род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.
Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.
Літ.:
Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.В.Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел.нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ.«Рабочий и солдат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т СЕ́ЛЬСКАЙ І ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІБеларусі імя У.І.Леніна.
Існаваў у 1927—30 у Мінску як н.-д. ўстанова пры СНКБССР. Меў 5 аддзелаў (с.-г. эканомікі і аграрнай палітыкі, раслінаводства і прыкладной батанікі, жывёлагадоўлі і прыкладной заалогіі, меліярацыі і культуры балот, лясной гаспадаркі) з доследнымі станцыямі, геафіз. абсерваторыю, хім. лабараторыю, Бюро сялян-даследнікаў і с.-г. секцыю Ін-та бел. культуры. Выдаваў зборнікі прац і час. «Сельская і лясная гаспадарка». Закрыты ў сувязі з рэпрэсіраваннямі дырэктара і вядучых вучоных ін-та. На базе яго аддзелаў пазней засн. шэраг н.-д. ін-таў (земляробства, меліярацыі і воднай гаспадаркі, лясной гаспадаркі — цяпер Ін-т лесу Нац.АН), Гідраметэаралагічная служба Беларусі. У Ін-це Працавалі: акадэмікі АН Беларусі Г.І.Гарэцкі, А.Д.Дубах, А.І.Кайгародаў, М.К.Малюшынскі, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў, акад. УАСГНІЛ і АН УССР Г.М.Высоцкі, чл.-кар.АН Беларусі С.П.Мельнік, засл. дз. нав. Беларусі В.К.Захараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЧО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (11.1.1955, г.п. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.12.1987),
бел. жывапісец. Прафесійнай маст. адукацыі не атрымаў. Жыў пераважна ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. У 1973 працаваў у Ленінградзе, дзе склаўся як мастак пад уплывам нефармальнага маст. асяроддзя. Працаваў у сюррэалістычнай манеры. Аўтар карцін на біблейскія («Рахіль», «Майсей», абодва 1976; «Укрыжаванне»,1977; «Андрэй Першазваны»,1980; «Ісус Хрыстос», 1983; «Іакаў», 1985; «Прарок», 1987) і міфалагічныя («Персефона», 1984—85; «Дрыяда», 1985—87) тэмы, партрэтаў («Аўтапартрэт», 1986—87), нацюрмортаў («Нацюрморт з люстэркам» з серыі «Магія», 1982 і інш.). Работам уласцівы лесіровачная манера пісьма, скрупулёзная прапрацоўка дэталей, імкненне да сімвалічнасці і метафарычнасці («Маленне пра чашу». 1981; «Магія», 1983—84; «Алегорыя мастацтва», 1983—87; «Ля крыніцы», 1987). У 1988 на кінастудыі «Беларусьфільм» пра І. зняты фільм «Не плачце па мне» (рэж. А.Алай).
Літ.:
Алай А.И. Встречи на всю жизнь: Зап. кинооператора. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НЯ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (5.3.1895, в. Кашніцы Гродзенскага пав. — 27.8.1937),
бел. археолаг. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1915), БДУ (1929). З 1932 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жал. веку (у т. л.Банцараўшчыну), помнікі розных эпох Тураўшчыны. У 1927 вёў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве, выявіў першыя матэрыялы, характэрныя для стараж. горада. Вывучаў культуру плямён, якія жылі ў бас. Дняпра, на левых прытоках Прыпяці і Зах. Дзвіны. Збіраў матэрыялы для археал. карты Беларусі. У 1937 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.
