САРО́КІН (Sorokin) Піцірым Аляксандравіч (21.1.1889, г.п. Жэшарт, Комі, Расія — 10.2.1968),
руска-амерыканскі сацыёлаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Лідэр правага крыла эсэраў. З 1917 гал. рэдактар газ. «Воля народа», сакратар А.Ф.Керанскага. З 1920 праф. Петраградскага ун-та. У 1922 эмігрыраваў у Прагу. З 1923 у ЗША. З 1924 праф. Мінесоцкага, у 1930—59 — Гарвардскага ун-таў. З 1964 старшыня Амер. сацыялагічнай асацыяцыі. Сацыялагічная канцэпцыя С. фарміравалася пад уплывам Я.В.Раберці, М.М.Кавалеўскага, Л.І.Петражыцкага, Э.Дзюркгейма і інш. Характарызаваў сістэму сваіх сацыялагічных поглядаў як «разнавіднасць эмпірычнага неапазітывізму ці крытычнага рэалізму». Сацыялогію як навуку прадстаўляў у выглядзе 4 раздзелаў: агульнае вучэнне пра грамадства; сац. механіка (вывучэнне заканамернасцей і механізмаў грамадскага жыцця); сац. генетыка (даследаванне паходжання і развіцця грамадства і грамадскіх ін-таў); сац. палітыка (канцэпцыі прагрэсу грамадства і прапановы пэўных сродкаў для паляпшэння грамадскага жыцця). У анталагічным аспекце разглядаў грамадства як «сац. душу», «свет каштоўнасцей». Гіст. працэс уяўляў як цыклічную флуктуацыю пэўных тыпаў культур. Сярод асн. тыпаў культур вылучаў пачуццёвы (характарызуецца перабольшваннем значэння пачуццёвага ўспрымання свету); ідэацыянальны (вызначаецца дамінантай рацыянальнага мыслення); ідэалістычны (звязаны з інтуітыўным пазнаннем рэчаіснасці). Крызісны стан зах. грамадства 20 ст., на думку С., абумоўлены набліжэннем да пачуццёвага тыпу культуры. Выхад з крызісу бачыў у адмове ад спажывецкай псіхалогіі і імкненні да ідэацыянальнага тыпу культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі мабільнасці сацыяльнай і сацыяльнай стратыфікацыі. Адзін з заснавальнікаў канвергенцыі тэорыі. Будучыню цывілізацыі звязваў з інтэгральным тыпам грамадскага ладу, які пераадолее негатыўныя і аб’яднае лепшыя бакі капіталізму і сацыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Дальняя дорога: Автобиогр. М., 1992;
Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Система социологии. Т. 1—2. М., 1993;
Общедоступный учебник социологии;
Статьи разных лет. М., 1994;
Главные тенденции нашего времени. М., 1997;
Преступление и кара, подвиг и награда: Социол. этюд об основных формах обществ. поведения и морали. СПб., 1999.
Літ.:
Канев С.Н. Путь Питирима Сорокина. Сыктывкар, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬСКІ РУ́КАПІС,
назва розных рукапісных зборнікаў — помнікаў усх.-слав. пісьменства. Да 19 ст. зберагаліся ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва). Найб. вядомыя і каштоўныя: Зборнік жыцій і пропаведзяў 11 ст. Напісаны стараслав. мовай на пергаменце (285 лістоў). Месца ўзнікнення дакладна невядома. Мяркуюць, што рукапіс балг.паходжання. Уяўляе сабой чэццю-мінею (кнігу для чытання) на сакавік. Змяшчае 24 жыціі і 24 словы-павучанні, у т. л. 20 слоў Іаана Златавуста. Разам з Тураўскім евангеллем і інш. рукапісамі 11 ст. гэты зборнік — адзін з самых стараж. помнікаў усх.-слав. пісьменства. Адкрыў і даследаваў М.К.Баброўскі. У 19 ст. падзелены на 3 часткі, якія зберагаюцца ў Варшаве (151 ліст), Любляне (118 лістоў) і С.-Пецярбургу ў Рас.нац. б-цы (16 лістоў). У зарубежнай навук. л-ры гэты зборнік называюць Супрасльскім кодэксам (Codex Suprasliensis). Летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст. Складаецца з рус. скарочанага летапісу, блізкага да Аўрамкі летапісу, кароткай летапіснай выбаркі па гісторыі Русі і ВКЛ пачынаючы з 862 і гіст. запісаў пра падзеі канца 15 — пач. 16 ст. на Беларусі, у Кіеве і на Валыні (гл.Валынскі кароткі летапіс). Упершыню апубл. ў 1836 М.Я.Абаленскім. Зберагаецца ў Маскве ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Зборнік 1519 змяшчае свецкія і рэліг. творы, у т. л. самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 (гл.Супрасльскі летапіс), пераклад на бел. мову Вісліцкага статута польск. караля Казіміра III Вялікага, «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Перапісаны ва ўсх. Беларусі пісцом Рыгорам для кн. С.Адынцэвіча, радаслоўе якога змешчана ў канцы рукапісу. Адкрыты Баброўскім. Зберагаецца ў архіве С.-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас.АН.
