ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,

жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),

якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт. Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.​Ф.​Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш. бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.​Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.​С.​Мяцельскай і Я.​М.​Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт. Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.​М.​Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.​І.​Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.​М.​Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.​У.​Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: 3 гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.​Ф.​Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.​В.​Абабуркі (1979), і інш.

Літ.:

Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТРО́ЙТ (Detroit),

горад у ЗША на пагранічнай з Канадай р. Дэтройт, паміж азёрамі Гурон і Эры, у штаце Мічыган. 1012,1 тыс. ж., з прыгарадамі 4,67 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, адзін з гал. партоў у сістэме Вялікіх азёр. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр ЗША. Найбуйнейшы ў краіне цэнтр аўтамаб. прам-сці (у Д. і яго прыгарадах знаходзяцца праўленні, н.-д. лабараторыі і гал. прадпрыемствы аўтамаб. манаполій «Джэнерал мотарс», «Форд мотар», «Крайслер»; трэць аўтамабіляў краіны збіраецца ў Д. і паблізу горада). З аўтабудаваннем звязаны інш. галіны прам-сці: чорная металургія, металаапр., прыладабуд. інстр., хім., гумаватэхн., шкляная, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання. Развіты таксама суднабуд., нафтаперапр., харч. прам-сць. Вытв-сць аўтабранятанк. тэхнікі. 3 ун-ты.

Засн. ў 1701 французамі як крэпасць і форт. У 1760 захоплены англічанамі, з 1796 у складзе ЗША. З 1802 горад, у 1812 часова захоплены англічанамі. У 1837—47 сталіца штата Мічыган. Інтэнсіўны рост Д. пачаўся пасля 1830 у сувязі з буд-вам Эры-канала (1827), адкрыццём рэгулярнага суднаходства на Вялікіх азёрах. Адзін з цэнтраў абаліцыянізму. Значны прыток эмігрантаў з Еўропы. З канца 19 ст. развівалася аўтамаб. прам-сць (у 1903 засн. кампанія «Форд мотар», у 1925 — «Крайслер»), У 1960-я г. адбыліся расавыя хваляванні (у Д. пражывае больш як палова чорнага насельніцтва штата Мічыган), у выніку цэнтр горада быў значна знішчаны.

У горадзе пераважае шахматная планіроўка, ёсць рысы і радыяльна-кальцавога плана (магістраль Гранд-бульвар; радыяльныя вуліцы, якія сыходзяцца ў парку Гранд-сёркус). Асн. пабудовы: Ратуша (1871), Публічная б-ка (1921—23, арх. К.​Гілберт), Ін-т мастацтваў (1922—27, арх. П.​Крэт, фрэскі Д.​Рыверы, 1932—33); небаскроб Пенабскатбілдынг (1928), прамысл. комплекс «Крайслер» (1938, арх. А.​Кан), канферэнц-зала Уэйнскага ун-та (1957—59) і будынак кампаніі «Рэйналдс металс» (1959, арх. М.​Ямасакі), «Рэнесанс-Цэнтр» (1977, арх. Дж.​Портман). Музеі: Ін-т мастацтваў (багатыя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва), Грынфілд-вілідж (музей амер. побыту), гісторыі аўтамабіля (у Дырбарне — прыгарадзе д.).

Дэтройт.
Да арт. Дэтройт. «Рэнесанс-Цэнтр». 1977.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІЗА́Р’ЕЎ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 30.10.1947, Баку),

бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1979), нар. арг. СССР (1985). Акад. Міжнар. слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф. Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.​Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (1978), «Спартак» А.​Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.​Тургенева) з удзелам М.​Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.​Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.​Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.

Літ.:

Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;

Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.

Т.​М.​Мушынская.

