у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́, абсалютная адзнака,
адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),
італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫШТ (нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),
1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.
2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.
4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЛАСЦЬ,
1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.
2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.
3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл.Мяжа аселасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАХІ́ТА (Ascochyta),
род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 1,1 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Узбуджальнікі аскахітозаў. Найб. вядомы аскахіта гарохавая, недасканалая, канюшынавая, вікавая, лёнавая, агурковая.
Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, бясколерны. Пладовыя целы (пікніды) шарападобныя або пляскатыя, цёмныя, урослыя ў тканкі раслін. Канідыі пераважна двухклетачныя, ад цыліндрычных да верацёнападобных, разносяцца кроплямі дажджу, расы, насякомымі, паветрам. Цыкл развіцця грыба 3—17 сутак. Зімуюць міцэліем і пікнідамі на раслінных рэштках, у заражаным насенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВІ́ТА,
возера ў Беларусі, у Віцебскім раёне, у бас.р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,38 км², даўж. 0,84 км, найб.шыр. 0,79 км, найб.глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі 28 км. Пл. вадазбору 1,4 км².
Схілы катлавіны выш. 7—8 м, на У да 20 м, стромкія, пад лесам. На З невял. ўчастак сплавінных берагоў і забалочаная пойма. Дно плоскае, прыбярэжная частка пясчаная, глыбей за 1,5 м выслана глеямі. Каля паўд. берага 2 астравы агульнай пл. 0,3 га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КАімя Ф.Ф.Паўленкава,
адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.Ф.Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 22 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 1,92 км², даўж. 3,41 км, найб.шыр. 0,92 км, найб.глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі 9,8 км. Пл. вадазбору 57,9 км².
Схілы катлавіны выш. да 4 м, на Пн 8—10 м, пераважна разараныя. Дно пясчанае, глыбей за 2 м выслана глеем; ёсць мелі і ўпадзіны. 5 астравоў агульнай пл. 15 га. Зарастае 30% возера. Злучана ручаём з воз. Чаросава. Выкарыстоўваецца як рыбагадавальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Астроўніца, за 27 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,42 км², даўж. 1,54 км, найб.шыр. 0,54 км, найб.глыб. 18,1 м, даўж. берагавой лініі 4,5 км. Пл. вадазбору 10,2 км².
Схілы катлавіны выш. да 15 м. Берагі высокія, на ПдЗ зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 3—3,5 м глеістае. 3 астравы агульнай пл. 1,8 га. Зарастае да глыб. 3,5 м, шыр. паласы расліннасці да 35 м. Выцякае ручай у воз. Доўгае.