РАЦЭ́І (ад лац. oratio прамова, настаўленне, зварот),
жанр бел. фальклору; рыфмаваныя празаічныя творы віншавальна-павучальнага зместу. Узніклі ў даўнія часы, звязаны з зычэннем добрага здароўя і дабрабыту кожнай сям’і на новы год, Вялікдзень, перад пачаткам с.-г. работ і інш. Выконваліся звычайна рэчытатывам калядоўшчыкамі ці валачобнікамі. Вясельныя Р. выкарыстоўваліся ў час блаславення маладых, у т. л. зычэнні свата. Рэлігійныя Р. стылем блізкія да духоўных вершаў і звязаны з віншаваннем у сувязі з нараджэннем і ўваскрэсеннем Хрыста; лічацца школьнага паходжання.
А.І.Гурскі.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)