ФА́НІПАЛЬ,

горад у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Баранавічы, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 15 км на ПнУ ад г. Дзяржынск, 22 км ад Мінска. 11,6 тыс. ж. (2002).

Вядомы з пач. 19 ст. як фальварак Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав., уласнасць Багдашэўскіх. У 1871 пабудаваны чыг. прыпынак Чэчын, пазней стаў чыг. ст. Токараўка, з канца 19 ст. наз. Ф., чыгуначнікі якой 14.11.1917 дапамаглі рэвалюцыянеру-сацыялісту В.​А.​Пралыгіну правесці ў Мінск браняпоезд. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут філіял Маладзечанскага лагера смерці. З 29.4.1984 гар. пасёлак, з 22.6.1999 горад.

Працуюць з-ды жалезабетонных маставых канструкцый, доследна- і рамонтна-мех.; Дзяржынская бройлерная птушкафабрыка, Мінская нафтабаза. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, б-ка, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)