ВА́ГРЫ,
адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I
заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.
т. 3, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.10.1834, Ніжнедзявіцкі пав. Варонежскай губ. — 28.3.1896),
рускі антраполаг, заолаг, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1890), праф. Маскоўскага ун-та (1867). Па яго ініцыятыве заснаваны Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це (1864), Т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, арганізаваны этнаграфічная (1867), політэхнічная (1872) і антрапалагічная (1879) выстаўкі, на базе якіх заснаваны політэхнічны і антрапалагічны музеі. Першы ў гісторыі навукі адзначыў, што з цягам часу прыкметы антрапал. тыпаў чалавека мяняюцца.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),
бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.
Л.У.Языковіч.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РЫС (Аляксандр Іванавіч) (н. 1.2.1924, г. Валожын Мінскай вобл.),
бел. хірург. Д-р мед. н. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1961 працаваў у ім. З 1976 гал. хірург у г. Магілёў, з 1978 ва Упраўленні Бел. чыгункі, з 1991 у рэдакцыі час. «Здравоохранение Беларуси». Навук. працы па хім. апёках стрававода і страўніка, іх лячэнні ў вострым перыядзе, гісторыі развіцця медыцыны.
Тв.:
Химические ожоги пищеварительного тракта: Патогенез, клиника, лечение. Мн., 1975;
Берегитесь гнойной инфекции. Мн., 1980.
т. 3, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Раман Фёдаравіч) (16.12.1853, С.-Пецярбург — 2.3.1920),
рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Праф. Маскоўскага ун-та (1886). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875). Далучаўся да кірунку младаграматызму. Аўтар прац па гісторыі слав. моў і л-р; з лінгвістычных даследаванняў найб. каштоўныя па слав. націску, словаўтварэнні, фанетыцы, граматыцы, палеаграфіі («Апісанне славянскай акцэнталогіі», 1880, і інш.). Распрацоўваў праблемы стварэння і выкарыстання міжнар. штучных моў (у т. л. эсперанта).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗЕ́СКУЛ (Уладзіслаў Пятровіч) (8.3.1858, с. Папоўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.6.1931),
рускі і ўкр. гісторык антычнасці. Акад. АН СССР (1922), АН УССР (1925). Праф. Харкаўскага ун-та (1890—1921). Асн. працы прысвечаны эканам. і сац. гісторыі Стараж. Грэцыі, крыніцазнаўству і гістарыяграфіі антычнасці.
Тв.:
Перикл. Харьков, 1889;
«Афинская полития» Аристотеля как источник для истории государственного строя Афин до конца V в. Харьков, 1895;
История афинской демократии. СПб., 1909;
Исторические этюды. СПб., 1911;
Античность и современность. 3 изд. Л., 1924.
т. 3, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГІН (Вячаслаў Пятровіч) (14.6.1879, в. Баршчоўка Курскай вобл., Расія — 3.7.1962),
савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1930). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). Адзін з арганізатараў Сацыяліст. (пасля Камуніст.) акадэміі ў Маскве (1918). У 1919—30 праф., у 1921—25 рэктар Маскоўскага ун-та. У 1942—53 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па гісторыі сацыяліст. ідэй дамарксавага перыяду, перш за ўсё ў Францыі і Англіі. Ініцыятар і рэдактар шматтомнай серыі «Папярэднікі навуковага сацыялізму» (з 1947). Ленінская прэмія 1961.
т. 4, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКІХ ЦЭ́ХАЎ,
«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял. князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел. правасл. рамеснікаў.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАРЭ́ВІЧ (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1848, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 1912),
расійскі вучоны. Д-р юрыд. н. (1877), праф. Новарасійскага (Адэскага, 1882) і Варшаўскага (1887) ун-таў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). З 1874 праф. у Дзямідаўскім юрыд. ліцэі ў Яраслаўлі. Навук. працы па гісторыі і практыцы рым. права.
Тв.:
История византийского права. Ч. 1—2. Ярославль, 1876—77;
Античный мир и христианство. Ярославль, 1880;
Система римского права. Т. 1—3. Спб., Варшава, 1887—89.
В.А.Гапоненка.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРАЦКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),
рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.
т. 1, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)