьмовыя, фанічныя і выяўленчыя; апошнія ў сваю чаргу падзяляюцца на выяўл.-графічныя, выяўл.-мастацкія, выяўл.-натуральныя. Тэорыя К. распрацоўвае і метады эўрыстыкі (выяўлення) крыніц, для чаго выкарыстоўваюцца картатэкі і каталогі б-к, бібліягр. паказальнікі, энцыклапедычныя, біяграфічныя, тлумачальныя, тэрміналагічныя і інш. слоўнікі, навук.даведачны апарат архіваў і музеяў з мэтай выяўлення і адбору неабходных даследчыку крыніц. У задачы методыкі К. ўваходзіць крытыка крыніц, якая ўключае ў сябе ўстанаўленне іх сапраўднасці або падробкі, магчымых мэт іх фальсіфікацыі, прачытанне і разуменне зместу крыніц, выяўленне розных рэдакцый і напластаванняў у крыніцы, рэканструкцыю тэкстаў, што не захаваліся. Наступныя этапы крытыкі крыніц — вытлумачэнне, г.зн. устанаўленне сэнсу, укладзенага ў тэкст крыніцы аўтарам, высвятленне прамога тэксту, алегорый, іншасказанняў, замоўчванняў і іх прычын, вывучэнне канкрэтных гіст. абставін стварэння крыніцы, часу і месца яе ўзнікнення, устанаўлення імя аўтара (гл.Атрыбуцыя). Для высвятлення навук. каштоўнасці інфармацыі, прыведзенай у крыніцах, вывучаецца ўплыў умоў, пры якіх узнікла інфармацыя, яе паўната, верагоднасць і дакладнасць, уплыў групавых (этн., дзярж., паліт., саслоўных, рэліг. і інш.) поглядаў на аўтара, на інфармацыю, змешчаную ў крыніцы. Наступны этап у методыцы К. — сінтэз інфармацыі з комплексу крыніц, што вывучае даследчык, пасля чаго ён можа пачынаць рэканструкцыю гіст. падзей. К. шырока выкарыстоўвае метады спец.гіст. навук, якія вывучаюць, або асобныя групы крыніц (палеаграфія, дыпламатыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, нумізматыка і інш.), ці асобыя бакі крыніц (храналогія, метралогія, гіст. геаграфія, антрапаніміка, тапаніміка і інш.). У сучасную структуру К. не ўваходзяць традыц. пералічэнне і апісанне асобных груп крыніц, бо гэта не ў стане раскрыць іх сутнаснае значэнне. Значэнне крыніцазнаўчага падыходу і метаду вывучэння пастаянна павялічваецца, а К. ўзаемадзейнічае з усё больш новымі галінамі гуманіт. і прыродазнаўчанавук. ведаў.
Літ.:
Пушкарев Л.Н. Классификация русских письменных источников по отечественной истории. М., 1975;
Медушевская О.М. Современное зарубежное источниковедение. М., 1983;
Яе ж. Источниковедение: теория, история и метод. М., 1996;
Пронштейн А.П., Данилевский И.Н. Вопросы теории и методики исторического исследования. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,
янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.
Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).
Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.
Літ.:
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАНЦАВА МО́РА,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. паміж паўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс.км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш.Найб.в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.
Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял.трансп.значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.