«ГА́МБУРГ»
(«Hamburg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».
т. 5, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)