СТА́ФАРД (Stafford) Томас (н. 17.9.1930, г. Уэтэрфард, штат Аклахома, ЗША),
касманаўт ЗША. Ген.-лейт. ВПС (у адстаўцы). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1952), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1959). З 1962 у атрадзе касманаўтаў НАСА. 15—16.12.1965 з У.Шырам здзейсніў палёт на касм., караблі (КК) «Джэміні-6» (як 2-і пілот); 3—6.6.1966 з Ю.Сернанам — на КК «Джэміні-9» (як камандзір); 18—26.5.1969 з Дж.Янгам і Сернанам — на КК «Апалон-10» аблёт Месяца з выхадам на арбіту яго штучнага спадарожніка; 15—25.7.1975 з В.Брандам і Д.Слейтанам — на КК «Апалон» па праграме «ЭПАС». У космасе правёў 21,2 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Залатыя медалі «Космас» (ФАІ, 2).
У.С.Ларыёнаў.
т. 15, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’Е́КТ ПРА́ВА,
фізічная або юрыдычная асоба, якая валодае паводле закону здольнасцю мець і ажыццяўляць непасрэдна або праз прадстаўніка правы і юрыд. абавязацельствы. Неабходны элемент праваадносін ва ўсіх галінах права, але ў кожнай з іх яго суб’ект мае пэўную спецыфіку. Напр., у грамадзянскіх праваадносінах грамадзяне, чужаземцы і асобы без грамадзянства выступаюць як фіз. асобы; камерцыйныя і некамерцыйныя арг-цыі — як юрыд. асобы; трэці від суб’ектаў грамадзянскіх праваадносін складаюць дзяржава і дзярж. ўтварэнні. У адм. праваадносінах С.п. выступаюць у асноўным дзярж. органы, службовыя асобы, грамадзяне і толькі ў некат. выпадках — арг-цыі. Прызнаючы якую-н. асобу С.п., закон вызначае яго прававы статус, які характарызуе яго становішча адносна дзяржавы, дзярж. органаў, інш. асоб.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЬФІ́ТЫ,
солі і эфіры сярністай к-ты H2SO3. Найб. шырока выкарыстоўваюць неарган. С. — сярэднія (з аніёнам ) і кіслыя, ці гідрасульфіты (з аніёнам ), солі.
Сярэднія С. — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе (акрамя С. шчолачных металаў і амонію). Моцныя аднаўляльнікі; пры награванні ў паветры лёгка акісляюцца да сульфатаў. Пры награванні крышт. кіслых С. натрыю і калію ўтвараюцца солі пірасярністай к-ты H2S2O5 (у свабодным стане не вылучана) — пірасульфіты Na2S2O5 i K2S2O5 — крышт. рэчывы, пры t>160 °C раскладаюцца; аднаўляльнікі. Выкарыстоўваюць С. і пірасульфіты пры адбельванні і фарбаванні тканін, валокнаў, скуры, С. кальцыю [Ca(HSO3)2 i CaSO3] як дэзінфіцыруючыя сродкі ў вінаробстве і вытв-сці цукру, K2S2O5 як кампанент фіксажу ў фатаграфіі, антыаксідант, антысептык.
т. 15, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РЫ (англ. tory),
палітычная партыя ў Вялікабрытаніі ў канцы 17 — сярэдзіне 19 ст. Узнікла ў 1670—80-я г. як групоўка прыхільнікаў абсалютызму, да сярэдзіны 18 ст. канчаткова склалася як партыя зямельнай арыстакратыі і вярхоў духавенства, разам з вігамі стала адной з 2 вядучых партый брыт. двухпартыйнай сістэмы. З 1780-х г. да 1830 прадстаўнікі Т. няспынна панавалі ў парламенце і ўзначальвалі ўрады краіны. Становішча Т. падарвалі хлебныя законы 1815 і праведзеная ў 1832 вігамі парламенцкая рэформа, якая дала доступ у парламент прамысл. буржуазіі. У выніку вострай унутрыпарт. барацьбы ў сярэдзіне 19 ст. старая партыя Т. фактычна распалася, на яе аснове сфарміравана Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, за членамі якой захавалася неафіц. назва «торы».
т. 15, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСЦЭНДЭ́НТНАЕ,
тое, што выходзіць за межы пачуццёвага вопыту і эмпірычнага пазнання; прадмет метафізічнага і рэлігійнага пазнання. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы як супрацьлеглы іманентнаму. Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які тлумачыў Т. як тое, што выходзіць па-за межы чалавечага розуму і тэарэт. пазнання і становіцца прадметам веры (напр., Бог, бессмяротнасць душы і інш.), і супрацьпастаўляў Т. і трансцэндэнтальнае. У крытычнай анталогіі (Н.Гартман), крытычным рэалізме (Дж.Сантаяна), неакантыянстве пад Т. разумеюцца прадметы, незалежныя ад волі і свядомасці суб’екта і недаступныя пазнанню. У рэліг. філасофіі 20 ст. (неатамізм, рэліг. экзістэнцыялізм) да Т. адносіцца ўсё звышнатуральнае, што выходзіць па-за межы пазнавальных магчымасцей чалавека.
Н.Г.Кісялёва.
