ТО́ЙНБІ (Toynbee) Арналд Джозеф (14.4.1889, Лондан — 22.10.1975),
англійскі гісторык, філосаф, сацыёлаг і грамадскі дзеяч. Працаваў у ВНУ, мін-ве замежных спраў. На аснове сістэматызацыі факталагічнага матэрыялу падрыхтаваў сваю асн. 12-томную працу — «Даследаванне гісторыі» (1934—1961), у якой распрацаваў канцэпцыю сутнасці гісторыі. Паводле Т., сусв. гісторыя — гэта сукупнасць своеасаблівых і адносна замкнёных цывілізацый, якія ў сваім развіцці (ад узнікнення да заняпаду і гібелі) праходзяць некалькі стадый. Лічыў рухальнай сілай развіцця цывілізацый «творчую меншасць», якая, абапіраючыся на свае здольнасці, вядзе за сабою «інертную большасць». Не здолеўшы вырашыць чарговую сац.-гіст. праблему, «меншасць» пачынае сілай навязваць сваю ўладу. У выніку ўзнікае ўсведамленне несправядлівасці і адбываецца «раскол у духу», што прыводзіць да разбурэння цывілізацыі. Даючы ацэнку тагачаснаму стану «цывілізацыі заходняга хрысціянства», Т. зрабіў выснову, што яе можа выратаваць толькі ўсяленская рэлігія, створаная на аснове аб’яднання сусв. прапаведніцкіх культур. Аўтар твораў «Грэчаская гістарычная думка» (1924), «Хрысціянства і цывілізацыя» (1946), «Цывілізацыя перад тварам выпрабавання» (1948), «Свет і Захад» (1953), «Амерыка і сусветная рэвалюцыя» (1962), «Гарады ў руху» (1970) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Постижение истории: Избр. М., 2001;
Цивилизация перед судом истории. М., 2002.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)