СТРУКТУ́РНАЯ ПЕРАБУДО́ВА ЭКАНО́МІКІ ў Рэспубліцы Беларусь,

сукупнасць мер па змене матэрыяльнай базы вытв-сці ці спосабу кіравання прадпрыемствамі, накіраваных на фарміраванне сістэмы грамадскай вытв-сці, якая найб. поўна адпавядае грамадскім патрэбам, забяспечвае дынамізм, збалансаванасць і высокую эфектыўнасць узнаўленчых працэсаў на базе паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу, тэхн. рэканструкцыі. Асн. ўмова перабудовы — эфектыўная інвестыцыйная палітыка, якую ажыццяўляе ўрад. Яна ўключае: выдзяленне неабходных бюджэтных сродкаў на рэалізацыю агульнадзярж. праграм, павышэнне ролі фін. рэсурсаў прадпрыемстваў у капіталаўкладаннях (амартызацыйныя адлічэнні, прыбытак), прыцягненне замежных інвестыцый і крэдытаў у рэальны сектар эканомікі, сродкаў насельніцтва на будаўніцтва жылля, бюджэтна-падатковыя і цэнавыя пераўтварэнні і інш. С.п.э. на перспектыву намечана ў «Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гады». Яе стратэгічная мэта — ўзмацненне сац. арыентацыі эканомікі, павелічэнне долі спажывання ў нац. даходзе, павышэнне дабрабыту народа. Гал. сродкі рэалізацыі прыярытэтаў: актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, паскарэнне развіцця навукаёмістых і рэсурсазберагальных галін і вытв-сцей; развіццё жыл. буд-ва на неэмісійнай аснове з выкарыстаннем пазабюджэтных крыніц фінансавання; фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя; павелічэнне экспарту тавараў і паслуг; развіццё аграпрамысл. комплексу і звязаных з ім перапрацоўчых галін вытв-сці.

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЙНБІ (Toynbee) Арналд Джозеф (14.4.1889, Лондан — 22.10.1975),

англійскі гісторык, філосаф, сацыёлаг і грамадскі дзеяч. Працаваў у ВНУ, мін-ве замежных спраў. На аснове сістэматызацыі факталагічнага матэрыялу падрыхтаваў сваю асн. 12-томную працу — «Даследаванне гісторыі» (1934—1961), у якой распрацаваў канцэпцыю сутнасці гісторыі. Паводле Т., сусв. гісторыя — гэта сукупнасць своеасаблівых і адносна замкнёных цывілізацый, якія ў сваім развіцці (ад узнікнення да заняпаду і гібелі) праходзяць некалькі стадый. Лічыў рухальнай сілай развіцця цывілізацый «творчую меншасць», якая, абапіраючыся на свае здольнасці, вядзе за сабою «інертную большасць». Не здолеўшы вырашыць чарговую сац.-гіст. праблему, «меншасць» пачынае сілай навязваць сваю ўладу. У выніку ўзнікае ўсведамленне несправядлівасці і адбываецца «раскол у духу», што прыводзіць да разбурэння цывілізацыі. Даючы ацэнку тагачаснаму стану «цывілізацыі заходняга хрысціянства», Т. зрабіў выснову, што яе можа выратаваць толькі ўсяленская рэлігія, створаная на аснове аб’яднання сусв. прапаведніцкіх культур. Аўтар твораў «Грэчаская гістарычная думка» (1924), «Хрысціянства і цывілізацыя» (1946), «Цывілізацыя перад тварам выпрабавання» (1948), «Свет і Захад» (1953), «Амерыка і сусветная рэвалюцыя» (1962), «Гарады ў руху» (1970) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Постижение истории: Избр. М., 2001;

Цивилизация перед судом истории. М., 2002.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́НСПАРТНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць прапарцыянальна развітых галін нар. гаспадаркі, якія задавальняюць патрэбы грамадскай вытв-сці ў перамяшчэнні грузаў і пасажыраў. Забяспечвае прасторавыя сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем, прам-сцю і сельскай гаспадаркай, прыродна-гасп. раёнамі, краінамі. Уключае галіны транспартнага машынабудавання, транспартнага будаўніцтва, трансп. паліўна-энергет. прадпрыемствы, органы планавання і кіравання транспартам і трансп. галіны (чыгуначны, марскі, авіяц., аўтамаб., рачны, трубаправодны транспарт; гл. адпаведныя арт.), прамысловы транспарт, гар., ведамасны транспарт, а таксама новыя віды транспарту — на магнітным падвешванні, на паветр. падушцы і інш. Тэхн. аснову Т.к. складаюць сродкі вытв-сці трансп. машынабудавання і буд-ва, трансп. магістралі і сетка дарог, будынкі і збудаванні, а таксама машыны. якія выконваюць трансп. функцыі. у т. л. па перавозках грузаў і пасажыраў, сродкі пагрузкі і выгрузкі, складавання і перавалкі грузаў на ўсіх відах транспарту, у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах. сувязь і сродкі кіравання транспартам, трансп. вузлы. Эфектыўнасць работы прадпрыемстваў і арг-цый Т.к. ў значнай меры залежыць ад скаардынаванай дзейнасці ўсіх галін трансп. сістэмы. На Беларусі кіраванне Т.к. ажыццяўляе ўрад краіны, якому падпарадкаваны Мін-ва транспарту і камунікацый, Беларуская чыгунка, Дзярж. канцэрн па нафце і хіміі, прадпрыемства «Белтрансгаз» і інш.

