ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс. чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.​І.​Шамячычам, а палкі Д.​Шчэні і Я.​Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс. чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),

Краіна Валенсія, аўтаномная вобласць на У Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м. Пл. 23,3 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990). Уключае правінцыі Алікантэ, Валенсія, Кастэльён-дэ-ла-Плана. Адм. ц. — г. Валенсія. Уздоўж берага мора — вузкая паласа алювіяльнай нізіны, акаймаваная на З адгор’ямі Андалускіх і Іберыйскіх гор выш. да 1300—1800 м.

Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 500 мм за год, пераважна зімой. Рэкі Хукар, Турыя, Сегура. Расліннасць тыпу маквіс і гарыга. Найб. развіты тэкст. і харч. (вытв-сць віна, пладовых кансерваў) прам-сць. Чорная металургія, машынабудаванне, у т. л. суднабудаванне, маторабудаванне, авіяц. прам-сць, прадпрыемствы алюм. і нафтаперапр. прам-сці. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — таварнае экспартнае пладаводства (апельсіны, мандарыны, лімоны), агародніцтва. Вырошчваюць рыс, міндаль, вінаград. Шаўкаводства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. На ўзбярэжжы — зона міжнар. адпачынку і турызму.

З 2 ст. да н.э. пад уладай Стараж. Рыма, з 5 ст. — каралеўства вестготаў, у 8—11 ст. — Кардоўскага халіфата. З-пад улады арабаў на кароткі тэрмін вызвалена ў 1094 войскамі Сіда Кампеадора, канчаткова — у 1238, стала каралеўствам. У 1319 далучана да каралеўства Арагон. Пасля аб’яднання ў 1479 Арагона і Кастыліі ў адзіную дзяржаву Іспанію — правінцыя.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЯР’Я́Н, маун (Valeriana),

род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.

Валяр’ян: 1 — лекавы; 2 — двухдомны.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,

залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс. км², нас. 4,3 млн. чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс. чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл. Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл. Кракаўская рэспубліка).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІ́Я МА́РКЕС ((García Márquez) Габрыэль) (н. 6.3.1928, г. Аракатака, Калумбія),

калумбійскі пісьменнік. Сваё жыццё звязаў з журналістыкай, што прадвызначыла вастрыню і кантрастнасць яго светаўспрымання, характар творчага почырку. З 1955 жыве па-за межамі Калумбіі (Еўропа, Венесуэла, Мексіка, Куба). Друкуецца з 1947 (аповесць «Трэцяя адмова», апавяданні). Вядомасць прынеслі раманы «Нядобры час» (1962), «Сто гадоў адзіноты» (1967), «Восень патрыярха» (1975), «Хроніка аб’яўленай смерці» (1981), «Каханне пад час чумы» (1985), «Генерал у сваім лабірынце» (1989). Аўтар аповесцей «Апалае лісце» (1955), «Палкоўніку ніхто не піша» (1958), зб. апавяданняў «Пахаванне Вялікай Мамы» (1962), кн. для дзяцей. Яго творы вызначаюцца адмысловым спалучэннем знешняй прастаты, жыццёвай насычанасці з ускладненымі асацыяцыямі, міфалагічнымі адсылкамі да глыбінных пластоў нац. і сусв. культуры. Выкарыстоўваючы нар. паэтыку, Гарсія Маркес у кожным творы вяртаецца да асэнсавання неацэннай каштоўнасці жыцця, самае вял. шчасце якога — у каханні, а трагедыя — у адзіноце. Нобелеўская прэмія 1982. На бел. мову творы Гарсія Маркеса перакладаў К.​Шэрман.

Тв.:

Рус. пер. — Палая листва. М., 1972;

Осень патриарха. М., 1978;

Сто лет одиночества;

Полковнику никто не пишет. М., 1986;

Избр. произв. М., 1989.

Літ.:

Земсков В. Габриэль Гарсия Маркес: Очерк творчества. М., 1986.

І.​Л.​Лапін.

Г.Гарсія Маркес.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІЛАМЁДАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.12.1937, в. Кругель Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1987). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1965 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1976 нам. дырэктара, адначасова з 1977 заг. сектара тэорыі л-ры), у 1969—76 у апараце ЦК КПБ. Гал. тэма яго навук. прац — сучасная бел. паэзія. Аўтар творчых партрэтаў І.​Мележа («Іван Мележ», 1984), В.​Зуёнка («Праўда зерня: Творчы партрэт Васіля Зуёнка», 1992), П.​Броўкі, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, Е.​Лось і інш. За дапаможнік для настаўнікаў «Янка Купала: Новы погляд» (1995) Літ. прэмія імя У.​Калесніка 1996.

Тв.:

Лірычны летапіс часу. Мн., 1967;

Традыцыі і наватарства. Мн., 1972;

Упоравень з векам. Мн., 1976;

Як само жыццё. Мн., 1980;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983;

Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984;

Пафас жыццесцвярджэння. Мн., 1985;

Класікі і сучаснікі. Мн., 1987.

Літ.:

Юревич В. Исследуется современная поэзия // Нёман. 1974. №1;

Мішчанчук М. Гаворку трэба прадоўжыць // Полымя. 1977. №4;

Семашкевіч Р. Паэзія ў полі зроку навукі // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.

І.​У.​Саламевіч.

У.В.Гніламёдаў.

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́Т (Punica),

род кветкавых раслін сям. гранатавых. 2 віды. Пашыраны ў Пярэдняй, Сярэдняй і Малой Азіі. Растуць у гарах на сухіх скалістых, друзаватых і гліністых схілах, у далінах рэк. Найб. вядомы гранат звычайны (P. granatum). На Беларусі яго вырошчваюць у аранжарэях.

Лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы выш. да 5—10 м з шарападобнай кронай і калючымі парасткамі. Лісце скурыстае, вясной афарбавана ў чырв. колер. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў пучкі па 3—5 на канцах галінак, ярка-пурпуровыя, аранжава-чырвоныя (зрэдку белыя ці жаўтаватыя, ёсць дэкар. формы з махрыстымі кветкамі). Плод несапраўдны ягадападобны (гранаціна), са скурыстым покрывам (каляплоднікам) і 6—12 гнёздамі, якія напоўнены насеннем з сакавітым вонкавым слоем насеннай лупіны; маса да 800 г (у культ. сартоў) і болей. Размнажаецца вегетатыўна, рэдка насеннем. З даўніх часоў гранат культывуюць у субтрапічных краінах як пладовыя і дэкар. расліны. Вядома больш за 100 сартоў. Плады спажываюць, перапрацоўваюць. Сакаўная абалонка насення мае да 75% соку, багатага вітамінам C. У кары ёсць дубільныя рэчывы (да 32%), алкалоіды і інш., у скурцы пладоў — дубільнікі і фарбавальнікі, выкарыстоўваецца ў медыцыне як процігліставы і проціцынготны сродак.

Г.​У.​Вынаеў.

Гранат.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙10​2 + 7∙10​1 + 3∙10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),

польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.​Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац. к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел. нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).

Літ.:

Wapiński R. Roman Dmowski. Lublin, 1988.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.

Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦК КПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК КПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦК КПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт. сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦК КПЗБ абраны Л.​Н.​Аранштам, А.​П.​Данялюк, А.​Р.​Капуцкі, І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), С.​А.​Мертэнс, С.​Т.​Мілер, Л.​І.​Родзевіч, В.​З.​Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.

Літ.:

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)