САЦЫЯЛІ́СТЫ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РЫ, эсэры,

палітычная партыя ў Расіі ў 1901—23. Узнікла ў канцы 1901—пач. 1902 у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. Кіраўнікі ў розны час: Р.​А.​Гершуні, В.​М.​Чарноў, Е.​Ф.​Азеф, Б.​В.​Савінкаў, А.​Р.​Гоц, М.​В.​Аўксенцьеў, У.​М.​Зензінаў. Друкаваныя органы: газ. «Революционная Россия», «Знамя труда», час. «Вестник русской революции» і інш. Асн. мэта — экспрапрыяцыя капіталіст. уласнасці, рэарганізацыя вытв-сці і ўсяго грамадскага ладу на сацыяліст. прынцыпах. Партыя прапаведавала тэорыю «адзінага працоўнага народа» (сяляне, рабочыя, рэв. інтэлігенцыя), якому павінна належаць улада і ўласнасць. Праграма (прынята на 1-м з’ездзе ў 1906) змяшчала патрабаванні дэмакр. рэспублікі, усеагульнага выбарчага права, свабоды слова, друку, сходаў, адукацыі за кошт дзяржавы, скасавання пастаяннай арміі. С.-р. лічылі сялянства гал. сілай рэвалюцыі, выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай уласнасці ва ўсенар. набытак), яе ўраўняльнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё с.-г. кааперацыі. У нац. пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыянальнасцямі, прызнання за імі безумоўнага права на самавызначэнне. У рэвалюцыю 1905—07 С.-р. ўдзельнічалі ва ўзбр. выступленнях у Маскве (снеж. 1905), Кранштаце і Свеаборгу (лета 1906), кіравалі шматлікімі сял. паўстаннямі, мелі прадстаўнікоў у Дзярж. думе, Саветах рабочых дэпутатаў, ва Усерас. сял. саюзе. Але асн. сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя яны лічылі індывід. тэрор. У 1901—12 эсэры ажыццявілі 200 тэрарыст. актаў, забілі 12 міністраў і 450 дзярж. служачых. У 1906 з партыі С.-р. вылучыліся групы, з якіх утварыліся партыі максімалістаў і народных сацыялістаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 эсэры легалізаваліся. Разам з меншавікамі яны падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада (ад эсэраў у яго увайшлі А.​Ф.​Керанскі, Аўксенцьеў, Чарноў, С.​Л.​Маслаў). Іх прадстаўнікі фактычна панавалі ў Саветах сялянскіх дэпутатаў, разам з меншавікамі мелі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах. Летам 1917 з партыі С.-р. вылучылася фракцыя (са снеж. 1917 — самаст. партыя) левых эсэраў. С.-р. варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 (высунулі лозунг «Ўся ўлада Устаноўчаму сходу!»). У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—22 яны ўваходзілі ў склад Камітэта членаў Устаноўчага сходу і інш. антыбальшавіцкіх урадаў, арганізавалі шматлікія антыбальшавіцкія паўстанні, у т. л. Антонава паўстанне 1920—21. Да 1922 большасць арг-цый эсэраў разгромлены ВЧК (на эміграцыі яны праіснавалі да канца 1930-х г.), у чэрв. 1922 у Маскве адбыўся суд. працэс над 47 кіраўнікамі партыі. Ў сак. 1923 «Усерас. з’езд былых радавых членаў партыі эсэраў» прыняў рашэнне аб яе самароспуску.

На Беларусі гурткі С.-р. дзейнічалі з 1901. Вясной 1904 для каардынацыі іх працы на тэр. бел. губерняў, а таксама Смаленшчыны і Браншчыны ўтвораны Паўн.-Зах. абл. к-т (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Паводле звестак 2-га з’езда эсэраў Паўн.-Зах. вобласці (кастр. 1906), у бел. губернях налічвалася 8863 чл. партыі. У 1905—07 С.-р. арганізавалі шэраг тэрарыст. актаў супраць мясц. царскіх чыноўнікаў. Найб. актыўнымі іх дзеячамі ў бел. губернях былі В.​С.​Балай, А.​В.​Бонч-Асмалоўскі, Е.​М.​Закрэўскі, А.​А.​Ізмайловіч, С.​П.​Кавалік, С.​М.​Малашчыцкі і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 С.-р. сумесна з меншавікамі, бундаўцамі і польскімі сацыялістамі мелі большасць у мясц. Саветах і інш. установах. Паводле няпоўных звестак, на Беларусі летам 1917 дзейнічалі 22 эсэраўскія арг-цыі. У жн. 1917 на Зах. фронце налічвалася 32—33 тыс. членаў партыі. Восенню 1917 у сувязі з пераходам большасці членаў нізавых арг-цый С.-р. на бок бальшавікоў колькасць эсэраў на Зах. фронце скарацілася да 12 тыс. На выбарах ва Устаноўчы сход у бел. губернях і на Зах. фронце за партыю С.-р. прагаласавала 32,2% ад тых, хто галасаваў. Эсэры ўдзельнічалі ў рабоце Усебеларускага з’езда 1917, уваходзілі ў склад Нар. сакратарыята Беларусі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак пры галасаванні 25.3.1918 3-й Устаўнай граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР, яны ўстрымаліся, а пасля падтрымкі часткай членаў Рады БНР вітальнай тэлеграмы герм. кайзеру Вільгельму II (25.4.1918) выйшлі з яе складу. Як і ў Расіі, эсэры ў Беларусі выступілі супраць Брэсцкага міру 1918 і камбедаўскай палітыкі бальшавікоў, вялі ўзбр. барацьбу супраць сав. улады. У 1918 частка С.-р. перайшла тут ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (вылучылася з Беларускай сацыялістычнай грамады, самараспусцілася ў 1924).

Літ.:

Гусев К.В. Партия эсеров: от мелкобуржуазного революционаризма к контрреволюции: Ист. очерк. М., 1975;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в.—февр. 1917 г.). Мн., 1994.

А.​А.​Вараб’ёў, У.​Я.​Казлякоў, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)