Літ.:
Супрасльская рукопись, содержащая Новгородскую и Киевскую сокращенныя летописи. М., 1836;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУ́ШЧЫ,
рэчывы расліннага (тлустыя алеі) або жывёльнага паходжання, якія складаюцца пераважна з трыгліцэрыдаў — поўных эфіраў гліцэрыны і тлустых кіслот. Агульная ф-ла трыгліцэрыдаў R′OCOCH2—CH(OCOR″)—CH2OCOR‴, дзе R′, R″, R‴ — радыкалы тлустых кіслот. У састаў Т. уваходзяць трыгліцэрыды неразгалінаваных насычаных, а таксама мона- і поліненасычаных тлустых кіслот з цотным (ад 4 да 26) лікам атамаў вугляроду. Т. маюць таксама ды- і монагліцэрыды (1—3%; гл.Гліцэрыды), фосфаліпіды, глікаліпіды і дыольныя ліпіды (0,5—3%), свабодныя тлустыя к-ты, стэрыны і іх эфіры (0,05—1,7%), вітаміны A, D, E і K. Разам з вугляводамі і бялкамі Т. ўваходзяць у састаў жывёльных і раслінных арганізмаў (гл.Тлушчавы абмен).
Жывёльныя Т. — цвёрдыя або вадкія рэчывы, шчыльн. 900—970 кг/м³. Цвёрдыя Т. ёсць у тканках наземных млекакормячых і птушак, вадкія — у тканках марскіх млекакормячых і рыб, а таксама ў касцях і капытах наземных жывёл. У састаў цвёрдых Т. уваходзяць пераважна трыгліцэрыды насычаных кіслот (пальміцінавай C15H31COOH і стэарынавай C17H35COOH) і монаненасычанай C17H33COOH алеінавай к-ты. Вадкія Т. маюць значную колькасць трыгліцэрыдаў поліненасычаных кіслот. Т. плавяцца ў інтэрвале т-р (напр., для свінога Т. tпл22—48 °C, для барановага — 44—55 °C), кіпяць з раскладаннем у высокім вакууме (пры ціску ~0,1 Па tкіп-250 °C). Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў; у вадзе не раствараюцца, утвараюць з ёй устойлівыя эмульсіі (напр., малако). Пры дзеянні перагрэтай вадзяной пары, мінер. кіслот і ферментаў Т. гідралізуюцца з утварэннем гліцэрыны і свабодных тлустых кіслот, пры дзеянні шчолачаў — амыляюцца (гл.Амыленне); па падвойных сувязях ненасычаных кіслот далучаюць вадарод (гл.Гідрагенізацыя), галагены і інш. Атрымліваюць Т. вытопліваннем з сала-сырцу пераважна сухім (бязводны) ці мокрым (у прысутнасці гарачай вады пад ціскам) спосабамі. Выкарыстоўваюць жывёльныя Т. як харч. прадукты і сыравіну для атрымання такіх прадуктаў, у вытв-сці мыла і мыйных сродкаў, тлустых кіслот, гліцэрыны, касметычных сродкаў, змазачных матэрыялаў, як дабаўкі да высыхальных алеяў у вытв-сці пакостаў і алкідных смол, у медыцыне (крыніца вітаміну A) і сельскай гаспадарцы (падкормка для жывёл).
