род кветкавых раслін сям. плакуновых. Вядомы 4 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і Паўд. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца бутэрлак партулакавы (P. portula), вельмі рэдка чаргаваналісты (P. alternifolia). Растуць на вільготных глеяватых або пясчаных мясцінах: лясных дарогах, грунтавых агаленнях, берагах рэк і поймавых лугах.
Аднагадовыя травяністая расліны з сакаўнымі, часта чырванаватымі, распасцёртымі ці ўзыходнымі сцёбламі даўж. 5—20 см. Лісце супраціўнае ці чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, непрыкметныя, белыя або бледна-ружовыя, адзіночныя, на кароткіх кветканосах ці амаль сядзячых ў пазухах лісця. Плод — шарападобная каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСКІ́ў раслін,
адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКУ́ЧНІК (Gymnokarpium),
род папарацей сям. шчытоўнікавых, або апсідыевых. 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляюцца галакучнік трохраздзельны, або папараць Лінея (Gymnokarpium dryopteris), што расце групамі або зараснікамі ў хвойных (пераважна яловых) лясах, лясных ярах, і галакучнік Роберта (Gymnokarpium robertianum), які зрэдку трапляецца ў паўн. раёнах на вапнавых агаленнях у хвойных лясах.
Шматгадовыя папараці з тонкімі, часта галінастымі паўзучымі карэнішчамі, укрытымі светла-карычневымі шырокаяйцападобнымі лускавінамі. Лісце адзіночнае, прамастойнае, трохраздзельнае з двойчыперыстай пласцінкай, на ніжнім баку якой размешчаны сорусы са спорамі. Спараносяць у чэрв.—ліпені. Дубільныя і дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯВО́ЧЫ ВІНАГРА́Д (Parthenocissus),
род кветкавых раслін сям. вінаградавых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. Амерыкі, ва Усх. Азіі і на Гімалаях. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: Дз.в. пяцілісточкавы (P. quinquefolia), прымацаваны (P. inserta), трохвостраны (P. tricuspidata).
Дрэвавыя лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя ліяны з лазячымі сцябламі. Лісце зубчастае, цёмна-зялёнае, на доўгіх чаранках, увосень набывае пурпуровы колер. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя або толькі мужчынскія, з недаразвітай завяззю, сабраныя ў паўпарасонікі ці шчыткі. Плод — дробная шарападобная цёмна-шызая ягада. Дэкар.расліны. Размнажаюцца атожылкамі, чаранкамі, насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРЭ́ВА ЖЫЦЦЯ́»
(франц. l’arbe de vie),
неафіцыйная назва аднаго з відаў раслін роду туя. Так названа ў пач. 16 ст. каралём Францыі амер. расліна туя заходняя (Thuja occidentalis). Лічыцца таксама, што «Д.ж.» — пераклад нар. назвы азіяцкага віду туі, магчыма, туі ўсходняй (Th. orientalis), — адзінага віду падроду платыкладус, які некат. сістэматыкі вылучаюць у асобны род Biota.
Шматгадовазялёныя дрэвы або кусты з мяккай, але ўстойлівай да гніення драўнінай і шчыльным лускападобным лісцем. Як дэкар.расліны традыцыйна выкарыстоўваюцца на могілках і мемар. комплексах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭПАНАФІ́КУС (Drepanophycus),
род выкапнёвых раслін кл. дзеразападобных. Вядомы з адкладаў дэвону. Знаходкі Д. вядомы ў Казахстане, на Урале, у Бельгіі, Чэхіі, на Пн Амерыкі, Аўстраліі, на Шпіцбергене. Раслі на нізкіх узбярэжжах, якія перыядычна заліваліся вадой, што стварала мноства прамежкавых біятопаў (ад марскіх да кантынентальных). Найб. пашыраныя віды D. spinaeformis (тыповы від роду), D. gaspianus, D. crepinii, D. spinosus.
Травяністыя раслінывыш. да 1 м, з плоскім або акруглым у папярочным сячэнні шчацінкападобным лісцем, якое размешчана па спіралі. Лісце і сцёблы мелі шматлікія вусцейкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНІЦА (Sideritis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца Ж. горная (S. montana), рэдкі заносны від, расце на чыг. насыпах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцябло прамастойнае або каля асновы ўзыходнае, чатырохграннае, лямцава-касматае. Лісце лапацістае або эліпсоіднае, з падоўжанымі жылкамі, якія пераходзяць у зубчыкі з шыпікамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухгубыя, светла-жоўтыя, з чырвона-карычневым адгінам, у шматлікіх кальчаках. сабраных у несапраўдныя каласы. Плод — арэшак. Атрутная для коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАКРУ́Г (Jrommsdorfie),
род кветкавых раслін сям. астравых. 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўд. Амерыцы. На Беларусі трапляецца Ж. рабы (J. maculata) у хваёвых лясах, на палянах і ўзлесках.
Шматгадовыя травяністыя раслінывыш. 50—100 см, з тоўстым вертыкальным коранем, шурпата-валасістым прамым сцяблом і разеткай прадаўгаватых лістоў з характэрнай чырвонай жылкай. Кветкі залаціста-жоўтыя, язычковыя, духмяныя, у кошыках, размешчаных па 1—4 на верхавінках сцёблаў. Плод — сямянка, з чубком з перыстых валаскоў. Лек. (слабіцельны, змякчальны, процізапаленчы, антысептычны сродак) і кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЕ́НІЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер. солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.
Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.