СО́НЕЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

змена ў часе інтэнсіўнасці выпрамянення асобных участкаў паверхні Сонца. Праяўляецца ва ўсёй сукупнасці нестацыянарных працэсаў на Сонцы і ў яго атмасферы: рэгулярным узнікненні плям, пратуберанцаў, факелаў, успышак і інш., нарастанні ультрафіялетавага, рэнтгенаўскага і радыёвыпрамянення.

Большасць гэтых з’яў цесна звязаны паміж сабой і ўзнікаюць у т.зв. цэнтрах актыўнасці, дзе выходзяць на паверхню магутныя магн. палі, што сведчыць аб агульнай прыродзе праяўленняў С.а. — сувязі з магн. полем Сонца. С.а. мае цыклічны характар — перыяд каля 11 гадоў. Пры змене цыкла С.а. мяняецца палярнасць агульнага магн. поля Сонца, а ў групах плям — палярнасць вядучай плямы; т.ч. магн. поле вяртаецца да агульнай канфігурацыі праз 22 гады. Мерай С.а. служыць Вольфа лік. Звычайна яго значэнні ўсярэдніваюць па месяцах ці гадах і будуюць графік залежнасці С.а. ад часу. С.а. значна ўздзейнічае на працэсы, якія адбываюцца ў міжпланетнай і каляземнай прасторах, у атмасферы і біясферы Зямлі. У перыяд максімуму С.а. на Зямлі маюць месца анамальныя з’явы: магнітныя буры, палярныя ззянні, спыненне радыёсувязі на частотах 5—20 Мгц, поўнае спыненне адбіцця ад іанасферных слаёў, раптоўнае ўзмацненне атм. перашкод і інш. Іл. гл. да арт. Пратуберанцы.

Літ.:

Витинский Ю.И. Солнечная активность. 2 изд. М., 1983.

А.​А.​Шымбалёў.

Утварэнне і рух плям на Сонцы ў перыяд сонечнай актыўнасці (жнівень 1999).

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Д,

вышэйшы калегіяльны выканаўчы орган дзяржавы. У розных краінах можа мець розныя назвы; Савет Міністраў (Рэспубліка Беларусь, Францыя, Польшча, Італія), Кабінет Міністраў (Вялікабрытанія, Узбекістан), Дзярж. савет (КНР) і да т.п. Парадак фарміравання У. залежыць ад формы праўлення. Ён можа быць беспартыйны, аднапартыйны і кааліцыйны. У парламенцкіх краінах У. фарміруецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы лідэрам партыі, якая мае большасць у парламенце. У прэзідэнцкіх рэспубліках (дзе У. прадугледжаны канстытуцыяй) фарміруецца прэзідэнтам, прычым кожны з назначаных ім членаў У. ў шэрагу краін павінен быць зацверджаны парламентам. Члены У. (міністры і інш.) кіруюць канкрэтнымі цэнтр. ведамствамі дзярж. кіравання (міністэрствы і інш.). У парламенцкіх краінах яны звычайна павінны быць членамі парламента, у прэзідэнцкіх, як правіла, дзейнічае прынцып несумяшчальнасці пасады міністра з дэпутацкім мандатам. У парламенцкіх дзяржавах У. нясе калегіяльную адказнасць перад парламентам, што азначае абавязак пры страце парламенцкай большасці або выйсці ў адстаўку, або распусціць парламент і назначыць новыя датэрміновыя выбары. У федэратыўных дзяржавах існуе цэнтральны У. і У. дзярж. утварэнняў, якія ўваходзяць у склад федэрацыі. У. можа ствараць са свайго складу дапаможныя ўрадавыя камітэты. Рашэнні У. носяць характар паліт. дырэктыў або афармляюцца ў выглядзе нарматыўных актаў ці законапраектаў, якія потым уносяцца ў парламент. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТЫЛІЗА́ЦЫЯ АДХО́ДАЎ,

выкарыстанне ў нар. гаспадарцы прамысл. і камунальных адходаў і выкідаў. Уключае утылізацыю забруджвальнікаў і нейтральных рэчываў. Мае вял. эканам. і прыродаахоўнае значэнне.

