ЛЕ́ЎЧЫК (Гальяш) (сапр.Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.7.1880, г. Слонім Гродзенскай вобл. — вер. 1944),
бел. пісьменнік. Скончыў Слонімскае пав. вучылішча. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904—14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Спрыяў дзейнасці Бел. студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912—14 чл. Варшаўскага бел. гуртка. З сярэдзіны 1920-х г. супрацоўнічаў з Амер. місіяй метадыстаў, пераклаў на бел. мову спеўнікі («Божая ліра», 1933). Пісаў для дзіцячага час. «Заранка» (1927—31). У Варшаве і Слоніме меў багатую б-ку. Калекцыяніраваў публікацыі пра Беларусь, кераміку. Маляваў, іграў, спяваў, збіраў фальклор. Сабраў унікальныя дакументы пра Слонім і Слонімшчыну. З 1908 друкаваў вершы ў «Нашай ніве». У 1912 выдаў у Вільні зб. паэзіі «Чыжык беларускі». Яго рамант. вобразы-сімвалы — алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла. Асуджэнне адшчапенцаў, прыгнятальнікаў і прыстасаванцаў выказаў у вершы «Хто адрокся сваіх». Асуджаў рэжым польск. улад у Зах. Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова («Душыцелям слова», нап. 1927). Цяжар нар. трагедыі паказаў у «Калыханачцы» («Песні аб астрожнай долі», 1926). У 1932 напісаў філас.-медытацыйныя паэмы ў прозе «Хараство» і «Чалавек». У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на бел. мову творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, М.Някрасава і інш. Яго зб. «Беларускі жаваранак» не выйшаў з друку (копія ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі).
Тв.:
Доля і хлеб: Выбр.тв.Мн., 1980.
Літ.:
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;
Пятроўскі Я. Мэмуары. Кн. 1. Слуцак;
Гейнсвіль, 1988;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. 2 выд.Мн., 1989.
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969, клас А.Багатырова), з 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Найб. значныя дасягненні ў галінах сцэн., аркестравай (сімфанічнай і для нар. інструментаў) і хар. музыкі. Асн. тэмы творчасці — гісторыя і сучаснасць, філас. ідэі і канцэпцыі, своеасабліва звязаныя з нац. праблематыкай. Адметная рыса стылю — накіраванасць на прыгажосць. Як мастак належыць да экспрэсіўнага крыла рамантызму, узбагачанага практыкай 20 ст. У галіне сімф. музыкі — прыхільнік высокага сімфанізму, адзін з заснавальнікаў праграмнай сімфоніі на нац. тэматыку; у харавой музыцы аднавіў на новай аснове традыцыі візант. песнапення і правасл. спеву, стварыў падставу для фальклорна арыентаванага кірунку; у музыцы для нар. аркестра — жанрыст, стваральнік нар.-арк. сімфанізму. Яго тэатр. музыцы ўласцівы яскравая вобразнасць і эмац. спалучэнне эпічнасці з напружаным дынамізмам і кантрастнасцю. Індывід. стыль М. характарызуюць тэатральнасць мыслення, змястоўнасць і глыбіня маст. задум, каларыстычнасць, прыгажосць інтанавання і выразнасць муз. мовы. Сярод твораў: балет «Страсці» («Рагнеда», паст. 1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), муз. камедыя «Дзяніс Давыдаў» (паст. 1982, Саратаў; 1985. Мінск), араторыі «Ванька-Устанька» (1972), «Вольнасць» (1977); 8 сімфоній (1969—99, у т. л. 5-я «Памяць Зямлі» для нар.арк., 1984, і 6-я «Полацкія пісьмёны», 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988), канцэрты для віяланчэлі з арк. (1980), для арк. (1981), уверцюры, паэмы, п’есы для сімф.арк., п’есы для стр. і нар.арк., хар. цыклы «Снапочак», «Вясельныя песні», «Вясельнае застолле», «Янка Купала», «Русь святая» для хору a capella, канцэрты «Прымхі», «Паўночныя кветкі» для хору з суправаджэннем; вак. цыклы, рамансы, музыка для драм.т-ра і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),
твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.
Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.Лужаніна «Вачыма часу», Я.Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання», П.Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.Азгура «Незабыўнае», Я.Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, М.Лынькова, І.Мележа, В.Таўлая, Ў.Галубка, Р.Шырму і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.Казлова «Людзі асобага складу», У.Лабанка «У баях за Радзіму», Р.Мачульскага «Вечны агонь», П.Калініна «Партызанская рэспубліка», В.Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.М.Васілеўскага, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага і інш.
Літ.:
Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983;
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг.Мн., 1973;
Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст.ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц.слав. знаццю.
