МО́РА,

частка акіяна, больш-менш аддзеленая ад яго сушай або ўзвышэннямі падводнага рэльефу. Адрозніваецца ад адкрытай ч. акіяна пераважна наяўнасцю ўласнага гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў. На Зямлі каля 60 мораў. Паводле ступені адасобленасці ад акіяна і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму М. падзяляюцца на ўнутраныя ўскраінныя моры і міжастраўныя моры, паводле геагр. становішча — на міжмацерыковыя моры і ўнутрымацерыковыя моры. Ад замкнёнасці М. сушай залежаць гідралагічны рэжым, салёнасць вады, сезонныя ваганні т-ры паветра і вады на паверхні М. Перавага цыкланічных вятроў над М. абумоўлівае перавагу ў іх цыкланічных цячэнняў. Арганічны свет М. больш разнастайны і багаты эндэмікамі, чым у адкрытых частках акіяна. Часта ўмоўна М. называюць таксама асобныя адкрытыя часткі акіяна, якія вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі (Саргасава м. ў Атлантычным ак. з вял. масай водарасцей — саргасаў), асобныя вадасховішчы (Мінскае м.), і, наадварот, некаторыя М. называюць залівамі (Мексіканскі, Гудзонаў, Персідскі і інш.).

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ў электрахіміі,

адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.

Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ШЧА ў геаметрыі,

адна з асн. колькасных характарыстык геаметрычных фігур. У найпрасцейшых выпадках вымяраецца колькасцю адзінкавых квадратаў (квадратаў са стараной, роўнай адзінцы даўжыні), якія запаўняюць плоскую фігуру.

П. прамавугольніка роўная здабытку даўжынь дзвюх сумежных старон, П. трохвугольніка — палове здабытку асновы на вышыню. П. многавугольніка вымяраюць шляхам дзялення яго на прамавугольныя фігуры. П. плоскай крывалінейнай фігуры, абмежаванай простым контурам (контур, які не перасякае сябе), наз. агульны ліміт П. многавугольнікаў, да якога імкнуцца плошчы ўмежаванага і акрэсленага многавугольнікаў пры неабмежаваным змяншэнні даўжынь іх старон. Аналітычна П. такой фігуры вылічваецца пры дапамозе вызначанага інтэграла. Каб вызначыць П. фігуры на крывой паверхні, яе разбіваюць на часткі, праектуюць іх на датычную плоскасць і вылічваюць суму П. праекцый. Ліміт гэтай сумы пры неабмежаваным дзяленні фігуры роўны П. фігуры. Аналітычна П. такой фігуры можна вылічыць пры дапамозе паверхневага інтэграла.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.​А.​Багатаў, М.​І.​Беразоўскі.

Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЕ,

падземныя штуршкі і ваганні зямной паверхні, выкліканыя пераважна тэктанічнымі працэсамі, хуткімі зрухамі і разрывамі ў зямной кары ці верхняй ч. мантыі і вызваленнем назапашанай энергіі. З. могуць быць вулканічнага паходжання, зрэдку яны выкліканы дзейнасцю чалавека (запаўненне буйных вадасховішчаў, напампоўванне вады ў глыбокія свідравіны, горныя работы і выбухі).

Тэктанічныя З. прымеркаваны да зон і абласцей сучасных рухаў пліт, на якія разбіта літасфера; каля 95% іх адбываецца па краях такіх пліт, 4—5% — уздоўж сярэднеакіянічных хрыбтоў або ўнутры пліт. Месца ўзнікнення штуршка ў глыбінях Зямлі наз. ачагом З., цэнтр ачага — гіпацэнтр, праекцыя яго на зямную паверхню — эпіцэнтр. Ад ачага З. ва ўсе бакі распаўсюджваюцца сейсмічныя хвалі, сярод іх адрозніваюць падоўжаныя і папярочныя. Па паверхні зямлі ад эпіцэнтра разыходзяцца паверхневыя хвалі. Ачагі З. найчасцей узнікаюць на глыб. да 20—30 км. Энергію З. ацэньваюць велічынёй магнітуды (М) або энергет. класа (К), паверхневы эфект — у балах шкалы інтэнсіўнасці. Паводле міжнар. сейсмічнай шкалы існуюць 12 градацый — балаў. У выніку сейсмічнага раянавання праводзіцца падзел тэрыторыі па ступенях сейсмічнай актыўнасці. Прагноз З. ажыццяўляюць на аснове іх прадвеснікаў. Колькасць З., якія штогод рэгіструюцца на Зямлі сейсмічнымі станцыямі, дасягае соцень тысяч, але толькі малая доля іх выклікае разбурэнні, у т. л. катастрафічныя (напр., у Сан-Францыска ў 1906, Токіо ў 1923, Ашгабадзе ў 1948, Ташкенце ў 1966, Мехіка ў 1985, Арменіі ў 1988). Вывучае З. сейсмалогія.