Выкарыстанне другаснай сыравіны (макулатуры, лому металаў, бітага шкла, тэкстыльных адходаў) зніжае патрэбу ў імпарце шматлікіх відаў сыравіны і энергіі. Напр., утылізацыя 1 т макулатуры зберагае ў вытв-сці паперы 4 м³ драўніны; выкарыстанне ў шыхце шклаварачных печаў 10% бітага шкла зніжае расход энергіі на 2%, выкарыстанне 80% бітага шкла памяншае шкодныя выкіды ў атмасферу на 20%, расход вады — на 50%.

На Беларусі штогод утвараецца каля 2 млн. т цвёрдых быт. адходаў, большасць з якіх выдаляецца на палігоны, каля 4% утылізуецца на мінскім смеццеперапрацоўчым заводзе. З 25 млн. т цвёрдых адходаў прам-сці (асн. крыніца адходаў) утылізуецца каля 15%. Драўляныя адходы лесапілавання і дрэваапрацоўкі выкарыстоўваюцца на 94%, адходы вытв-сці пластмас — на 93%, гумазмяшчальныя — на 82%, вытв-сці харч. прадуктаў — на 97,5%, лігніну гідролізнага — на 59%, адходы з рэшткамі нафтапрадуктаў — на 60%, гальванашламаў — на 4%, фасфагіпсу — на 3,4%. Наспелі праблемы утылізацыі буйнатанажных адходаў і адходаў павышанай небяспекі (галітавых і глініста-салявых шламаў, металургічных шлакаў, гарэлай зямлі, лігніну, гальванаадходаў і інш.).

У свеце індэкс У.а. складае: у Германіі — 50%, Нідэрландах — 45%, Японіі — 39%, ЗША — 25%.

Літ.:

Состояние окружающей среды Республики Беларусь: Нац. доклад. Мн., 2001.

А.​С.​Клопаў.

т. 16, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад фера... + магнетызм),

магнітаўпарадкаваны стан рэчыва (ферамагнетыка), у якім большасць атамных магнітных момантаў паралельныя адзін аднаму так, што рэчыва мае самаадвольную (спантанную) намагнічанасць. Устанаўліваецца пры т-рах ніжэй Кюры пункта. З’яўляецца вынікам дадатнага абменнага ўзаемадзеяння.

У адсутнасць знешняга магн. поля ўзаемаразмяшчэнне самаадвольна намагнічаных у розных напрамках даменаў (абласцей аднароднай намагнічанасці, на якія разбіты ферамагнетык) такое, што поўная намагнічанасць усяго крышталя роўная нулю. Знешняе магн. поле мяняе даменную структуру: зрушваюцца даменныя межы, вектары намагнічанасці даменаў арыентуюцца ў адным напрамку. З ростам поля намагнічанасць расце і дасягае магнітнага насычэння; пры перамагнічванні назіраецца магн. гістэрэзіс. Мае месца магнітастрыкцыя, магнітная анізатрапія, тэкстура магнітная, ферамагнітны рэзананс. У пункце Кюры ферамагнітны парадак разбураецца і ферамагнетык пераходзіць у парамагнітны стан (фазавы пераход II роду), у некат. выпадках — у антыферамагнітны. Гл. таксама Магнітная структура.

Літ.:

Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;

Тикадзуми С. Физика ферромагнетизма: Магнитные свойства вещества: Пер. с яп. М., 1983;

Яго ж. Физика ферромагнетизма: Магнитные характеристики и практич. применения: Пер. с яп. М., 1987;

Уайт Р.М. Квантовая теория магнетизма: Пер. с англ. 2 изд. М., 1985.

Р.​М.​Шахлевіч.

Да арт. Ферамагнетызм. Ферамагнітная калінеарная атамная структура гранецэнтраванай кубічнай рашоткі ніжэй пункта Кюры; стрэлкамі паказаны напрамкі атамных магнітных момантаў; Js — вектар сумарнай намагнічанасці.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫНГІСХА́Н (уласнае імя Тэмуджын, Тэмучын; каля 1155, урочышча Дэлпун-Болдан на р. Анон, Манголія — каля 25.8.1227),