т. 15, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗРО́ЎНІ ЭНЕ́РГІІ,

магчымыя значэнні энергіі атама, малекулы. атамнага ядра ці інш. квантавай сістэмы, што складаецца са звязаных паміж сабой мікрачасціц і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Асн. характарыстыкі: τ — час жыцця сістэмы на дадзеным узроўні і ΔE — шырыня ўзроўню. Яны звязаны паводле неазначальнасцей суадносін выразам: ΔE ≈ ℏ/τ, дзе ℏ = h/2π — Планка пастаянная.

Сукупнасць магчымых значэнняў энергіі сістэмы ўтварае энергетычны спектр, які можа складацца з дазволеных і забароненых значэнняў энергіі (гл. Энергетычныя юны), быць дыскрэтным ці неперарыўным. Напр., калі ўнутраная энергія атама вадароду меншая за энергію іанізацыі, яго спектр дыскрэтны, а калі перавышае энергію іанізацыі — неперарыўны. Энергія ўнутр. рухаў сістэмы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні (утварае дыскрэтны энергет. спектр), якія адпавядаюць магчымым устойлівым (стацыянарным) станам сістэмы. Графічна спектр адлюстроўваецца гарыз. лініямі, размешчанымі на рознай вышыні. Ніжні ўзровень асноўны (адпавядае найменшай магчымай энергіі сістэмы), астатнія — узбуджаныя (характарызуюць узбуджаныя станы сістэмы). Квантавыя пераходы сістэмы з аднаго стану ў другі вызначаюцца адбору правіламі. Узровень, якому адпавядае некалькі стацыянарных станаў, наз. выраджаным (гл. Выраджэнне). Вызначаюць У.э. паводле законаў квантавай механікі ці эксперыментальна, напр., па спектрах аптычных рэчываў. Гл. таксама Атамныя спектры, Малекулярныя спектры, Спектральныя серыі.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 16, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАМЕНАЛІ́ЗМ,

філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.​Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.​С.​Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.​Мах, Р.​Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.​Кант, А.​Шапенгаўэр, І.​Ф.​Гербарт, Р.​Г.​Лотцэ, Э.​Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (АПК),

сукупнасць галін нар. гаспадаркі, якія забяспечваюць вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны, а. таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Уключае: галіны, якія забяспечваюць АПК сродкамі вытв-сці (харч. прам-сць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, рамонт тэхнікі, вытв-сць мінер. угнаенняў і хім. сродкаў аховы раслін, здабычу торфу для сельскай гаспадаркі, мікрабіялагічную прам-сць і капітальнае буд-ва); сельскую гаспадарку (у т. л. асабістую дапаможную гаспадарку насельніцтва) і лясную гаспадарку, галіны, што даводзяць с.-г. прадукцыю да спажыўца (нарыхтоўка, перапрацоўка, захаванне, транспарціроўка, рэалізацыя). У аграпрамысловай вытв-сці вылучаюць: вытв-сць сродкаў вытв-сці для ўсёй сістэмы АПК; с.-г. вытв-сць; вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны; рэалізацыю канчатковай прадукцыі; вытв.-тэхн. і тэхнал. абслугоўванне ўсіх стадый аднаўленчага цыкла. Да АПК адносяць таксама с.-г. навуку і сістэму падрыхтоўкі кадраў для ўсіх сфераў. На долю галін, якія ўваходзяць у АПК Рэспублікі Беларусь, прыпадае больш за 40% валавога грамадскага прадукту, каля 45% асн. вытв. фондаў і 36% колькасці працоўных усёй нар. гаспадаркі (1992). Асноўнае звяно АПК — сельская гаспадарка, у якой сканцэнтравана больш за 70% асн. вытв. фондаў АПК, каля 70% працаўнікоў і вырабляецца больш за 45% валавой прадукцыі (1992).

М.​А.​Бычкоў, У.​Р.​Гусакоў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКА́ЦЫЯ АГУ́ЛЬНАЯ,

працэс і вынік авалодання асновамі навук, неабходнымі чалавеку для разумення з’яў прыроды і грамадства. Аснова політэхн. і прафес. адукацыі. Адукацыю агульную атрымліваюць у навуч. установах і самаадукацыяй. Асн. структурнай адзінкай у сістэме адукацыі з’яўляецца агульнаадук. школа (дзярж., грамадскія і прыватныя). На аснове Статута сярэдняй агульнаадук. школы ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць пачатковыя (1—4-ы кл.), 9-гадовыя (базавыя; 1—9-ы кл.), сярэднія агульнаадукацыйныя школы (1—11, 12-ы кл.), з паглыбленым вывучэннем прадметаў, школы-інтэрнаты, спец. школы, ліцэі, гімназіі; для працоўнай моладзі створаны вячэрнія (пазменныя) сярэднія агульнаадукац. школы. Змест адукацыі агульнай вызначаецца агульнадзярж. (абавязковым стандартам для пэўнага ўзроўню адукацыі) і школьным (устанаўліваецца з улікам сац.-эканам. абставін, інтарэсаў вучняў) кампанентамі. Базісная частка вучэбных планаў і праграм адукацыі агульнай уяўляе сабой сукупнасць абавязковых і даступных для ўсіх вучняў ведаў і ўменняў, неабходных адукаванаму чалавеку незалежна ад яго прафесіі. Дыферэнцыяцыя навучання праводзіцца на розных узроўнях складанасці з улікам выяўленых здольнасцяў. На розных этапах развіцця грамадства існуе пэўны сац. неабходны і агульнадаступны ўзровень адукацыі. На Беларусі гэта 9-гадовая (базавая) адукацыя, якая гарантуецца дзяржавай. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі 5062 агульнаадук. школы, у т. л. 4971 дзённая і 91 вячэрняя (пазменная), у якіх 1561,8 тыс. вучняў.

М.​С.​Фяськоў, А.​А.​Канавальчык.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА,

рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал. стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)