архіпелаг на ПнУ Атлантычнага ак., аўтаномная частка Даніі. Пл. 1399 км². Нас. 45,3 тыс.чал. (20.00). Падзяляецца на 8 абласцей. Адм. ц. — Торсхаўн. Афіц. мовы — фарэрская і дацкая.
Прырода. Уключае 24 астравы вулканічнага паходжання, найб. — Стрэймай, Эстурай і Сувурай. Складзены пераважна з базальтаў і туфаў, якія ўтвараюць плато з завостранымі грабянямі. Выш. да 882 м. Шматлікія фіёрды. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, базальт. Клімат марскі з невял. розніцай паміж т-рамі летам і зімой. Характэрна ветранае дажджлівае надвор’е, туманы. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца — сак. 3 °C, самага цёплага — ліп. 10 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год. Паўд. схілы плато і рачныя даліны ўкрыты травяністай расліннасцю, скалы — мохам і лішайнікам. Лясоў няма, трапляюцца карлікавая вярба, нізкарослы хвойнік, лугі, тарфянікі, верасоўнікі. Шмат птушак (больш за 200 відаў), птушыныя базары. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай.
Насельніцтва. Каля 85% насельніцтва складаюць фарэрцы, астатнія — датчане і прадстаўнікі інш. народаў. Пануючая рэлігія — лютэранства. З 24 астравоў заселены 18. Сярэдняя шчыльн. 32,4 чал. на 1 км². Сярэднегадавы натуральны прырост 0,49%. Гарадоў (паселішчаў з насельніцтвам больш за 1 тыс.ж.) — 10 (у адм. ц. Торсхаўн 16,1 тыс.ж.).
Гаспадарка. Асн. галіна эканомікі — рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У рыбалавецкім флоце 270 суднаў агульным водазмяшчэннем 54,5 тыс. бр.-рэг. т. Улоў рыбы ў 1999 склаў 345 тыс.т. 23 рыбаперапр. прадпрыемствы. Невял. прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Суднаверфі. Здабыча бурага вугалю і торфу. Нар. промыслы (вязанне шарсцяных світэраў). Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць авечак (68 тыс. галоў) і буйн. раг. жывёлу. Раслінаводства спецыялізуецца на вырошчванні кармавых культур для жывёлагадоўлі; невял. пасевы збожжавых. Традыц. птушкалоўства і збор яек на птушыных базарах захаваліся як спорт. Мясц. перавозкі аўтамаб. і марскім транспартам. З Даніяй астравы звязаны марскімі лініямі. Экспарт — рыба і морапрадукты (95%), імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, Нарвегіяй, Швецыяй і інш. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ КРЫШТАЛІЧНАГА ФУНДАМЕНТУ.
Паводле саставу, умоў залягання і паходжання горных парод у крышталічным фундаменце Беларусі вылучаюць рэчыўныя комплексы 3 тыпаў: метамарфічныя стратыфікаваныя, ультраметамарфічныя і магматычныя нестратыфікаваныя. Метамарфічныя стратыфікаваныя комплексы парод узніклі пры метамарфізме асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод, якія першапачаткова мелі пластападобнае заляганне. Яны складаюць аснову стратыграфічнага расчлянення парод фундаменту. Сярод іх вылучаны рудзьмянская тоўшча, шчучынская і кулажынская серыі (ніжні архей), азёрская, ператоцкая і юравіцкая тоўшчы (верхні архей — ніжні пратэразой), аколаўская і жыткавіцкая серыі, бялёўская світа (ніжні пратэразой). Да аколаўскай серыі прымеркавана Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў. Ультраметамарфічныя комплексы парод з’яўляюцца прадуктам пераўтварэння метамарфічных парод ва ўмовах павышэння тэмпературы і прытоку флюідаў, чым абумоўлена іх частковае плаўленне. Магматычныя комплексы парод утварыліся ў выніку крышталізацыі магматычных расплаваў на глыбіні ў выглядзе інтрузіўных цел, якія перарываюць пароды метамарфічных і ультраметамарфічных комплексаў.