стваральнік першай агульнамангольскай дзяржавы. У 1184—1205 разграміў большасць інш. манг. князёў, падпарадкаваўшы сабе асн. плямёны. У 1206 на курултаі (з’ездзе) манг. знаці абвешчаны вял. ханам над усімі плямёнамі з тытулам «Ч.» (ад цюрк. ценгіз — акіян, мора). Выдаў збор манг. законаў (яса), якія рэгулявалі жыццё плямёнаў, стварыў цэнтралізаваную сістэму дзярж. улады, падзяліўшы плямёны на ваен.-адм. адзінкі («тысячы»), кожная з якіх павінна была выстаўляць тысячу конных воінаў. Ім было створана самае масавае і баяздольнае па тым часе войска. У знешняй палітыцы імкнуўся да пашырэння тэр. дзяржавы. У 1207 нападам на дзяржаву Сі-Ся паклаў пачатак мангольскім заваяванням у 13 ст. У 1207—11 падпарадкаваў Усх. Туркестан, у 1211—15 вёў вайну з чжурчжэнямі за валоданне Паўн. Кітаем, захапіў Пекін і інш. буйныя гарады. У 1219 пачаў вайну з Харэзмшахаў дзяржавай, нанёс ёй шэраг цяжкіх паражэнняў, захапіў Сярэднюю Азію. Памёр у час паходу супраць тангуцкай дзяржавы Сі-Ся. Незадоўга да смерці падзяліў заваяваныя землі паміж сваімі нашчадкамі (гл. Чынгісіды).

Літ.:

Кычанов Е.И. Жизнь Темучжина, думавшего покорить мир. М., 1973;

Чингис-хан. СПб., 1998;

Уолкер С.С. Чингизхан: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІ́СТЫ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РЫ, эсэры,

палітычная партыя ў Расіі ў 1901—23. Узнікла ў канцы 1901—пач. 1902 у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. Кіраўнікі ў розны час: Р.​А.​Гершуні, В.​М.​Чарноў, Е.​Ф.​Азеф, Б.​В.​Савінкаў, А.​Р.​Гоц, М.​В.​Аўксенцьеў, У.​М.​Зензінаў. Друкаваныя органы: газ. «Революционная Россия», «Знамя труда», час. «Вестник русской революции» і інш. Асн. мэта — экспрапрыяцыя капіталіст. уласнасці, рэарганізацыя вытв-сці і ўсяго грамадскага ладу на сацыяліст. прынцыпах. Партыя прапаведавала тэорыю «адзінага працоўнага народа» (сяляне, рабочыя, рэв. інтэлігенцыя), якому павінна належаць улада і ўласнасць. Праграма (прынята на 1-м з’ездзе ў 1906) змяшчала патрабаванні дэмакр. рэспублікі, усеагульнага выбарчага права, свабоды слова, друку, сходаў, адукацыі за кошт дзяржавы, скасавання пастаяннай арміі. С.-р. лічылі сялянства гал. сілай рэвалюцыі, выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай уласнасці ва ўсенар. набытак), яе ўраўняльнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё с.-г. кааперацыі. У нац. пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыянальнасцямі, прызнання за імі безумоўнага права на самавызначэнне. У рэвалюцыю 1905—07 С.-р. ўдзельнічалі ва ўзбр. выступленнях у Маскве (снеж. 1905), Кранштаце і Свеаборгу (лета 1906), кіравалі шматлікімі сял. паўстаннямі, мелі прадстаўнікоў у Дзярж. думе, Саветах рабочых дэпутатаў, ва Усерас. сял. саюзе. Але асн. сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя яны лічылі індывід. тэрор. У 1901—12 эсэры ажыццявілі 200 тэрарыст. актаў, забілі 12 міністраў і 450 дзярж. служачых. У 1906 з партыі С.-р. вылучыліся групы, з якіх утварыліся партыі максімалістаў і народных сацыялістаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 эсэры легалізаваліся. Разам з меншавікамі яны падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада (ад эсэраў у яго увайшлі А.​Ф.​Керанскі, Аўксенцьеў, Чарноў, С.​Л.​Маслаў). Іх прадстаўнікі фактычна панавалі ў Саветах сялянскіх дэпутатаў, разам з меншавікамі мелі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах. Летам 1917 з партыі С.-р. вылучылася фракцыя (са снеж. 1917 — самаст. партыя) левых эсэраў. С.-р. варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 (высунулі лозунг «Ўся ўлада Устаноўчаму сходу!»). У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—22 яны ўваходзілі ў склад Камітэта членаў Устаноўчага сходу і інш. антыбальшавіцкіх урадаў, арганізавалі шматлікія антыбальшавіцкія паўстанні, у т. л. Антонава паўстанне 1920—21. Да 1922 большасць арг-цый эсэраў разгромлены ВЧК (на эміграцыі яны праіснавалі да канца 1930-х г.), у чэрв. 1922 у Маскве адбыўся суд. працэс над 47 кіраўнікамі партыі. Ў сак. 1923 «Усерас. з’езд былых радавых членаў партыі эсэраў» прыняў рашэнне аб яе самароспуску.