т. 15, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСГЕ́Н (ад грэч. phōs святло + genos род), дыхлорангідрыд вугальнай кіслаты,
галагенангідрыд, C(O)Cl2.
Бясколерны газ з пахам прэлага сена, tпл -118 °C, tкіп7,56 °C, шчыльн. 1381 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе (у растворы хутка гідралізуецца). Атрымліваюць узаемадзеяннем аксіду вугляроду CO з хлорам пры 125—150 °C над актываваным вугалем. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці фарбавальнікаў, полікарбанатаў, мачавіны і яе вытворных, лек. сродкаў, растваральнікаў і інш. Высокатаксічны; выклікае ацёк лёгкіх; ГДК у паветры рабочай зоны 0,5 мг/м³. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва (смяротная канцэнтрацыя 3,2 мг/л гіры экспазіцыі 1 мін; скрыты перыяд дзеяння 2—12 гадз).
т. 16, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСФІ́ТЫ,
солі і эфіры фосфарыстай к-ты H3PO3.
Ф. неарганічныя — солі H3PO3, крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе (за выключэннем Ф. шчолачных металаў); у водных растворах акісляюцца да ортафасфатаў (гл. Фасфаты). Пры награванні раскладаюцца. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнікі ў неарган. сінтэзе, стабілізатары полівінілхларыду (напр., Ф. свінцу). Ф. арганічныя — эфіры H3PO3 агульнай ф-лы (RO)NP(OH)3−n, дзе R — арган. радыкал. Адрозніваюць поўныя, ці трацічныя (n = 3), і кіслыя (другасныя, n = 2; першасныя, n = 1). Большасць Ф. — бясколерныя вадкасці (некат. — крышт. рэчывы) з непрыемным пахам, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для мадыфікацыі пластмас і тэкст. матэрыялаў, як антыаксіданты, паверхнева-актыўныя рэчывы (другасныя Ф.), у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў і інш.
т. 16, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУЭ́НТЭС (Fuentes) Карлас (н. 11.11.1928, Мехіка),
мексіканскі пісьменнік. Па адукацыі юрыст. Друкуецца з 1954. У раманах «Край бясхмарнай яснасці» (1958), «Смерць Артэміо Круса» (1962), «Стары грынга» (1985) падзеі мекс. рэвалюцыі, крытычнае даследаванне супярэчнасцей паслярэв. і сучаснай мекс. рэчаіснасці. Неаавангардысцкія прыёмы ў раманах «Змена скуры» (1967), «Дзень нараджэння» (1975). У фантасмагарычным рамане-эпапеі «Terra nostra» (1975), філас. раманах «Далёкая сям’я» (1980) і «Хрыстафор ненароджаны» (1987) ідэі часавага кругавароту: страта самакаштоўнасцей сучаснага, незнішчальная актуальнасць мінулага, якое выступае як інтэгравальны пачатак гіст. працэсу. Выступае як драматург (п’есы «Усе кошкі шэрыя», 1970; «Касавокі кароль», 1971, і інш.) і крытык-эсэіст. Аўтар цыкла навел «Спаленая вада» (1981).
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1983.
т. 16, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́ЗМ (ад грэч. holos цэлы, увесь),
метадалагічны прынцып, згодна з якім цэлае большае, чым сума яго частак. Сфармуляваны паўд.-афр. філосафам Я.Смэтсам у працы «Халізм і эвалюцыя» (1926). Цэлае ў Х. разумеецца як цэнтр. паняцце філасофіі, якое сінтэзуе ў сабе аб’ектыўнае і суб’ектыўнае, матэрыяльнае і духоўнае; выяўленнем цэлага лічыцца працэс эвалюцыі, які ў ходзе якасных пераўтварэнняў параджае новыя аб’екты (цэласнасці). Паводле Х., прынцып цэласнасці як арганічная сусв. субстанцыя нерасчляняльны і непазнавальны ў адрозненне ад інш. састаўляючай кожнай з’явы — мех. структурнасці, даступнай навук. пазнанню. Найвышэйшай формай арган. цэласнасці Х. прызнае чалавечую асобу. Ідэі Х. развівалі А.Меер-Абіх (Германія), А.Леман (Францыя); на прынцыпе Х. пабудаваны шэраг фундаментальных палажэнняў філасофіі навукі, фенаменалогіі і гештальтпсіхалогіі.
т. 16, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕЛМС (Helms) Сьюзен (н. 26.2.1958, г. Чарлстан, ЗША),
касманаўт ЗША. Магістр у галіне аэранаўтыкі. Скончыла Акадэмію ВПС ЗША (1980), Станфардскі ун-т (1985), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1988). З 1990 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 13—19.1.1993 — на КК «Індэвар», 9—20.9.1994 — на КК «Дыскаверы», 20.6—7.7.1996 — на КК «Калумбія», 19—25.5.2000 — на КК «Атлантыс» і Міжнар. касм. станцыі (МКС; як спецыяліст па палётах), 8.3—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» і МКС (як бортінжынер 2-й асн. экспедыцыі). У космасе правяла 211 сут 23 гадз; удзельнічала ў самым працяглым выхадзе ў адкрыты космас (9 гадз; 11.3.2001). 5 медалёў НАСА «За касмічны палёт».
У.С.Ларыёнаў.
т. 17, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)