КАРАЛЬЧУ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 8.7.1958, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1982) і кампазіцыі (1992, клас Дз. Смольскага). Працуе ў розных жанрах.

Муз. мова твораў абапіраецца на асаблівасці стылю сучаснай музыкі. Сярод твораў: кантата «Успамін» (1991); сімфоніі (1994, 1997, для сімф. арк. і саліруючага трамбона); «Сумны канцэрт» для флейты з сімф. арк. (1992); канцэрты для кантрабаса (1990), для альта (1996), для баяна і віяланчэлі (1998) і камернага арк.; камерна-інстр. ( у т. л. саната для трамбона і фп., 1991) і вак. (у т. л. «Musica Doloroso» для барытона і камернага ансамбля, 1993) творы.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ (Яўген Аляксандравіч) (н. 26.6.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне нейрахірургіі і анкалогіі. Д-р мед. н. (1987), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1975 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1988 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1990 дырэктар). Навук. працы па мікрахірургіі чэрапна-мазгавых і перыферыйных нерваў, лячэнні пухлін ц. н. с., эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, рэабілітацыі анкалагічных хворых.

Тв.:

Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978 (у сааўт.);

Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1992—97 (у сааўт.).

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),

мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.

Карналіт.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 22.5.1925, в. Касаурка Сакольскага р-на Іванаўскай вобл., Расія),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных навук (1971). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1952). З 1972 у Бел. геолага-разведачным НДІ. Навук. працы па прагнозе радовішчаў жал. руд, рэдкіх і высакародных металаў у дакембрыйскім крышт. фундаменце Беларусі і Прыбалтыкі, складанні прагнозна-металагенічных карт фундамента Бел.-Прыбалтыйскага рэгіёна.

Тв.:

Проблема поисков рудных месторождений в Белоруссии // Полезные ископаемые Белоруссии: Сб. науч. зр. Мн., 1975;

Геологические и металлогенические особенности Белорусского кристаллического массива (разам з Ю.​А.​Дзеравянкіным, Л.​Л.​Шатрубавым) // Сов. геология. 1980. № 9.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІЛО́ВІЧ (Сяргей) (4.11.1929, в. Таргуны Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 29 10.1993),

бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі. У 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З канца 1940-х г. у ЗША (штат Агайо). Чл. Згуртавання бел. моладзі, Кліўлендскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1951 прыхода Жыровіцкай Божай Маці Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (БАПЦ) у Кліўлендзе. Ініцыятар стварэння бел. грамадска-культ. цэнтра «Полацак», к-та па аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі пры прыходзе БАПЦ у Кліўлендзе. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (Мінск, ліп. 1993).

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЦКАЯ (па мужу Дырэнталь) Магдалена

(каля 1764, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах. У 1785—94 (з перапынкам) у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступала (з 1790 як Дырэнталь) на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры, другая салістка (сярод партый Пастушка ў балеце «Лукас і Калінета»). Пасля 1794, відаць, працавала ў Варшаве ў трупе «Нацыянальныя танцоры» і антрэпрызе С.​Гальніцкага і К.​Аўсінскага, у 1795 выступала ў Гродне і Львове, з 1797 — у Варшаве ў антрэпрызе Т.​Трускаляскага.

Г.​І.​Барышаў.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПАЧО́Ў (Яфрэм) (Афроім) Майсеевіч (10.7.1914, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія —18.8.1988),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1970). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1937). У 1940—41 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Літ. ССР. З 1946 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі БССР, у 1953—85 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Навук. працы па сац.-эканам. развіцці гарадоў Беларусі 17—18 ст.

Тв.:

Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии XVII—XVIII вв. // Сов. славяноведение. 1968. № 6;

Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧАВА́ЛЬНІК,

навясное абсталяванне да гусенічнага трактара для карчавання пнёў, хмызняку і камянёў або прычапная машына для суцэльнага карчавання пнёў і схаванай драўніны, пагрузкі іх у трансп. сродкі ці ўкладкі ў валок. Можа выкарыстоўвацца і для рыхлення шчыльных грунтоў (гл. Карчавальныя машыны). Таксама ёсць К. сцёблаў бавоўніку — машына для выдалення сцёблаў пасля ўборкі бавоўны-сырцу. Адрозніваюць К.-валкаўкладчыкі (збіраюць сцёблы ў суцэльны валок або ў невял. копы) і К.-здрабняльнікі (здрабняюць сцёблы і раскідваюць іх па полі або загружаюць у трансп. сродкі).

Схема работы карчавальніка: 1 — пры суцэльным карчаванні хмызняку і драбналесся; 2 — пры ўборцы камянёў.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛЯ́НКА, Перагонка,

рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 352 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Малая Зімніца Слаўгарадскага р-на. Цячэ па паўд.-зах. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 900 м — 1,5 км. Пойма ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, шыр. 200—900 м. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 18 км ад вытоку, далей слаба меандруе, шыр. ракі ў межань у сярэднім цячэнні 8—10 м, у ніжнім 3—5 м.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКА (Orcinus orca),

адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.

Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.

Э.​Р.​Самусенка.

Касатка.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)