На тэр. Беларусі З. звязаны з мясц. ачагамі сейсмічнасці або з’яўляюцца адгалоскамі моцных (М да 7,4) З. у Карпатах (напр., у 1977, 1990). Інтэнсіўнасць найб. значных мясц. З. Барысаўскага (1887) і Астравецкага (1908) да 6—7 балаў, Салігорскага (1978) да 5 балаў. Рэгістраваннем З., вывучэннем сейсмічнага рэжыму на тэр. Беларусі, эталоннымі вымярэннямі геафіз. і гідрагеахім. прадвеснікаў З., сейсмічным раянаваннем з 1980 займаецца Доследна-метадычная партыя пры Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Рэгіструюць З. станцыі, сеткі сейсмічных назіранняў Нац. АН Беларусі — Мінск, Гомель, Нарач, Салігорск, Плешчаніцы.

Літ.:

Болт Б.А. Землетрясения: Общедоступный очерк: Пер. с англ. М., 1981;

Гир Дж.М., Шах Х.Ч. Зыбкая твердь: Что такое землетрясение и как к нему подготовиться: Пер. с англ. М., 1988.

А.​П.​Емяльянаў.

т. 7, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).

Агульная пл. ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн. км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн. км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн. км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).

2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.

З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.

На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл. Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА НЕ́ТРАЎ,

комплекс арганізацыйных, тэхнічных, эканам., прававых і інш. мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне зямных глыбінь; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку давання нетраў у карыстанне і недапушчэнне самавольнага карыстання імі, паўнату геал. вывучэння, бяспечнае вядзенне работ па выкарыстанні нетраў (ахова атмасферы, водаў, зямной паверхні і інш. аб’ектаў ад шкоднага ўплыву работ); прывядзенне парушаных зямельных участкаў у стан, прыдатны для далейшага выкарыстання; найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і спадарожных ім кампанентаў; прадухіленне забруджвання нетраў пры падземным захоўванні, пахаванні адходаў і скіданні сцёкавых водаў; бяспечнае карыстанне нетрамі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. На Беларусі ахова нетраў знаходзіцца на стадыі арганізацыі і юрыд. афармлення. Дзярж. кантроль за аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем ажыццяўляюць органы дзярж. горнага нагляду і інш. Парадак карыстання і аховы нетраў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці, падпарадкавання і прыналежнасці замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб нетрах (праект; 1995).

т. 2, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГ,

хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля ​2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.

Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).

Вікторыя Круса.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, асн. нясучыя элементы якіх (тросы, канаты, кабелі, ланцугі, сеткі, стрыжні, мембраны) успрымаюць толькі расцягвальныя намаганні. Бываюць: плоскія (выкарыстоўваюцца ў вісячых мастах, канатных дарогах) і прасторавыя (у пакрыццях грамадскіх і прамысл. будынкаў); аднапаясныя (паралельныя тросы, сеткі ці мембраны ўтвараюць цыліндрычныя або парабалоідныя паверхні з насцілам), двухпаясныя (папярэдне напружаныя, з крывалінейных паясоў, павернутых выпукласцямі ў процілеглыя бакі), седлападобныя (з тросаў, якія перасякаюцца і ўтвараюць сетку, або з адпаведных абалонак), вантавыя (гл. Вантавыя канструкцыі) і камбінаваныя.

Вісячыя канструкцыі лёгкія, эканамічныя, архітэктурна выразныя, мала адчувальныя да сейсмічных уздзеянняў, асядання апор. Будуюцца хутка, з дапамогай лёгкіх пад’ёмных механізмаў, пераважна без рыштаванняў. Асн. недахоп — дэфармавальнасць ад мясц. нагрузкі (памяншаецца адцяжкамі, раскосамі, бэлькамі жорсткасці, дадатковымі паясамі, папярэднім напружаннем элементаў). Выкарыстанне ў вісячых канструкцыях сучасных высокатрывалых матэрыялаў дазваляе перакрываць збудаванні з вял. пралётамі.

М.​К.​Балыкін.

Вісячыя канструкцыі: 1 — спартыўны будынак з вантава-бэлечным пакрыццём; 2 — падвеснае пакрыццё фабрыкі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)