КРА́СНЕНСКІ КАСЦЁЛ УШЭ́СЦЯ ДЗЕВЫ МАРЫІ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1912 у в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Трохнефавая аднавежавая базіліка з 5-граннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. У цэнтры гал. фасада 3-ярусная чацверыковая званіца, умацаваная вуглавымі ступеньчатымі контрфорсамі з пінаклямі і завершаная высокім шпілем. Гал. ўваход аформлены стральчатым парталам, над якім акно-ружа. Бакавыя фасады рытмічна члянёны здвоенымі вузкімі стральчатымі аконнымі праёмамі, нішамі і контрфорсамі ў прасценках.

А.​М.​Кулагін.

Красненскі касцёл.

т. 8, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦА (Леанід Давыдавіч) (н. 7.11.1937, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне неадкладнай тэрапіі. Д-р мед. н., праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1965 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1980—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі, гепаталогіі, кардыялогіі, лячэбным галаданні, лазератэрапіі, хуткай мед. дапамозе. Адзін з аўтараў энцыкл. даведніка «Здароўе без лякарстваў» (1994).

Тв.:

Скорая помощь без врача. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ БОЙ 1942,

бой партыз брыгады «Штурмавая» (камандзір Б.​М.​Лунін) па разгроме фаш. гарнізона (каля 240 гітлераўцаў) у г. Лагойск Мінскай вобл. ў ноч на 23 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні аперацыі лагойскія падпольшчыкі склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пунктаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вял. трафеі.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КА (Лідзія Ціханаўна) (н. 25.5. 1928, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1982), праф. (1986). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953). У 1956—92 у Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (заг. аддзела). Навук. працы па функцыян. асаблівасцях сардэчна-сасудзістай сістэмы ў нованароджаных у норме і паталогіі, карэкцыі яе парушэнняў.

Тв.:

В семье заболел ребенок Мн., 1975;

Кровообращение новорожденного при заболеваниях матери. Мн., 1988.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГВІН (Алег Мікалаевіч) (н. 23.5.1959, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1980). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1982). Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у шашэйнай гонцы на 101 км. Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1981) у каманднай гонцы на 100 км. Пераможца велагонак Міру (1981, 1984) у камандным заліку. Чэмпіён СССР у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км (1979) і ў каманднай парнай гонцы на 50 км (1980).

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫШЧЭ́НЯ (Захар Рыгоравіч) (1917, в. Пласток Любанскага р-на Мінскай вобл. — 8.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 на 1-м Укр. фронце. Камандзір аддзялення разведкі старшына Л. вызначыўся 8.2.1945 ва Усх. Прусіі: у час разведкі ў тыле ворага з напарнікам захапілі ў палон 2 афіцэраў з важнымі дакументамі; трапіўшы ў акружэнне, Л. прыкрываў адыход напарніка з дакументамі, цяжка паранены захоплены ў палон і закатаваны. На радзіме помнік.

З.Р.Лышчэня.

т. 9, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1794.

Адбыўся паміж 2-тысячным паўстанцкім атрадам С.Грабоўскага і рас. войскамі каля мяст. Любань Бабруйскага пав. ў час. паўстання 1794. Атрад накіраваны Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага ў рэйд па Мінскай губ. з мэтай актывізаваць там паўстанне. 4 вер. каля Любані паўстанцы сутыкнуліся з рэгулярнымі рас. войскамі князя П.​Д.​Цыцыянава, былі акружаны і пасля непрацяглага бою капітулявалі. Карнікі захапілі 250 палонных (у т. л. С.​Грабоўскага) і 5 гармат.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПЁШКІН (Уладзімір Ігнатавіч) (н. 8.1.1.1928, в. Церабель Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. настаўнік Беларусі (1976). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Настаўнічаў. У 1970—79 дырэктар выд-ва «Народная асвета», у 1979—87 — СШ № 23 у Мінску. Друкуецца з 1949. Аўтар зб-каў вершаў пра выхаванне маладога пакалення, жыццё і працу, гіст. памяць народа «Ранішнія росы» (1961), «Рупнасць» (1966), «Роднае» (1970), «Вусце» (1973), «Перадлецце» (1978). Для дзяцей зб. «Званкі-званочкі» (1972).

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1947 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як ліцейна-механічны, з 1959 станкабудаўнічы з-д. У 1957 здадзены ў эксплуатацыю механазборачны цэх, у 1964 — корпус з адм. памяшканнямі, мех. і зборачным цэхамі, тэрмічным і малярным участкамі, вымяральнай лабараторыяй, у 1977 — ліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): станкі вертыкальна-свідравальныя, настольна-свідравальныя, разьбанаразныя, для аўтасервісу (шынамантаж, балансіроўка, вулканізацыя), мэблевая фурнітура, скабяныя вырабы, плоскія каркасы для лёгкай прам-сці і інш.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)