В.М.Елізар’еў.
Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць жалеза, пераважна ў ступені акіслення +2 і +3. Найб. пашыраны неарган. Ж.з. — жалеза аксіды, гідраксіды, карбіды (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы), сульфіды, сульфаты, карбанілы (гл. Карбанілы металаў), цыяністыя комплексныя солі (гексацыянафераты, гл. Калію злучэнні), а таксама жалезаарган. злучэнні (гл. Ферацэн).

Жалеза (II) гідраксід Fe(OH)2 — бледна-зялёнае аморфнае ці крышт. рэчыва. Узаемадзейнічае з к-тамі, акісляецца на паветры да гідраксіду Fe (III). Жалеза (III) гідраксід Fe2O3nH2O — бурае аморфнае рэчыва, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў к-тах. У прыродзе — буры жалязняк. Асаджэннем шчолаччу з раствораў солей Fe (III) атрымліваюць Fe(OH)3 — слабая аснова, амфатэрны (пры сплаўленні са шчолачамі ўтварае ферыты). Выкарыстоўваюць як кампанент жоўтага пігменту для фарбаў і эмалей. Жалеза сульфаты, солі сернай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе. Утвараюць крышталегідраты: гептагідрат FeSO4∙7H2O — жалезны купарвас (мінерал мелантэрыт), блакітнавата-зялёныя крышталі, tпл 64 °C. З сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтвараюць двайныя сульфаты: FeSO4∙(NH4)2SO4∙6H2O (соль Мора) — сіне-зялёныя крышталі, устойлівыя на паветры; NH4Fe(SO4)212H2O (жалеза-амоніевы галын). Выкарыстоўваюць як кампанент электраліту ў гальванатэхніцы; FeSO4 — кансервант драўніны, фунгіцыд, антыанемічны сродак і інш.; Fe2(SO4)3 — растваральнік у гідраметалургіі медзі, каагулянт пры ачыстцы вады, пратрава пры фарбаванні. Жалеза сульфіды — злучэнні жалеза з серай. Монасульфід жалеза FeS, рудыя ці чорныя крышталі, tпл 1193 °C. Не раствараецца ў вадзе, раскладаецца к-тамі. У прыродзе — мінералы пірацін (гл. Калчаданы) і траіліт. Выкарыстоўваюць для атрымання серавадароду. Дысульфід FeS2, залаціста-жоўтыя крышталі, мінералы пірыт і марказіт. Выкарыстоўваюць прыродны як сыравіну для атрымання серы, сернай к-ты, сульфату Fe2(SO4)3, сінт. — каталізатар у арган. сінтэзе. Жалеза хларыды — злучэнні жалеза з хлорам, солі салянай к-ты — крышт., гіграскапічныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе, этаноле, ацэтоне. Дыхларыд жалеза FeCl2 утвараецца пры ўзаемадзеянні жалеза з салянай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання трыхларыду. Трыхларыд FeCl3, цёмна-рудыя крышталі. 309 °C. Выкарыстоўваюць як каагулянт пры ачыстцы вады, кампанент раствораў для электрахіміі, траўлення пячатных плат і інш.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.​А.​Мельгуноў, В.​П.​Боткін, П.​В.​Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.​Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.​М.​Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.​І.​Герцэн, і М.​П.​Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЕ НЕ́БА,

