ДЫСЕ́КТАР (ад дыс... + лац. seco рассякаю),
адзін з відаў перадавальных тэлевізійных трубак без назапашвання эл. зараду. Мае лінейную залежнасць паміж уваходным (аптычным) і выхадным (эл.) сігналамі, малую інерцыйнасць. Пад уздзеяннем святла фотакатод выпрамяняе паток электронаў, частка якога накіроўваецца ў другаснаэлектронны памнажальнік, узмацняецца і пераўтвараецца на выхадзе Д. ў відэасігнал. Выкарыстоўваецца ў прыкладных тэлевізійных сістэмах.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ДВЕЙТ (англ. deadweight, літар. мёртвы груз),
поўная грузападымальнасць судна (сумарная маса грузу, пасажыраў, экіпажа, паліва і інш.). Д. пры асадцы па грузавую марку — асн. эксплуатацыйная характарыстыка марскога судна. Д. роўны рознасці паміж водазмяшчэннем і ўласнай масай судна з гатовымі да дзеяння механізмамі (з запоўненымі паліўнымі трубаправодамі, вадой у катлах і цеплаабменніках і інш.).
т. 6, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІ ПРЫБЫ́ТАК,
даход, які атрымліваюць заснавальнікі акцыянернага таварыства пры яго арг-цыі і эмісіі акцый. Складае розніцу паміж сумай, атрыманай ад рэалізацыі акцый гэтага т-ва, і ўкладзеным у яго капіталам. З.п. узнікае або за кошт продажу акцый вышэй іх намінальнай вартасці, або за кошт павелічэння аб’ёму продажу акцый звыш устаноўленага акц. капіталу.
т. 6, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,
узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.
т. 7, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕФІ́Р,
1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з кручанай беленай пражы. Уздоўж асновы мае вузкія палоскі з патоўшчаных белых і тонкіх каляровых нітак, якія чаргуюцца паміж сабой і з белымі ніткамі. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву мужчынскіх кашуль.
2) Разнавіднасць пасцілы. Цукеркі шарападобнай ці прадаўгаватай формы, у параўнанні з пасцілой маюць больш пышную кансістэнцыю.
т. 7, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,
манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл. Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.
т. 7, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛІ́НІІ (ад іза + лінія),
лініі на геагр. картах, разрэзах і графіках, якія злучаюць кропкі з роўнымі колькаснымі значэннямі пэўнай велічыні. Даюць характарыстыку безупынных з’яў у некаторы перыяд або момант часу (напр., ізабары, ізабаты). Выкарыстоўваюцца пры картаграфаванні прыродных і сац.-эканам. з’яў, для атрымання іх колькаснай характарыстыкі і для аналізу карэляцыйных сувязей паміж імі.
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),
1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл. Дыэлектрыкі).
2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл. Ізалятар электрычны).
3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл. Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НАРЫ (Inari),
возера на Пн Фінляндыі. Размяшчаецца паміж усх. адгор’ямі Скандынаўскіх гор і градой Манселькя, на выш. 119 м, у шырокім паніжэнні тэктоніка-ледавіковага паходжання. Пл. 1050 км². Глыб. да 60 м. Берагі моцна парэзаныя, пераважна забалочаныя, каля 3 тыс. астравоў. Сцёк у Баранцава м. па р. Патсйокі. З ліст. да сак. ўкрыта лёдам.
т. 7, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСІ́ЙНЫ ГА́НДАЛЬ,
форма гандлю, у аснову якога пакладзены дагавор камісіі, заключаны паміж гандл. прадпрыемствамі і асобнымі грамадзянамі. Яго аб’ектамі могуць быць прадукты харчавання (ажыццяўляюць гандаль, напр., крамы спажывецкай кааперацыі і інш.), нехарчовыя тавары, у т. л. зробленыя ў парадку індывід. прац. дзейнасці, і прадукцыя вытв.-тэхн. прызначэння. За продаж тавараў прадпрыемствы К.г. бяруць камісійны збор.
т. 7, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)