Літ.:
Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;
Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.Кн. 1. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст.бібліягр. дапаможнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЕРАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26.1.1921, Масква),
расійскі кінарэжысёр. Брат М.М.Озерава. Засл. дз. маст. Славакіі (1971), Польшчы (1972), Чэхіі (1981). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1977). Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1944), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1951), у 1977—92 выкладаў у ім (з 1984 праф.). У 1971—85 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. З 1949 на кінастудыі «Масфільм». Асн. кірунак творчасці — гісторыяВял.Айч. вайны. Найб. майстэрства дасягнуў у эпічным кінацыкле «Вызваленне»; фільмы «Вогненная дуга», «Прарыў» (абодва 1970), «Напрамак галоўнага ўдару» (1971), «Бітва за Берлін», «Апошні штурм» (абодва 1972; за ўсе Ленінская прэмія 1972), дзе праз спалучэнне строгай дакументальнасці, маштабнасці гіст. абагульнення і прапрацоўкі вобразаў удзельнікаў падзей выявіў веліч подзвігу народа-пераможца. Сярод інш. фільмаў: «Салдаты свабоды» (фільмы 1—4, 1977, сумесна з Польшчай, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Румыніяй, ГДР), «Бітва за Маскву» (фільмы 1—4, 1985), «Сталінград» (фільмы 1—2, 1989), «Вялікі палкаводзец Георгій Жукаў» (2-серыйны, 1996). У 1994 на аснове гэтых фільмаў створаны 24-серыйны тэлесерыял «Трагедыі стагоддзя», які ахоплівае ўсе падзеі 2-й сусв. вайны. Зняў відавы фільм «У Нікіцкім батанічным садзе» (1952), маст.-дакумент. фільм «Арэна смелых» (1953, з С.Гуравым; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), дакумент. фільмы «Дзень маладога чалавека» (1961), «Балада пра спорт», «Алімпійскае свята», «Развітанне з Алімпіядай» (усе 1980), «О спорт — ты свет!» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Анёлы смерці» (1992); маст. фільмы «Сын» (1955), «Качубей» (1958), «Фартуна» (1959, сумесна з Албаніяй), «Вялікая дарога» (1963) і інш. Аўтар, сааўтар шэрагу сцэнарыяў сваіх фільмаў і фільмаў інш. рэжысёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар.Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦККПБ, з 1991 нам.гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;
Журавінавы востраў. Мн., 1998.
Літ.:
Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 4;
Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;
Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.
Праваслаўная духоўная гімназіязасн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.І.Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн.аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл.драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл.драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).
Тв.:
Избранное. М., 1983.
Літ.:
Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел.дзярж.т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г.асн. кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.Глебкі, «Ірынка» К.Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл.Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Проба агнём» К.Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.Данілава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.Райніса і «Бацькаўшчына» К.Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.Талстога, «Мяшчане» М.Горкага, «Клоп» У.Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава, «Брыльянт» Е.Пшаздзецкага, «Стары дом» А.Казанцава, «Клеманс» К.Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.
У фарміраванне творчага аблічча т-равял. ўклад зрабілі акцёры А.Ільінскі, П.Малчанаў, Ц.Сяргейчык, рэжысёры М.Міцкевіч, В.Дарвішаў, Н.Лойтар, А.Скібнеўскі, Г.Шчарбакоў, С.Казіміроўскі, В.Мазынскі, Б.Эрын, мастакі Я.Нікалаеў, А.Марыкс, А.Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.Бялінская, Я.Глебаўская, Г.Дубаў, М.Звездачотаў, А.Лагоўская, Б.Левін, Г.Маркіна, І.Матусевіч, Л.Мацісава, А.Мельдзюкова, А.Радзялоўская, С.Скальскі, А.Трус, М.Цішачкін, А.Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.Стэльмах і І.Дорскі, засл. дз. культ. Г.Асвяцінскі.
У складзе трупы (1996): нар.арт.СССР Ф.Шмакаў, нар.арт. Беларусі С.Акружная, З.Канапелька, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Я.Шыпіла; засл. арт. Беларусі Г.Каралькова, В.Петрачкова, Л.Пісарава, Б.Сяўко, Л.Трушко, Т.Шашкіна; арт. А.Лабанок, П.Ламан, Н.Левашова, Т.Ліхачова, Г.Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.Маслюк (з 1993), гал. мастак С.Макаранка (з 1996), заг.муз. часткі А.Крыштафовіч (з 1995), заг.літ. часткі У.Ганчароў (1968—84 і з 1993).
З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.Максімаў, І.Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;
Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;
Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985.
А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра.Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.Ажэшкі.Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна.