САЦЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. socialis грамадскі),
працэс развіцця асобы — набыцця і засваення працоўных навыкаў, ведаў, норм, каштоўнасцей, традыцый, якія дазваляюць ёй функцыянаваць у якасці паўнапраўнага члена грамадства. Набыццё вопыту, авалоданне рознымі формамі і спосабамі дзейнасці ажыццяўляецца выхаваннем, адукацыяй і ўплывамі навакольнага асяроддзя. Сродкамі перадачы вопыту з’яўляюцца мова і апрадмечаныя вынікі чалавечай дзейнасці, у т. л. прылады працы. Асн. сферай, у якой адбываецца С. асобы, з’яўляюцца сям’я, выхаваўчыя і навуч. ўстановы, прац. калектывы, грамадскія арг-цыі і інш. Змест С. вызначаецца сац.-эканам. структурай грамадства, яе стадыі і канкрэтныя механізмы прымаюць пэўныя формы на кожным этапе гіст. развіцця соцыуму. Працэс С. адбываецца больш паспяхова пры актыўным удзеле асобы ў творча-пераўтваральнай грамадскай дзейнасці. Найб. агульныя тэарэт. праблемы С. даследуе філасофія, розныя яе аспекты вывучаюць псіхалогія (механізмы дзейнасці і засваення вопыту), сац. псіхалогія (функцыі непасрэднага акружэння і міжасабовых адносін), сацыялогія (суадносіны працэсаў і ін-таў С. ў макрасістэме), гісторыя і этнаграфія (С. ў розных грамадствах і культурах), педагогіка (выхаванне).
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)