ВЕНЕ́ЦЫЯ

(Venezia),

Венета, вобласць на ПнУ Італіі. Пл. 18,4 тыс. км². Нац. 4,36 млн. чал. (1994). Уключае правінцыі Белуна, Венецыя, Верона, Вічэнца, Падуя, Равіга, Трэвіза. Адм. ц.г. Венецыя. Значныя гарады Падуя і Верона. Размешчана ва ўсх. ч. Венецыянскай нізіны і на схілах Даламітавых Альпаў (г. Мармалада, 3342 м).

Клімат умераны. Рэкі П’яве, Брэнта, Адыджэ, часткова По. На З воз. Гарда. У гарах захаваліся шыракалістыя і хвойныя лясы. Значны прамысл. раён краіны. Машынабудаванне (гідратурбіны, помпы, кампрэсары, станкі, с.-г. машыны) і металаапрацоўка, тэкст. прам-сць, асабліва выраб шарсцяных тканін. У раёне г. Венецыя сканцэнтравана каляровая металургія (вытв-сць гліназёму, алюмінію, цынку), суднабудаванне, нафтаперапрацоўка, нафтахімія, коксахімія, вытв-сць мінер. угнаенняў, чорная металургія, а таксама традыцыйная вытв-сць шкла і вырабаў з яго, мазаікі і філігранных упрыгажэнняў. Дрэваапрацоўка і харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы нізіннай часткі пераважае раслінаводства (пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, каноплі, тытунь, рыс, бабовыя, бульба); вінаграднікі, сады, аліўкавыя гаі. Шаўкаводства (правінцыя Трэвіза). У гарах жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства (порт К’ёджа). Горад Венецыя і воз. Гарда — цэнтры міжнар. турызму.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)