На працягу архею (пачатак — больш за 3,9 млрд. гадоў назад) на месцы лінейнай зоны расцяжэння і інтэнсіўнага базальтавага магматызму, прымеркаванай пераважна да Беларуска-Прыбалтыйскага гранулітавага пояса, адбывалася намнажэнне базітавых, вулканагенна-асадкавых і тэрыгенных тоўшчаў, якія падвергліся складкавасці, рэгіянальнаму гранулітаваму метамарфізму, эндэрбітызацыі і чарнакітызацыі. Сфарміраваўся чарнакіт-гранулітавы мегакомплекс парод. Лакальна праявіўся гранітоідны магматызм. У выніку протаакіянічная зямная кара была пераўтворана ў кару пераходнага тыпу з маламагутным і нявытрыманым гранітным слоем. У познім археі — раннім пратэразоі (каля 2,5 млрд.г. назад), на складкавым грануліта-гнейсавым фундаменце пачалі развівацца вялікія прагіны, найбуйнейшым з якіх быў Цэнтральнабеларускі (у далейшым Цэнтральнабеларуская гранітагнейсавая зона). У гэтых прагінах намнажаліся магутныя эфузіўна-граўвакавыя і флішоідныя тоўшчы, тыповыя для пераходнай стадыі развіцця зямной кары. Яны падвергліся складкаўтварэнню і рэгіянальнаму метамарфізму. З гэтымі працэсамі звязана пашыранае гранітаўтварэнне. У выніку сфарміраваны гранітагнейсавы мегакомплекс, а зямная кара пераходнага тыпу ператварылася ў кантынентальную з паўсюдна развітым гранітным слоем. У другой палавіне ранняга пратэразою (1,9—1,65 млрд. гадоў назад) у выніку неаднаразовага чаргавання сціскання і расцяжэння зямной кары і адпаведнай змены гранітоіднага магматызму базальтавым быў утвораны вулканаплутанічны мегакомплекс парод з пераважаннем гранітоідаў, які развіты ў межах Осніцка-Мікашэвіцкага вулканаплутанічнага пояса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫЧНЫЯ ІНСТРУМЕНТЫ.
Адрозніваюцца дваістасцю сваёй прыроды, абумоўленай сувяззю матэрыяльнай і духоўнай культур этнасу. Вынікам шматмэтавага прызначэння нар.муз. інструментаў з’явілася фарміраванне складанай, шматслойнай сістэмы інстр. музыкі ў мностве яе гісторыка-стадыяльных, рэгіянальна і індывідуальна адметных стыляў.
К канцу 20 ст. склалася сістэма бел.нар. інструментаў, якая ўключала прылады прыроднага, быт. і ўласна муз.паходжання, аўтахтонныя і запазычаныя, пашыраныя паўсюдна і ў асобных мясцовасцях, канструкцыйна простыя і складаныя, разнастайныя па акустычных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцях, розныя па функцыях і ролі ў традыцыйнай жыццёвай практыцы.
