вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ 1-ы, вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., на ўсх. беразе Салігорскага вадасх., на скрыжаванні аўтадарог на Бабруйск, Чырвоную Слабаду, Салігорск, Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 127 км ад Мінска. 296 ж., 146 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік сав. танкістам. На паўн. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЧЧА,
вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда.
Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 205 км ад Брэста. 640 ж., 277 двароў (2000). Крухмальны з-д, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1912), Парэцкі парк. У 19 ст. ў вёсцы дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Парэцкі цукровы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДЫШАЎ (Арцём Іванавіч) (5.10.1910. в. Лазаравічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.1.1960),
Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1943 партызан, камандзір узвода партыз. палка на Магілёўшчыне. З 1944 на 2-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант С. вызначыўся ў баі на Пд ад Магілёва, дзе пасля пераправы цераз Дняпро ў баі за в. Стайкі гранатамі знішчыў дзот. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯГО́ВА,
вёска ў Пасецкім с/с Старадарожскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Старыя Дарогі. Цэнтр калгаса. За 22 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 170 км ад Мінска. 408 ж., 169 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 121-й стралковай дывізіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 152 км ад Гомеля. 952 ж., 428 двароў (2001). Лясніцтва, дрэваапр цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918—20, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі курганныя могільнікі (9—11 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАНІ́Т»,
кодавая назва аперацыі бел.партызан у Вял.Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач.Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 кмчыг. пуці, 619 кмтэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РННА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР і рус. эмігрантаў, створанае ў пач. 1942 пры групе ням. армій «Цэнтр» у Вял.Айч. вайну. Паводле ням. дакументаў, мела таксама назвы «рускі батальён спец. прызначэння», «падраздзяленне абвера 203», «злучэнне «Граўкопф». Кіраўнік б. эмігрант інж. С.Н.Іваноў. Асн. задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў. Камплектаванне РННА вялося ў лагерах ваеннапалонных у Барысаве, Смаленску, Рослаўлі, Вязьме. Дыслацыравалася ў г.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., дзе размяшчаліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралк. батальён, навучанне асабовага складу якога вялося па статутах Чырв. Арміі, быў сфарміраваны ў Шклове (лагер «Волма»). Пасля няўдалых антыпартыз. аперацый восенню 1942 РННА узначалілі б.сав.палк. В.І.Баярскі і брыгадны камісар Г.Н.Жылянкоў (будучы паплечнік ген. А.А.Уласава). Яны імкнуліся стварыць К-т вызвалення Радзімы і Рус.нар. армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т.зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе 5 некамплектных усх. батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. байцоў). Пасля цяжкіх паражэнняў пад Вял. Лукамі (Расія) і ад бел.партызан (Мінская вобл.) перафарміравана ў 700-ы ўсх. полк асобага прызначэння. Пасля таго, як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў», злучэнне расфарміравана ў канцы 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.