ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канцажн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял.Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс.чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎСКІЯ МО́ВЫ,
падгрупа фіна-угорскіх моў. Мовы мардвы. Распаўсюджана ў Мардовіі, Башкортастане, Татарстане, Чувашыі, Ніжагародскай, Арэнбургскай, Пензенскай, Саратаўскай і інш. абласцях Расіі. Да М.м. належаць макшанская (мокша-мардоўская) і эрзянская (эрзя-мардоўская) мовы. Шматдыялектныя. У макшанскай мове 7 галосных і 33 зычныя; націск пераважна на 1-м складзе (абумоўлены якасцю галосных словаформы). У эрзянскай мове 5 галосных і 28 зычных; націск фразавы і рытмічны. М.м. аглюцінатыўныя мовы. У значэнні прыназоўнікаў ужываюцца паслялогі. Больш за 10 склонаў, 3 тыпы скланення, адсутнасць катэгорыі роду, 7 ладоў дзеяслова, 2 спражэнні. У лексіцы шмат русізмаў, ёсць цюркізмы, балт. і іранскія запазычанні. 2 літ. мовы, якія сфарміраваліся на аснове макшанскіх і эрзянскіх дыялектаў б. адзінай агульнамардоўскай мовы: макшанская (сфарміравалася да сярэдзіны 1930-х г.) і эрзянская (у канцы 1920-х г.). Пісьменства на розных мардоўскіх дыялектах (лац. і рус. графіка) з канца 17 ст. У аснове мардоўскага пісьма рус. графіка і арфаграфія (з сярэдзіны 18 ст.).
Літ.:
Грамматика мордовских языков: Фонетика, графика, орфография, морфология. Саранск, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЯРЫ́Т,
у бел. мастацтве стараж. назва гравюры на медзі; тое, што афорт. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Раннія М. на бел. тэмы заказваліся за мяжою (карта Полацкай зямлі, план Полацка, Рым, 1579; карта Вял.кн. Літоўскага, Амстэрдам, 1613). Адным з першых да М. звярнуўся Т.Макоўскі («Панегірык братоў Скарульскіх», Нясвіж, 1604, і інш.). М. стваралі браты А.Тарасевіч (ілюстрацыі да «Разарыума...», Аўгсбург, 1672) і Л.Тарасевіч («Партрэт Г.Зямлі», 1690-я г.), І.Шчырскі, М.Сімкевіч, а таксама замежныя гравёры, якія працавалі на Беларусі: К.Гётке, А. ван Вестэрфельд, П.Эгельхарт. У тэхніцы М. выконваліся панегірычныя гравюры, ілюстрацыі. У бел. кірылічнай кнізе да М. звярталіся С.Собаль (тытул «Актоіха», Кіеў, 1628), М.Вашчанка (ілюстрацыі да «Акафістаў і канонаў», Магілёў, 1693). У тэхніцы М. выконвалі таксама гар. краявіды Полацка, Магілёва, Гродна, Нясвіжа, нар. лубкі, экслібрысы. Іл.гл. таксама да арт.Афорт.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Медзярыт. Л.Тарасевіч. Партрэт Г.Зямлі. 1690-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Даніла Канстанцінавіч) (30.9.1914, г. Пінск — 7.7.1996),
бел. дзеяч культуры, вучоны-хімік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Сын Я.Коласа. Скончыў хім.ф-тБДУ (1936), вучыўся ў аспірантуры БДУ і працаваў там выкладчыкам. У Вял.Айч. вайну працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це і хім. групе АНБССР (Ташкент). У 1943 дэкан хімфака БДУ (на ст. Сходня пад Масквой). З 1944 у Ін-це хіміі АНБССР (ст.навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, заг. лабараторыі). Пасля смерці Я.Коласа (1956) збіральнік яго спадчыны, арганізатар Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, дзе ў 1957—80 працаваў дырэктарам, з 1980 да канца жыцця ст.навук. супрацоўнікам. Пад яго кіраўніцтвам музей стаў важным асяродкам коласазнаўства. Распрацаваў канцэпцыю мемарыялізацыі памятных мясцін Я.Коласа на Стаўбцоўшчыне (гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял). Прапагандаваў спадчыну Я.Коласа, выступаў у друку, на радыё і тэлебачанні, у школах. Аўтар успамінаў, артыкулаў па коласазнаўстве і праблемах культуры.
Тв.:
Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́САР,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).
Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.
Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,
наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Сандэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл.Портсмуцкі мірны дагавор 1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,
рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл.Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.
умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх. Я.Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.Чаглакоў, не захавалася).
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),
найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А.Чартарыйскі (старшыня), С.Бажыкоўскі, В.Немаёўскі, Т.Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.Гажкоўскі, Я.Тысоўскі, А.Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац.к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад неа... + імпрэсіянізм),
кірунак у жывапісе канца 19—1-й пал. 20 ст.Засн. ў Францыі каля 1885 Ж.Сёра і П.Сіньякам. Тэрмін уведзены Ф.Фенеонам у 1886. Н. навукова абгрунтаваў раскладанне тонаў на чыстыя колеры і прыём пісьма раздзельнымі мазкамі (гл.Пуантылізм), адвяргаў выпадковасць і фрагментарнасць кампазіцый імпрэсіянізму, вызначаўся абагульненай, плоскасна-дэкар. манерай жывапісу, які нагадваў пано. Паслядоўнае аптычнае змяшэнне чыстых тонаў спектра стварала эфект асляпляльна белага святла і разам з тым «выцвітання», бялёсасці каларыту. У розныя часы да Н. звярталіся А.Матыс, А.Дэрэн, Р.Дэланэ, Дж.Северыні, Дж.Бала, ім захапляліся В. ван Гог, Э.Бернар, П.Гаген і інш. Н. пашырыўся ў Галандыі (Артс, Брэмер, Вейлбрыф), Італіі (П. да Вальпеда, Дж.Сеганціні і інш.), пад уплывам бельгійцаў Т. ван Рэйселберге і А. ван дэ Велдэ да Н. звярталіся ў Германіі П.Баўм, К.Герман, К.Рольфс, І.Гаўптман.
Л.Ф.Салавей.
Да арт.Неаімпрэсіянізм. П.Сіньяк. Хвоя. Сен-Трапез.