сукупнасць касмічных аб’ектаў (пераважна зорак), бачных з Зямлі на начным небе. Пры найлепшых умовах назірання простым вокам можна бачыць адначасова каля 2,5 тыс. зорак, у т. л.: 1-й зорнай велічыні — 13, 2-й — 40, 3-й —100, 4-й — 500, 5-й — 1600 і г.д. Большасць зорак размешчана паблізу Млечнага Шляху, а ўсяго на небе (у абодвух паўшар’ях) налічваецца каля 6 тыс. зорак да 6-й зорнай велічыні. Для зручнасці арыенціроўкі З.н. ўмоўна падзелена на 88 участкаў — сузор’яў (гл. табл.). Падзел зорак на сузор’і (у т. л. Задыяк) адносіцца да глыбокай старажытнасці. Яркія зоркі ў сузор’ях абазначаюцца літарамі грэч. алфавіта (некаторыя з іх маюць уласныя назвы); больш слабыя — лічбамі; аднесеныя да пэўнага тыпу (напр., пераменныя) — вял. лацінскімі літарамі. Яшчэ больш слабыя зоркі абазначаюцца назвай каталога і нумарамі, пад якімі яны значацца ў каталозе. Большасць аб’ектаў З.н. мс на назіраць толькі з дапамогай тэлескопаў. Яны даюць магчымасць выяўляць зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі, туманнасці галактычныя, галактыкі, квазары, скопішчы галактык і інш.; целы Сонечнай сістэмы: планеты, спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы; штучныя касм. аб’екты: штучныя спадарожнікі Зямлі, касм. зонды і інш. Некат. з пералічаных аб’ектаў можна назіраць і простым вокам, напр., рассеяныя зорныя скопішчы Плеяды і Гіяды ў сузор’і Цяльца, Яслі ў сузор’і Рака; шаравыя зорныя скопішчы ў сузор’ях Тукана і Цэнтаўра; галактычную туманнасць у сузор’і Арыёна; галактыкі ў сузор’і Андрамеды; Вял. і Малое Магеланавы Воблакі; планеты: Венеру, Юпітэр, Марс, Сатурн, Меркурый, Уран; малую планету Весту, каметы; найб. яркія ШСЗ. Удзень, акрамя Сонца, на небе простым вокам відаць толькі Месяц і Венера. Выгляд З.н. бесперапынна мяняецца з прычыны бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы, абумоўленага вярчэннем Зямлі, а таксама павольна мяняецца з прычыны абарачэння Зямлі вакол Сонца. Карту З.н. гл. на ўклейцы.

Літ.:

Дагаев М.М. Наблюдения звездного неба. 6 изд. М., 1988;

Зигель Ф.Ю. Сокровища звездного неба: Путеводитель по созвездиям и Луне. 5 изд. М., 1986.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Да 1962 Станіслаўская вобл. Пл. 13,9 тыс. км². Нас. 1467 тыс. чал., гарадскога 44% (1996). Цэнтр — г. Івана-Франкоўск. Найб. гарады: Каламыя, Калуш, Надворная, Даліна.

Прырода. Каля ​1/2 тэр. займаюць Украінскія Карпаты, ёсць адасобленыя масівы Чарнагора (г. Гаверла, выш. 2061 м), Чыўчын і Грыняўскія горы; вызначаецца таксама перадгорнае Прыкарпацце, а на ПнУ раўніны Аполле і Пакуцце. Карысныя выкапні: нафта, газ, калійная і спажыўная солі, азакерыт, буры вугаль, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -9 °C (у гарах), ліп. ад 19 °C да 16 °C (у гарах). Гадавая колькасць ападкаў ад 500 да 1400 мм. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Свіча, Ломніца, Луква, Быстрыца, Свірж) і Прут (з прытокам Чарамош). Глебы шэрыя лясныя, бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць каля 45% тэр. вобласці; на раўніне дубова-грабавыя, у перадгор’ях букавыя і букава-піхтавыя, вышэй хвойныя, з выш. 1400 м высакагорныя лугі (паланіны). Карпацкі прыродны парк, частка Карпацкага запаведніка.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (нафта, газ, калійная соль, сера), маш.-буд. і металаапрацоўка (ліцейныя аўтам. лініі, мех. прэсы, прыборы, машыны для жывёлагадоўлі, эл.-тэхн. і нафтавае абсталяванне), хім. і нафтахім. (калійныя ўгнаенні, метал. магній, хім. сродкі аховы раслін, фарбавальнікі), нафта- і газаперапрацоўка, лясная і дрэваапр. (лесанарыхтоўчая, мэблевая), лёгкая (баваўняная, швейная, абутковая), харчовая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая), буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, інкрустацыя, ткацтва, вышыўка, вытв-сць дываноў). Бурштынская ДРЭС, Калушская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 535 тыс. га, у т. л. пад ворывам 414 тыс. га. Пасевы пшаніцы, ячменю, жыта. Вырошчваюць лён-даўгунец, цукр. буракі, кармавыя культуры, бульбу, агародніну Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск, Івана-Франкоўск—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Рахаў, Івана-Франкоўск—Стрый, аўтадарогі Івана-Франкоўск—Львоў, Івана-Франкоўск—Каламыя—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Дзяляцін—Рахаў, Івана-Франкоўск—Мукачава—Ужгарад і інш. Турызм. Кліматычныя курорты: Ярэмча, Варохта, Косаў, Крэменцы; бальнеагразевы курорт Чэрчэ.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІТА́ЦЫЯ (ад лац. imitatio перайманне),