На Беларусі гурткі С.-р. дзейнічалі з 1901. Вясной 1904 для каардынацыі іх працы на тэр. бел. губерняў, а таксама Смаленшчыны і Браншчыны ўтвораны Паўн.-Зах. абл. к-т (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Паводле звестак 2-га з’езда эсэраў Паўн.-Зах. вобласці (кастр. 1906), у бел. губернях налічвалася 8863 чл. партыі. У 1905—07 С.-р. арганізавалі шэраг тэрарыст. актаў супраць мясц. царскіх чыноўнікаў. Найб. актыўнымі іх дзеячамі ў бел. губернях былі В.​С.​Балай, А.​В.​Бонч-Асмалоўскі, Е.​М.​Закрэўскі, А.​А.​Ізмайловіч, С.​П.​Кавалік, С.​М.​Малашчыцкі і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 С.-р. сумесна з меншавікамі, бундаўцамі і польскімі сацыялістамі мелі большасць у мясц. Саветах і інш. установах. Паводле няпоўных звестак, на Беларусі летам 1917 дзейнічалі 22 эсэраўскія арг-цыі. У жн. 1917 на Зах. фронце налічвалася 32—33 тыс. членаў партыі. Восенню 1917 у сувязі з пераходам большасці членаў нізавых арг-цый С.-р. на бок бальшавікоў колькасць эсэраў на Зах. фронце скарацілася да 12 тыс. На выбарах ва Устаноўчы сход у бел. губернях і на Зах. фронце за партыю С.-р. прагаласавала 32,2% ад тых, хто галасаваў. Эсэры ўдзельнічалі ў рабоце Усебеларускага з’езда 1917, уваходзілі ў склад Нар. сакратарыята Беларусі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак пры галасаванні 25.3.1918 3-й Устаўнай граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР, яны ўстрымаліся, а пасля падтрымкі часткай членаў Рады БНР вітальнай тэлеграмы герм. кайзеру Вільгельму II (25.4.1918) выйшлі з яе складу. Як і ў Расіі, эсэры ў Беларусі выступілі супраць Брэсцкага міру 1918 і камбедаўскай палітыкі бальшавікоў, вялі ўзбр. барацьбу супраць сав. улады. У 1918 частка С.-р. перайшла тут у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (вылучылася з Беларускай сацыялістычнай грамады, самараспусцілася ў 1924).

Літ.:

Гусев К.В. Партия эсеров: от мелкобуржуазного революционаризма к контрреволюции: Ист. очерк. М., 1975;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в.—февр. 1917 г.). Мн., 1994.

А.​А.​Вараб’ёў, У.​Я.​Казлякоў, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.

Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн. т вінаграднага віна, найб. (1994; млн. т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн. т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.

Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1 млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).

Да арт. Вінаробная прамысловасць. На заводзе па выпуску херасу НВА «Ялавены» (Малдова).

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБІЦЫ́ДЫ [ад лац. herba трава + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксама альгіцыды і арбарыцыды.

Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш. часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.

Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.

Літ.:

Химические средства защиты. М., 1987;

Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.

В.​П.​Дзеева.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЁЗДЫ жывёл,

пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.

Гнёзды: 1 — асы амафілы; 2 — павука-серабранкі; 3 — пчалы-лістарэза; 4 — шэршня звычайнага; 5 — колюшкі трохіголкавай; 6 — чарацянкі дроздападобнай; 7 — сініцы-рэмеза; 8 — ткачыка-бая; 9 — паганкі малой; 10 — мышы-малюткі; 11 — івалгі; 12 — бабра.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,

ваенная акцыя Рус. нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус. паліт. к-та ў Польшчы Б.​В.​Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас. дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскім.

Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс. чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне бел. войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел. Нар. Рэспублікі. 16 ліст. Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.

Літ.:

Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;

Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)