сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнаеарган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв.макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
былы штучны водны шлях у Беларусі, у Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., які злучаў бас. Дняпра і Зах. Дзвіны. Даўж. 169 км. Пабудавана ў 1797—1805 для вывазу буд. лесу з Мінскай губ. ў Рыгу. Пачыналася ад р. Бярэзіна пры ўпадзенні ў яе р. Сергуч, праходзіла па абводным Сергуцкім канале (даўж. 10 км), азёрах Манец і Плаўна, злучальным Бярэзінскім канале (8 км) на водападзеле Бярэзіны і Улы, воз. Бярэшча і р. Бярэшча (Верабскі канал, даўж. 8,4 км), р. Эса, воз. Лепельскае, р. Ула (левы прыток Зах. Дзвіны). Мела 14 шлюзаў і 3 прыстані (Сергуцкую, Лепельскую і Чашніцкую). Участак ад р. Бярэзіна да воз. Плаўна ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У канцы 19 ст. страціла гасп. значэнне з-за канкурэнцыі чыг. транспарту, празмернай высечкі лесу і абмялення рэк і азёр. Не дзейнічае, гідратэхн. збудаванні не захаваліся.
грузінскі пісьменнік. Скончыў Гарыйскую настаўніцкую семінарыю (1882). У 1883—84 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Настаўнічаў. У 1879 выступіў зэтнагр. нарысамі, у 1881 — з вершамі. Аўтар эпічных і філас. паэм, вершаў, драм. апавяданняў, нарысаў, публіцыст. і крытычных артыкулаў. У творах, набліжаных да нар.-паэт. легендаў і паданняў, паказаў мараль, героіку тагачаснай паўсядзённасці і мінуўшчыны, жыццё, псіхалогію і побыт горцаў, іх барацьбу за свае правы. Праблемы ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і прыроды, любоў да радзімы і народа, услаўленне вольнага, незалежнага чалавека — асноўнае ў паэмах «Алуда Кетэлауры» (1888), «Этэры», «Бахтрыёні» (1892), «Госць і гаспадар» (1893), «Змеяед» (1901) і інш. Паасобныя вершы Важа-Пшавелы на бел. мову пераклалі С.Грахоўскі, М.Хведаровіч.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1958.
Літ.:
Лундберг Е., Гогоберидзе Е. Важа Пшавела. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс.км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вега»: 1 — панэлі сонечнай батарэі; 2 — радыятар-ахаладжальнік; 3 — спускальны апарат; 4 — востранакіраваная антэна; 5 — радыятар-награвальнік; 6 — блок астраарыентацыі; 7 — пралётны апарат; 8 — аўтаматычная стабілізаваная платформа з навуковай апаратурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў зпач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы засав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЙТ,
1) асоба, якая ўзначальвала мясц. (гарадское або сельскае) кіраванне ці самакіраванне на тэр. Германіі, Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы ў 15—18 ст. Прызначаліся каралямі ці феадаламі або выбіраліся з заможных феадалаў ці мяшчан. У ВКЛ войта прызначаў вял. князь. У гарадах, дзе існавала самакіраванне (пераважна на У Беларусі), пасада войта ўводзілася да ўстанаўлення магдэбургскага права. Увядзенне пасады войта пры адначасовым наданні гораду магдэбургскага права (у цэнтр. частцы і на З Беларусі) азначала стварэнне прадугледжаных гэтым правам органаў кіравання. Класічнае магдэбургскае права зводзіла ролю войта да старшынства на войтаўска-лаўніцкім судзе. Паступова на Беларусі войт набыў правы вышэйшай адм. улады і войтаўскага суда.
2) Асоба, якая наглядала за працай прыгонных сялян і выкананнем імі павіннасцей. Войт, які кіраваў часткай (ключом) маёнтка, называўся ключ-войтам.
3) Кіраўнік гміны ў Польшчы да 1950 і ў Зах. Беларусі ў 1921—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯпа ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою,
часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.—жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы зрэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.К.Імерэцінскі, сенатары М.Е.Кавалеўскі, І.І.Шамшын і П.А.Маркаў, ген.-маёр світы М.І.Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.
Літ.:
Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг.М., 1964. С. 148—229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНА,
рака ў Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1670 км². Пачынаецца з крыніц на З ад в. Гайна Лагойскага р-на, працякае ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах. Асн. прытокі: Усяжа (справа) і Цна (злева). У вярхоўі цячэ па Мінскім узв., у ніжнім цячэнні — па Верхнебярэзінскай нізіне.
Даліна трапецападобная, ніжэй упадзення Цны невыразная, шыр. 800 м — 1,2 км у верхнім цячэнні, да 2,5—3 км у ніжнім. Пойма да в. Свідна Лагойскага р-на адсутнічае, на астатнім працягу двухбаковая. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае на 9 км, на астатнім працягу звілістае. Берагі стромкія, часта абрывістыя, выш. 1—4 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Суднаходства за 30 км ад вусця ў высокую ваду. На рацэ г.п. Лагойск, плаціна і невял. вадасховішча (у межах Лагойска). На вадазборы Гайны зоны адпачынку Гайна і Лагойшчына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУРГІ́Я (ад гала... + грэч. ergon справа),
галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.
Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.П.Ільінскага, А.Б.Зданоўскага, У.В.Вязавова, А.Дз.Кашкарова і інш.
На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел.тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галітуз агульным запасам солей больш за 10 млрд.т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГА́МБУРГ»
(«Hamburg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».