1) падробка чаго-н. пад што-н. (каштоўных парод дрэва, камянёў, мармуру і інш.); рэч, выкананая з матэрыялу-заменніка.

2) Перайманне, прыпадабненне каму-н., чаму-н., дакладнае ўзнаўленне. Выкарыстоўваецца ў тэатры, кіно, цырку і інш. для стварэння ілюзіі рэальнасці: І. гукаў, рухаў і стану персанажаў, прыродных з’яў (вецер, навальніца, пажар) якога-н. асяроддзя (гл. Дэкарацыя), прадметаў, якімі карыстаюцца ў спектаклях замест сапраўдных (гл. Бутафорыя).

3) У выяўленчым мастацтве — перадача аб’ектаў прыроды; таму некат. яго віды (жывапіс, скульптура) наз. імітацыйнымі мастацтвамі. І. таксама называюць наследаванне творам, выкананым інш. майстрамі. У эпоху Адраджэння эцюды і наследаванне рабоце майстра («studio»), перадача прыроды («ingenio») былі асновай навучання жывапісу. У шырокім сэнсе І. — копія, падробка подпісу, паціны, кракелюру і інш. на творах мастацтва.

4) У музыцы — пачарговае правядзенне ў розных галасах адной і той жа меладычнай пабудовы. Голас, які першы выкладае гэту пабудову, наз. пачатковым або прапостай (італьян. proposta прапанова), тыя, што яе паўтараюць, — імітуючымі або рыспостамі (італьян. risposta адказ). Колькасць галасоў, што імітуюць асн. мелодыю, можа быць рознай (звычайна ад 2 да 5). І. магчыма ў любы інтэрвал зверху або знізу, бывае дакладная і недакладная. Трапляюцца І. з асобымі тэматычнымі суадносінамі прапосты і рыспосты — правядзенні пач. меладычнай пабудовы ў абярненні, памяншэнні, павелічэнні, у ракаходным руху і інш.

І. — адзін з найстараж. элементаў шматгалосся; вядома ў фальклоры многіх народаў свету. Як прыём фактурнага выкладання была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы 13 ст. Высокага развіцця дасягнула ў нідэрл. майстроў 15—16 ст. У 17—1-й пал. 18 ст. — аснова т. зв. імітацыйных форм — канона, рычэркара і найвышэйшай з іх — фугі. На Беларусі ўзоры І. трапляюцца ў кантах. Як адзін са спосабаў распрацоўкі тэматычнага матэрыялу вядомы ў творах бел. кампазітараў М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага, Я.​Цікоцкага і інш.

Літ.:

Турышаў А. Аб некаторых поліфанічных прыёмах у творах беларускіх кампазітараў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.

А.​А.​Друкт (музыка).

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУІ́ЗМ,

збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс. н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш. рэліг. сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг. л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн. рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.​Рай, Д.​Сарасваты, Рамакрышна, С.​Вівекананда, А.​Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;

Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;

Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.

А.​У.​Гурко.

Да арт. Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)