Нар. муз. інструменты падзяляюцца паводле крыніцы гуку на 4 групы і на падгрупы паводле спосабу гуказдабывання (сістэматыка Э.Хорнбастэля — К.Закса). У групу ідыяфонаў (самагучальных) уваходзяць гукавыя прылады, па якіх удараюць (калотка, вугольнік, цымбалкі, капытца; калатушка — царк.-слав. біла); саўдаральныя (лыжкі, талеркі, звон, званок, кляшчоткі); устрэсвальныя (шархуны, рагулька, бразготка); скрабковыя (трашчотка, драбінка); шчыпковыя (варган); з дуццём (гармонік, баян, акардэон). Група мембранафонаў складаецца з бубна (без бразготак або з імі), барабана (звычайнага двухбаковага, ці «турэцкага», з талеркамі) і грэбеня (мірлітона, т.зв. спеўнага барабана). Група аэрафонаў (духавых) уключае свабодныя (пугу, ліст дрэва або травы, бяросту, карынку, дудку з падоўжнай шчылінай на трубачцы, берасцянку, пішчалку, буркаўку, вятрак, жужалку), флейтавыя (адзіночную і парную дудку, свісцёлку, акарыну, салавейку), язычковыя (жалейку, кларнет, дуду з адным язычком і дудачку з падвойным язычком); амбушурныя (трубу і рог) інструменты. Да групы інструментаў хардафонаў (струнных) належаць смычковыя (2- і 4-струнная скрыпка, альтоўка і басэтля ў дзвюх разнавіднасцях); шчыпковыя (бандурка, кута, балалайка, мандаліна, гітара і цытра); ударныя (цымбалы); фрыкцыйныя (колавая ліра). З усіх гукавых прылад да муз. інструментаў адносяцца тыя, якія маюць падобныя і ўласцівыя чалавеку будову, «голас» і «душу». Нар.муз. інструменты неаддзельныя ад працоўна-гаспадарчай, абшчынна-быт., магічна-абрадавай, культ. і рэліг. сфер нар. жыцця, выконваюць шматлікія і разнастайныя грамадска-культ. функцыі (камунікацыйную, арыентацыйную, арганізацыйную, магічнаахоўную, абрадава-прадуцыравальную, крэатыўную і інш.).
Вывучэнне нар.муз. інструментаў пачалося з канца 19 ст. М.Нікіфароўскім і Е.Раманавым. З 2-й пал. 20 ст. яны сталі прадметам спец.навук. дысцыпліны — этнаарганалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАЛОГІЯ
Вывучэнне асадкавых горных парод у Беларусі пачалося ў першыя дзесяцігоддзі 20 ст. Да 1920-х г. яно праводзілася эпізадычна, пераважна ў працэсе іншых геал. даследаванняў, і ўтрымлівала фрагментарныя звесткі пра склад, некат. ўласцівасці, часам паходжанне пераважна антрапагенавых, зрэдку больш стараж. (мелавых, дэвонскіх) асадкавых парод, якія залягаюць на паверхні або ў агаленнях па берагах рэк. У выніку больш інтэнсіўнага геал. вывучэння тэр.БССР у 1920-я г. паявіліся працы, пераважна геал. справаздачы, М.І.Дабрынінай, А.М.Жырмунскага, Г.Ф.Мірчынка, А.М.Розіна, Б.К.Тарлецкага і інш. пра фасфарыты, балотныя руды, прыродныя пігменты, пяскі, гліны, мел, мергелі, вапнякі і даламіты. З канца 1920-х г., калі ў рэспубліцы стварылася пастаянная геал. служба, а ў складзе Інбелкульта ў 1927 заснаваны Геал.ін-т (з 1929 у сістэме АН Беларусі), пачаліся больш грунтоўныя літалагічныя даследаванні, асабліва даантрапагенавых асадкавых парод (В.І.Маеўскі, С.С.Малярэвіч, М.М.Цапенка і інш.). Вядучая роля ў іх арганізацыі належыць М.Ф.Бліадухо. У пасляваенныя гады асадкавыя пароды вывучаліся ў Ін-це геал. навук АН Беларусі і спадарожна пры геолага-здымачных і пошукава-разведачных работах ва Упраўленні геалогіі пры СМБССР. У 1950-я г., калі на тэр. Беларусі разгарнулася глыбокае свідраванне, а ў Ін-це геал. навук (з 1970 Бел.н.-д. геолага-разведачны ін-т) у 1955 створана лабараторыя літалогіі (у 1964—76 сектар літалогіі і геахіміі), пачалося вывучэнне больш глыбокіх гарызонтаў платформавага чахла, у складзе якога выяўлены разнастайныя, раней невядомыя і недаступныя для даследаванняў асадкавыя пароды і карысныя выкапні асадкавага паходжання: пясчаныя, гліністыя, карбанатныя, карбанатна-сульфатныя, крамяністыя пароды, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды і інш. У практыцы літалагічных даследаванняў побач з традыцыйнымі (палярызацыйна-мікраскапічны, імерсійны метады, грануламетрычны, хім. і спектральны аналізы) выкарыстоўваюцца тэрмічны, рэнтгенаўскі, электронна-мікраскапічны, мікразондавы і інш. метады.
Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле А.С.Махнача, які стварыў бел. школу літолагаў, праведзены літалаг. даследаванні асадкавых і вулканагенных парод верхняга пратэразою (В.Я.Бяссонава, М.В.Вераценнікаў), нафта- і саляносных дэвонскіх (В.П.Корзун, В.П.Курачка, І.І.Ур’еў. Т.А.Шаўчэнка і інш.), каменнавугальных (З.В.Жыцкая, Л.М.Палер, Н.А.Саўчанка), пермскіх, трыясавых і вугляносных кайназойскіх (Л.Ф.Ажгірэвіч, З.М.Неўмяржыцкая і інш.) адкладаў. Выканана таксама літалагічнае вывучэнне бурых вуглёў, гаручых сланцаў (Л.Ф.Ажгірэвіч, Ю.І.Горкі і інш.), даўсанітаносных парод (В.П.Курачка, Г.М.Фралоў і інш.). Праводзяцца даследаванні каменнай і калійных солей (В.З.Кіслік, Ю.І.Лупіновіч, А.К.Ляховіч, В.М.Шчарбіна, Д.М.Ярошына і інш.), мергельна-мелавых і крамяністых парод (Ю.Р.Копысаў, Я.Я.Пятрушка), глін (Н.В.Зайцава, Я.А.Ільін і інш.), фасфарытаў (Л.М.Міхайлава), пясчана-жвіровых і інш. парод антрапагену (А.А.Костка, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, В.І.Ярцаў і інш.), карбанатных і тэрыгенных парод нафтаносных гарызонтаў дэвону (Л.А.Дземідовіч, Н.В.Назарава і інш.). З часу стварэння ў 1971 Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (з 1993 Ін-тгеал. навук АН Беларусі), а ў ім лабараторыі літалогіі і петраграфіі (з 1980 — літалогіі і геахіміі) прадоўжыліся даследаванні верхнепратэразойскіх (М.В.Вераценнікаў, Л.Ф.Гуліс, А.С.Махнач, У.І.Шкуратаў), дэвонскіх (В.П.Корзун, А.А.Махнач, А.С.Махнач, І.І.Ур’еў і інш.), кайназойскіх (Л.Ф.Ажгірэвіч, В.А.Кавалёў і інш.) адкладаў, стараж. кор выветрывання (М.М.Лявых). Літалогію лёсаў, глеб і подсцільных парод вывучаюць у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (П.С.Самадураў, У.Д.Лісіца, С.А.Ціханаў і інш.). Значныя аб’ёмы аналітычных работ з мэтай вывучэння рэчыўнага саставу і мінер. складу асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання выканала Цэнтр. лабараторыя Рэсп. унітарнага прадпрыемства «Белгеалогія». Вынікі літалаг. і аналітычных даследаванняў выкарыстоўваюцца ў практыцы геолага-здымачных і пошукава-разведачных работ, пры ацэнцы аб’ектаў і іх больш дасканалым вывучэнні як магчымых крыніц карысных выкапняў або іх змяшчальных парод, таксама з мэтай больш шырокіх навук. абагульненняў, прагнозаў і пошукаў карысных выкапняў у платформавым чахле Беларусі.
Літ.:
Литология и геохимия девонских отложений Припятского прогиба в связи с их нефтеносностью. Мн., 1966;
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968;
Курочка В.П. Атлас микротекстур и структур пород девонского осадочного комплекса Припятского прогиба. Мн., 1968;
Литология, геохимия и полезные ископаемые Белоруссии и Прибалтики. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁ,
асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.Фрэйда і Л.Шапенгаўэра А.Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.
Літ.:
Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;
Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),
вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст.паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). Рас. вучоны С.Л.Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.
Літ.:
Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;
Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч.М., 1983. Т. 3;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;
Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;