Тв.:
Археалагічныя разведкі ў Магілёўскай, Бабруйскай і Мінскай акругах // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1930 Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Матэрыялы з дагісторыі Тураўшчыны (разам з С.С.Шутавым) // Там жа;
Археалагічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Пр. секцыі археалогіі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАЧЭ́НКА (Васіль Паўлавіч) (25.3.1913, г.п. Новаархангельск Кіраваградскай вобл., Украіна — 1.3.1995),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1938). Друкаваўся з 1938. У аповесцях адлюстроўваў героіку Вял.Айч. вайны («Цана жыцця», 1945; «Атэстат сталасці», «Сэрца маці», абедзве 1946; «Гарачыя рукі», 1960; «Бліскавіца», 1962; «Лісты з патрона», 1967, Дзярж. прэмія імя Т.Шаўчэнкі 1971), пасляваеннае жыццё ўкр. сялянства («Новыя патокі», 1948; «Зары насустрач», 1951), мараль і побыт нац. інтэлігенцыі («Сальвія», 1945). Аўтар зб. апавяданняў «Нью-Йорк зблізку» (1958), рамана «Бацькоўскі дом» (1979, пра дзейнасць укр. дыпламатаў). Пераклаў на ўкр. мову раманы Я.Брыля «Птушкі і гнёзды», І.Шамякіна «Глыбокая плынь», п’есы «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка, некаторыя апавяданні Брыля, І.Мележа, П.Пестрака, К.Чорнага. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Брыль, Р.Няхай, І.Стадольнік, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),
хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст. значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.А.Моцарта, А.Скарлаці, Дж.Расіні, Л.Дэліба, Дж.Вердзі, М.Глінкі, М.Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.Аляксеевай, Н.Гайды, М.Гулегінай, Н.Гусельнікавай, Л.Златавай, Л.Колас, Д.Кроз, Т.Кучынскай, Г.Лукомскай, Л.Лют, Т.Ніжнікавай, Т.Пастунінай, А.Шведавай, К.Ясінскай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗІ́НСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (20.7.1886, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 1.2.1955),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў юрыд. (1909) і гіст.-філал. (1914) ф-ты Пецярбургскага ун-та. Чл. аб’яднання акмеістаў «Цэх паэтаў», рэдактар-выдавец час. «Гиперборей» (1912—13), сакратар час. «Аполлон» (1913—17). У 1914—37 працаваў у Рас. публічнай б-цы, з 1918 адначасова ў выд-ве «Сусветная літаратура». Друкаваўся з 1912. У паэт.зб. «Горная крыніца» (1916) абвостраная ўвага да тэм вечнасці і гармоніі. З 1920-х г. друкаваўся толькі як перакладчык: «Гамлет» У.Шэкспіра, «Дон Кіхот» М.Сервантэса, «Кала Бруньён» Р.Ралана, творы Мальера, Лопэ дэ Вэгі, Р.Кіплінга, Р.Шэрыдана, Фірдаўсі і інш., пераклады якіх захоўваюць нац. асаблівасці і індывід. стыль аўтараў. Найб. значная праца — пераклад «Боскай камедыі» Дантэ (1939—45; Дзярж. прэмія СССР 1946). На рус. мову пераклаў бел. паэму «Тарас на Парнасе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗО́ЎСКІ (Юрый Віктаравіч) (16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),
бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.Суруса), Фама («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу) і інш.
Літ.:
Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗЮ́К (Генадзь Ільіч) (н. 2.4.1927, Мінск),
бел. вучоны ў галіне медыцынскай генетыкі, заснавальнік медыка-генет. службы Беларусі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1995), чл.-кар.Рас.АМН (1986), д-рмед.н. (1974), праф. (1978). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950), у 1967—80 працаваў у ім. З 1981 дырэктар Мінскага філіяла Ін-та мед. генетыкі АМНСССР, з 1988 дырэктар НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Навук. працы па тэраталогіі чалавека, мед. генетыцы, этыялогіі прыроджаных заган развіцця, паталаг. анатоміі храмасомных хвароб, клінічнай сіндрамалогіі, генет. выніках Чарнобыльскай катастрофы, прафілактыцы спадчынных хвароб, арганізацыі медыка-генет. службы на Беларусі.
Тв.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991 (у сааўт.);
Наследственные синдромы множественных врожденных пороков развития. М., 1983 (разам з І.В.Лур’е, Я.Д.Чарствым);
Болезни плода, новорожденного и ребенка: Нозология, диагностика, патол. анатомия: Справ. пособие. Мн., 1996 (у сааўт.).