БЕНГЕ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., каля зах. берагоў Паўд. Афрыкі. Паўн. галіна Заходніх Вятроў цячэння, накіравана з ПдУ на ПнЗ. Скорасць 1—2 км/гадз. Т-ра вады на паверхні летам ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, зімой адпаведна ад 15 да 22 °C. Непасрэдна каля берагоў пад уплывам падняцця водаў з глыбіняў т-ра падае ніжэй за 15 °C зімой і ніжэй за 12 °C летам.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Леа) (23.3.1906, г.Дрэздэн, Германія — 10.10.1977),

нямецкі графік. Жонка Г.Грундыга. Вучылася ў АМ у Дрэздэне (1923—26). У 1939—49 у эміграцыі. З 1950 праф. Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. У 1964—70 прэзідэнт (старшыня) Саюза мастакоў Германіі. Творы адметныя псіхал. экспрэсіяй (цыклы афортаў «Пад свастыкай», 1933—38; «Барацьба супраць атамнай смерці», 1957—58), жыццесцвярджальным пафасам (цыклы «Вугаль і сталь для міру», 1951, і інш.).

Г.​Грундыг. Барацьба мядзведзя з ваўкамі. 1928.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКІ ((Górski) Канстанцін) (1826, маёнтак Гурскі, Бяла-Падляскае ваяв., Польшча — 2.1.1898),

польскі ваен. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1855). Прымаў удзел у руска-турэцкай вайне 1877—78. З 1888 у Варшаве. Асн. працы: «Бітва пад Грунвальдам» (1888), «Вайна Рэчы Паспалітай з Турцыяй у 1672—73 гг.» (1890), «Абарона граніц Рэчы Паспалітай ад татараў» (1891), «Гісторыя польскай пяхоты» (1893), «Гісторыя польскай кавалерыі» (1894), «Гісторыя польскай артылерыі» (1902).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎТАЯ ЛІХАМА́НКА,

вострая інфекц. хвароба чалавека з сімптомамі інтаксікацыі, гемарагічным сіндромам, жаўтухай. Выклікаецца вірусам, перадаецца камарамі роду Aëdes. Пашырана ў Паўд. Амерыцы і Зах. Афрыцы.

Інкубацыйны перыяд 3—6 (да 12) дзён, пасля паяўляецца ліхаманка, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, баляць галава і мышцы, пашкоджваюцца ныркі, печань (жаўтуха), крывяносныя сасуды (кровазліццё пад скуру і ва ўнутр. органы, ірвота з крывёю). Пасля хваробы застаецца імунітэт на 6—10 гадоў. Лячэнне сімптаматычнае.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Восіп, бел. цаніннік і разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў са Шклова. Майстар беларускай рэзі, вучань Палубеса ў 1661—66. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Прымаў удзел у вырабе кафлі для Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра пад Масквой (1658—66). З 1666 працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Разам з К.Міхайлавым і інш. аздабляў разьбой дзверы, ліштвы, мэблю (?) для царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), магчыма, вырабляў і кафлю для печаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТА́НАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб сухіх стэпаў, што ўтвараюцца ва ўмовах кантынентальнага засушлівага клімату з раслінным покрывам з кавылю, ціпчаку, розных відаў палыну. Асн. падтыпы: цёмна-каштанавыя, каштанавыя, светла-каштанавыя. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Пд Еўразіі.

Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, саланцаватасцю, нізкімі порыстасцю і водапранікальнасцю, насычанасцю кальцыем (да 80%), нейтральнай ці слабашчолачнай рэакцыяй. Гумусавы гарызонт 20—25 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, алейных і кармавых культур, пашы і сенажаці.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.​П.​Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗГО́ (Уладзімір Мінавіч) (н. 5.3.1959, г.п. Зэльва Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1985). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1972. Адчуванне гісторыі і супярэчлівай сучаснасці, каханне, тэма адзінства чалавека і прыроды, добрае веданне роднага слова, яркасць метафар, напеўнасць — асн. ў яго творчасці: зб-кі «Пад спеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987), «Марафон» (1992). Аўтар зб-каў для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989), «Суседзі па сусвеце» (1994).

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКА́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 1 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,34 км², даўж. 840 м, найб. шыр. 710 м, найб. глыб. 18,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,9 км. Пл. вадазбору 18,4 км². Схілы катлавіны выш. 3—6 м, на У разараныя, на ПнЗ і З параслі лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Злучана ручаямі з азёрамі Забельскае і Падлужнае.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАЖЫ́ЛАЎ (Валянцін Валянцінавіч) (18.5.1910, г. Люблін, Польшча — 14.6.1987),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі фіз.-мех. ін-т (1931). Працаваў у розных НДІ, з 1945 у Ленінградскім ун-це (з 1949 праф.). Навук. працы па тэорыі пругкасці і пластычнасці, разліку абалонак і трываласці карабельных канструкцый. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны статыстычныя і дынамічныя метады разліку суднаў, вызначаны нормы іх трываласці. Ленінская прэмія 1984.

В.В.Наважылаў.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)